§ 20. Зараджэнне капіталізму
| Сайт: | Профильное обучение |
| Курс: | Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас |
| Книга: | § 20. Зараджэнне капіталізму |
| Напечатано:: | Гость |
| Дата: | Wednesday, 5 November 2025, 02:29 |
Описание
Якія краіны Еўропы і чаму апынуліся лідарамі ў развіцці капіталізму?
Як праявіўся крызіс феадальных адносін у Еўропе канца эпохі Сярэднявечча? Якія змены адбыліся ў адносінах асабістай і пазямельнай залежнасці? Якія прагрэсіўныя змяненні адбываліся ў сельскай гаспадарцы заходнееўрапейскіх краін? Чаму гэтыя пераўтварэнні ажыццяўляліся павольна? Назавіце прыкметы капіталізму. (Гісторыя Сярэдніх вякоў, 6 клас; Гісторыя Новага часу, 7 клас)
1. Вытокі капіталізму
Што ж паслужыла штуршком да станаўлення новага эканамічнага ўкладу — капіталістычнага? Сярод даследчыкаў па гэтым пытанні няма адзінай думкі. Марксісты звяртаюць увагу на эканоміку, у прыватнасці на змяненне тыпу вытворчасці. Адбыўся пераход ад феадальнага спосабу вытворчасці, заснаванага на ручной сялянскай працы, да капіталістычнай гаспадаркі з машыннай вытворчасцю. Тэхналагічныя вынаходствы XV–XVI стст. у Еўропе, удасканаленне прылад працы, рост унутранага рынку прывялі да таго, што горад усё больш меў патрэбу ў прадукцыі сельскай гаспадаркі. Дробныя сялянскія гаспадаркі феадальнага тыпу ўжо не маглі задаволіць попыт, які ўзрастаў.
Іншыя даследчыкі лічаць, што значныя змены адбыліся ў свядомасці еўрапейцаў у сувязі з Рэфармацыяй. Бо рэфарматары заклікалі да гандлёвай і эканамічнай актыўнасці.
Ёсть і тыя, хто бачыць штуршок да развіцця капіталістычных адносін у знешніх фактарах. Страшная эпідэмія чумы (якую называлі «чорнай смерцю») у XIV ст. стварыла попыт на наёмную працоўную сілу ў еўрапейскай вёсцы. Гэта садзейнічала ломцы феадальнай сістэмы, што існавала. Падзенне ж Канстанцінопаля ў 1453 г. і, як вынік, перакрыццё туркамі гандлёвых шляхоў у Азію, заняпад гандлю італьянскіх гарадоў з Усходам прывялі Еўропу да гандлёвага крызісу. Еўрапейцы мелі патрэбу ў новых рынках і золаце, бо без гэтага складана было развіваць эканоміку. Яны вымушаны былі шукаць новыя шляхі ў заморскія краіны, што стала прычынай Вялікіх геаграфічных адкрыццяў, каланіяльнай экспансіі, а таксама фарміравання новых рынкаў.
2. Рост еўрапейскай эканомікі і гандлю, развіццё банкаўскай сістэмы
Пачынаючы з Позняга Сярэднявечча Еўропа перажывала змяненні, якія закранулі ўсе сферы сацыяльна-эканамічнага і палітычнага жыцця. Пачаў фарміравацца новы лад — капіталістычны. У Еўропе, у адрозненне ад краін Усходу, склаліся дзве найважнейшыя ўмовы, неабходныя для развіцця капіталізму: магчымасць назапашвання капіталу і наяўнасць свабодных працоўных рук.
Раслі патрэбы ў адзенні і іншых таварах, для вытворчасці якіх было неабходна больш рабочых. Многія людзі мігрыравалі з сельскай мясцовасці ў гарады. Гарадское насельніцтва расло і мела патрэбу ў прадуктах харчавання, таму ўзрасла патрэба і ў сельскагаспадарчых рабочых. Каб прадухіліць іх перасяленне ў гарады, землеўладальнікі павінны былі плаціць ім больш і здаваць зямлю ў арэнду па больш нізкім кошце.
Рост еўрапейскай эканомікі быў цесна звязаны таксама з мануфактурнай вытворчасцю. Мануфактуры ўпершыню з’явіліся ў Італіі яшчэ ў пачатку XIV ст. Гэта былі прадпрыемствы, заснаваныя на падзеле працы наёмных рабочых. Але праца заставалася ручной.
Гандляры прадавалі мануфактурныя вырабы ў сельскай мясцовасці, дзе затым куплялі збожжа і іншыя сельскагаспадарчыя тавары для продажу ў гарадах. Пашырыліся гандлёвыя сувязі і паміж краінамі.
Эканоміка Еўропы змянялася таксама дзякуючы развіццю банкаў і крэдытнай сістэмы. З цягам часу спачатку ў Італіі, а затым і ў Паўночнай Еўропе ўзніклі ўплывовыя дынастыі банкіраў.
Буйнейшымі банкірскімі дамамі Еўропы ў пачатку Новага часу былі сямействы Медычы ў Фларэнцыі і Фугераў у нямецкім горадзе Аўгсбург. Багатымі ліхвярамі лічыліся жыхары Ламбардыі. Еўрапейскія ліхвяры прадастаўлялі пазыкі пад высокі працэнт амаль усім правіцелям Еўропы, уключаючы папу рымскага і германскага імператара. З XVI ст. узніклі не толькі прыватныя, але і дзяржаўныя банкі.
У XV ст. у Еўропе з’явіліся і першыя біржы, якія да XVII ст. былі прадстаўлены практычна ў кожным гандлёвым еўрапейскім горадзе. Слова «біржа» абазначала спецыяльны будынак для правядзення фінансавых і гандлёвых здзелак. Прадпрымальнікі выстаўлялі ўзоры сваіх тавараў, падпісвалі кантракты, атрымлівалі грашовыя крэдыты, набывалі каштоўныя паперы, якія нярэдка выконвалі функцыю грошай.
3. Гандлёвая рэвалюцыя і рэвалюцыя цэн
XVI ст. стала перыядам пашырэння еўрапейскага знешняга гандлю і пачатку фарміравання сусветнага рынку. Гэты працэс увайшоў у гісторыю пад назвай гандлёвая рэвалюцыя. Еўропа звязала гандлёвымі шляхамі розныя кантыненты (Афрыку, Амерыку, Азію і Аўстралію), якія ператварыліся ў рынкі збыту еўрапейскіх тавараў. Міжнародны гандаль з Міжземнамор’я перамясціўся ў зону Атлантычнага акіяна. Гэта садзейнічала ўзвышэнню новых дзяржаў — Іспаніі і Партугаліі, а пазней Галандыі і Англіі. Небывалы рост міжнароднага гандлю садзейнічаў з’яўленню вялікага аб’ёму грашовай масы. Так стала магчымая арганізацыя вялікіх прадпрыемстваў.
Яшчэ адной важнай падзеяй першай паловы стагоддзя стала рэвалюцыя цэн — рэзкі рост кошту тавараў і спад рэальнага кошту грошай. Прычынай гэтага быў паток золата з Амерыкі, а таксама частае псаванне манет з высакародных металаў.
У такой сітуацыі прадпрымальнікі імкнуліся хутчэй пускаць грошы ў абарачэнне (укладваць у куплю тавараў, будаўніцтва мануфактур), бо адкладаць манеты, якія з кожным днём таннелі, аказалася нявыгадным. Высокія цэны і адносна нізкія заробкі наёмных рабочых забяспечвалі класу капіталістаў, які зараджаўся, звышпрыбыткі.
Не ўсе дзяржавы разумна распарадзіліся прытокам каштоўных металаў. Іспанія і Партугалія выкарыстоўвалі грошы не на развіццё вытворчасці, а на войны, што прывяло гэтыя краіны ў рэшце рэшт да заняпаду. Галандыя ж і Англія паспяхова ўкладвалі сродкі ў вытворчасць і гандаль.
4. Першапачатковае накапленне капіталу
Гандлёвая рэвалюцыя і рэвалюцыя цэн сталі перадумовамі працэсу першапачатковага накаплення капіталу. Слова «капітал» узнікла яшчэ ў XII—XIII стст. Яно абазначала каштоўнасці, г. зн. грошы, якія прыносяць прыбытак. Новы лад — капіталізм — можна вызначыць як сістэму, пры якой імкненне да максімальнага прыбытку зрабілася пабуджальным матывам усіх дзеянняў. Укладзены капітал павінен быў прыносіць пастаянны прыбытак.
Што ж стала першапачатковай крыніцай капіталу? Капіталізм пачаў фарміравацца не ў сферы вытворчасці, а ў сферах гандлю і фінансаў. Бо самыя высокія прыбыткі прыносілі ліхвярства, банкаўскія аперацыі, але асабліва заваяванні і міжнародны гандаль, часта звязаны з вялікай рызыкай. З Амерыкі, Азіі і Афрыкі ў Еўропу хлынуў паток каштоўных металаў. У XVI ст. запасы серабра ў ёй патроіліся, а золата — узраслі на 20 %. Таксама Еўропа ўзбагачалася за кошт гандлю рабамі і прыправамі, каланіяльнага экспарту і імпарту, а некаторыя краіны, такія як Англія, яшчэ і за кошт карсараў. Усё гэта прывяло да назапашвання вялікіх сродкаў і прыкметнага ўзрастання ролі грошай у еўрапейскай эканоміцы.
Як правіла, зацікаўленым бокам развіцця капіталістычных адносін была дзяржава, у распараджэнні якой знаходзіліся розныя спосабы здабыць першапачатковы капітал.
Усё большую ролю ў эканоміцы адыгрываў пратэкцыянізм (ад лац. protectio — ахова, заступніцтва) — палітыка дзяржавы, накіраваная на абарону і заахвочванне сваёй вытворчасці шляхам абмежавання ўвозу ў краіну прадукцыі з іншых краін.
5. Прадпрымальніцтва і капіталісты
Надзея на высокія прыбыткі ўцягвала многіх купцоў у заморскія прадпрыемствы. Яны імпартавалі ў Еўропу вострыя прыправы, цукар, шоўк і іншыя тавары, што карысталіся попытам.
Аднак міжнародны гандаль быў рызыкоўным і дарагім. Гандляру трэба было падрыхтаваць карабель і наняць каманду на час доўгага і небяспечнага плавання. Ён павінен быў таксама закупіць вялікую партыю тавараў, не ведаючы, якую цану заплаціць пакупнік у Еўропе.
Гандляроў, якія былі гатовы пайсці на рызыку, разлічваючы на высокія даходы, пачалі называць прадпрымальнікамі. Нярэдка свой гандлёвы капітал яны ўкладвалі ў мясцовую вытворчасць, развіваючы тым самым эканомікі сваіх дзяржаў. Яны таксама пашыралі гандаль за кошт наладжвання новых кантактаў з рознымі рэгіёнамі свету. Такім чынам, прадпрымальнікі садзейнічалі ператварэнню еўрапейскай эканомікі з лакальнай сістэмы ў складаную міжнародную.
Новыя капіталісты Еўропы імкнуліся не проста зарабіць на жыццё, але і павялічыць сваё багацце. Уладальнікі мануфактур, а пазней — фабрык і заводаў, плацілі за сыравіну і працу настолькі мала, наколькі было магчыма. Прадавалі ж вырабленую прадукцыю максімальна дорага. Гэты «капіталістычны дух» можна ахарактарызаваць такімі словамі: «Дайце мне зарабляць столькі, колькі я магу».
Зарабляць Фугерам і іншым банкірам перашкаджала пазіцыя каталіцкай царквы, якая асуджала ліхвярства, лічачы яго смяротным грахом і самай страшнай заганай. Большасць ліхвяроў-банкіраў ігнаравалі пазіцыю царквы. Паступова роля рэлігіі слабела, што спрыяла росту фінансавага капіталу і прадпрымальніцтва на тэрыторыі Заходняй Еўропы.
6. Гандлёвыя кампаніі і палітыка меркантылізму
Купцы мелі патрэбу ў капітале, або вялікіх сумах грошай, каб укласці іх у справу або гандлёвае прадпрыемства. Колькасць гандлёвых кампаній расла з незвычайнай хуткасцю.
Гандляры таксама стваралі акцыянерныя таварыствы для фінансавання новых спраў. Нярэдка прадпрымальнікі аб’ядноўвалі капіталы і засноўвалі прыватную гандлёвую кампанію. Затым яны прадавалі акцыі сваёй кампаніі іншым укладчыкам (інвестарам). Калі такое акцыянернае таварыства збірала дастатковы капітал, яно рыхтавала заморскую экспедыцыю. Пасля вяртання карабля кожны інвестар або атрымліваў сваю долю даходу, або дзяліў з кампаньёнамі страты. Часам гандлёвыя кампаніі атрымлівалі ад еўрапейскіх манархаў манапольнае, інакш кажучы, выключнае права на вытворчасць чаго-небудзь або гандаль з якой-небудзь краінай.
Менавіта так была створана ў 1600 г. брытанская Ост-Індская кампанія, якая атрымала ад кароны шэраг прывілей на гандаль з Індыяй.
У XVI ст. еўрапейскія манархі цудоўна разумелі, што іх улада залежыць ад таго, наколькі добра развіты эканоміка і міжнародны гандаль іх краін. Верылі яны і ў тое, што ключом да эканамічнай магутнасці з’яўляюцца каштоўныя металы. Значыць, дзяржава павінна назапашваць як мага больш золата.
Аднак дзяржава не проста захоўвала каштоўны метал. Іспанія, напрыклад, выкарыстоўвала здабытае ў Новым Свеце золата для куплі такіх тавараў, як гарматы, стрэльбы, лес і шоўк. Паколькі Іспанія імпартавала больш тавараў, чым экспартавала, яе золата ішло ў іншыя краіны. Выснова была відавочная: гандаль з’яўляецца больш важным для дзяржавы, чым проста збіранне золата.
У XVII ст. узнікла новая эканамічная тэорыя — меркантылізм (ад італ. mercante — гандляр, купец). Меркантылісцкія ідэі зводзіліся да таго, што эканамічная магутнасць дзяржавы залежыць ад захавання і павелічэння яе залатога запасу пры дапамозе перавагі экспарту тавараў над іх імпартам.
Меркантылісты лічылі, што правіцелі павінны рэгуляваць гандаль і прамысловасць, каб дзяржава магла існаваць і развівацца за кошт сваіх унутраных рэсурсаў. Яны былі перакананыя, што манархі абавязаны падтрымліваць прамысловасць, напрыклад караблебудаванне, таму што новыя караблі патрэбныя для развіцця гандлю.
Важнае месца ў гэтай тэорыі адводзілася калоніям: яны маглі забяспечваць сыравінай прамысловасць метраполіі. У той жа час калоніі служылі рынкам збыту мануфактурных тавараў з метраполіі.
7. Пачатак прамысловай рэвалюцыі
У XVIII ст. на змену гандлёваму капіталізму, заснаванаму на меркантылізме, прыйшоў прамысловы капіталізм. Гэтая знамянальная падзея ўвайшла ў гісторыю пад назвай прамысловай рэвалюцыі.
Яна азначала пераход ад мануфактурнай вытворчасці, заснаванай на ручной працы, да фабрычнай. Асноўным адрозненнем фабрык — вялікіх прадпрыемстваў — ад мануфактур было выкарыстанне машын. З вынаходствам складаных грувасткіх механізмаў прадпрымальнікам стала выгадна размяшчаць у адным месцы рабочых і машыны.
Прамысловая рэвалюцыя, або прамысловы пераварот, пачалася з Англіі. Асноўнай яе перадумовай стала вынаходства паравога рухавіка. Яго пачалі выкарыстоўваць на параходах, паравозах і станках. Вынаходства механічнага ткацкага станка (прасніцы Джэні) прывяло да ўзнікнення магутнай тэкстыльнай прамысловасці ў Англіі, тавары якой актыўна прадаваліся ва ўсім свеце. Упершыню Англію сталі называць «майстэрняй свету». Немалы ўклад у прамысловы пераварот унесла брытанская вугальная прамысловасць, што развівалася хуткімі тэмпамі.
Вялікія запасы вугалю і жалезнай руды забяспечылі Англію неабходным матэрыялам для стварэння паравых машын і пáлівам для іх. Будучы каланіяльнай дзяржавай, Англія мела доступ да сыравіны па ўсім свеце. Яна таксама атрымала вялізны рынак збыту вырабленых тавараў.
За адносна кароткі перыяд еўрапейская цывілізацыя моцна змянілася як знешне, так і ўнутрана. Яе геаграфічнае пашырэнне стала пачаткам фарміравання глабальнага свету. Гэты працэс суправаджаўся ўцягваннем у арбіту еўрапейскага ўплыву новых тэрыторый і народаў. Але галоўнае было ў тым, што ў нетрах еўрапейскай цывілізацыі зарадзіўся ўнікальны тып грамадскай сістэмы — капіталізм.
Пытанні
1. Якія фактары садзейнічалі фарміраванню капіталістычных адносін?
2. Як развіццё банкаў і крэдытнай сістэмы паўплывала на эканоміку?
3. Складзіце схему «Рэвалюцыя цэн», абапіраючыся на наступныя пазіцыі: прычыны рэвалюцыі цэн; час яе ўзнікнення; сутнасць гэтай з’явы; наступствы рэвалюцыі цэн для розных слаёў насельніцтва і феадальнай сістэмы гаспадаркі ў цэлым.
4. Дакажыце, што гандаль у XVI ст. прыняў сусветны характар. Якія працэсы ў эканоміцы еўрапейскіх краін садзейнічалі пашырэнню гандлёвых сувязяў?
5. Ахарактарызуйце паняцце «капіталізм» у форме сінквейна.
6. Растлумачце прычынна-выніковую сувязь паміж экспартам тавараў і палітыкай меркантылізму.
7. Пацвердзіце інфармацыяй параграфа, што акцыянернае таварыства — гэта гаспадарчае таварыства, увесь капітал якога падзелены паміж яго ўдзельнікамі.
8. Складзіце схему (ментальную карту, гекс), што адлюстроўвае перадумовы прамысловай рэвалюцыі, яе храналагічныя рамкі.







