§ 6. Старажытны Рым

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 6. Старажытны Рым
Напечатано:: Гость
Дата: Tuesday, 4 November 2025, 23:38

Описание

Якія прычыны садзейнічалі ўзвышэнню Рымскай дзяржавы?
Якія асаблівасці дзяржаўнага кіравання і сацыяльных адносін у старажытнаўсходніх дзяржавах і ў Старажытнай Грэцыі вы можаце назваць? Успомніце азначэнні паняццяў «антыч­насць», «элінізм», «грамадзянская вайна», «рэспубліка», «манархія». (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас)

1. Прыродныя ўмовы і заняткі насельніцтва Апенінскага паўвострава

На Апенінскім паўвостраве ўмовы для вядзення гаспадаркі былі нашмат больш спрыяльнымі, чым на Балканскім. З поўначы яго абаранялі ад халодных вятроў Альпійскія горы, таму клімат тут быў мяккі з цёплымі зімамі. Цэнтральныя раёны паўвострава займалі горы. На іх схілах можна было вырошчваць вінаград і пасвіць жывёлу. Горы часам блізка падыходзілі да мора, утвараючы даліны. У Італіі было шмат раўнін, прыдатных для земляробства. Там у значнай колькасці вяліся дзікія жывёлы.

Рэкі паўвострава былі невялікімі, але затое іх было шмат, урадлівыя даліны заўсёды дазвалялі вырошчваць пшаніцу, вінаград, алівы, весці садовую гаспадарку. З даўніх часоў на тэрыторыі сучаснай Італіі культывавалі многія пладовыя дрэвы, завезеныя з усяго Міжземнамор’я: яблыні, грушы, персікі, чарэшні, гранаты, інжыр, слівы і інш. Напрыклад, вырошчвалі ўжо 32 гатункі яблыкаў. Такімі ж разнастайнымі былі агарод­ныя культуры, асабліва любілі жыхары гэтых зямель капусту. Яе ў вялікай колькасці заквашвалі на зіму. Мноства сакавітых траў у далінах вызначыла тое, што асноўным заняткам насельніцтва стала развядзенне буйной рагатай жывёлы. Таксама традыцыйна разводзілі коз, авечак, свіней.

Развіццё сельскай гаспадаркі ў Рыме дасягнула высокага ўзроўню. Выкарыстоўваліся шматлікія прылады працы, механізмы. Шмат увагі ўдзялялася розным спосабам вядзення гаспадаркі, пра гэта рымляне пісалі спецыяльныя трактаты.

Спрыяльныя прыродныя ўмовы садзейнічалі разнастайнасці рацыёну старажытных рымлян, што пазітыўна ўплывала на працягласць жыцця. Аснову харчавання складалі не толькі прадукты земляробчай гаспадаркі, як гэта было ў некаторых старажытнаўсходніх цывілізацыях. У рацыён уваходзілі мяса розных дзікіх і свой­скіх жывёл, дзікай і свой­скай птушкі, рачная і марская рыба, сыр. Самым папулярным быў суп з буракоў і капусты, які мы назвалі б баршчом.

У Альпійскіх і Апенінскіх гарах здабывалі жалезную руду, волава, медзь, серу, мармур. У вусці ракі Тыбр знаходзіліся вялікія запасы солі і гліны. Карысныя выкапні давалі магчымасць развіваць розныя рамёствы, гандляваць многімі матэрыяламі.

2. Кіраванне цароў ў Рыме

На Апенінскім паўвостраве пражывала вялікая колькасць плямёнаў, якія размаўлялі на розных мовах і мелі розныя звычаі. Гэта кардынальна адрознівала сітуацыю ў Італіі ад той, якая склалася ў Старажытнай Грэцыі, дзе насельніцтва полісаў было роднасным з пункту гледжання мовы і культуры.

Старажытны Рым узнік з некалькіх паселішчаў, у якіх пражывалі розныя плямёны, як невялікі горад-­дзяржава ў Цэнтральнай Італіі. Датай яго заснавання лічыцца 753 г. да н. э. Яе вызначыў старажытнарымскі вучоны Варон у I ст. да н. э. Аднак археолагі знайшлі сляды старажытнага паселішча лацінаў на ўзгорку Палацін, якія адносяцца яшчэ да Х ст. да н. э.

Рым царскага перыяду быў яшчэ прымітыўным грамадствам, яго інстытуты фарміраваліся на падставе інстытутаў радавога грамадства (племянны правадыр, рада родаплемянной знаці, народны сход з мужчын, аб’яднаных агульнай родаплемянной прыналежнасцю), якое знаходзілася на стадыі разбурэння. Але ў рымскім грамадстве ўжо не было радавой роўнасці. Родаплемянной знаці (патрыцыям) належала ўлада і багацці, галоўным з якіх была зямля. Простыя ж людзі (плебеі) не маглі стаць сенатарамі або царамі і мелі права толькі на невялікія надзелы зямлі. За неаддадзеныя даўгі іх маглі ператварыць у рабоў. Толькі патрыцыі ўдзельнічалі ў народных сходах.

Цары ў Рыме выбіраліся на народным сходзе, рашэнні якога зацвярджаў сенат (рада старэйшын). Цар быў военачальнікам, вярхоўным жрацом і суддзёй. Найважнейшыя рашэнні ён прымаў сумесна з сенатам.

Рым з самага пачатку сваёй гісторыі вызначаўся вялікай агрэсіўнасцю ў адносінах да суседзяў. Рымляне пастаянна вялі захопніцкія вой­ны, вайсковая доблесць была для іх адной з найвышэйшых каштоўнасцяў.

Шосты рымскі цар Сервій Тулій правёў важныя рэформы, у выніку якіх правы рымлян вызначаліся ўжо не столькі знатнасцю паходжання, колькі памерам маёмасці. Гэта быў важны крок у фарміраванні рымскага грамадства — ​цывітас. У народных сходах з гэтага часу ўдзельнічалі і патрыцыі, і плебеі. У залежнасці ад памеру багацця рымляне былі падзелены на 5 разрадаў, а шосты разрад склалі незаможныя — ​пралетарыі (іх так называлі таму, што ў час цэнзу гэтыя беднякі не маглі прад’явіць ніякага багацця, акрамя ўласных нашчадкаў — ​«пролес»). Кожны з разрадаў выстаўляў пэўную колькасць атрадаў воінаў — ​цэнтурый (соцень). Самы багаты першы разрад адпраўляў на вайну больш цэнтурый, чым усе астатнія разрады, разам узятыя (воіны ўзбройваліся за ўласныя сродкі).

У 509 г. да н. э. рымляне паўсталі супраць самаўпраўства цара Тарквінія Ганарыстага і выгналі яго. Царская ўлада ў Рыме была ліквідаваная. Як і старажытнагрэчаскія полісы, Рым не пайшоў па шляху старажытнаўсходніх манархій-­дэспатый, у ім умацавалася супольнасць грамадзян, а формай дзяржавы стала рэспубліка.


3. Рымская рэспубліка

Рэспубліка — ​«Res publica Populi Romani», або «грамадская справа рымскага народа» — ​такую назву атрымала дзяржава рымлян. Форму дзяржаўнага кіравання, пры якой грамадзяне валодаюць наборам найважнейшых палітычных правоў і выбіраюць органы кіравання дзяржавай, на ўзор Рыма называюць рэспублікай дагэтуль.

Вышэйшым дзяржаўным і заканадаўчым органам Рыма быў народны сход. На народных сходах выбіраліся службовыя асобы, якія ажыццяўлялі выканаўчую і судовую ўладу (магістраты). Аднак сходы не мелі заканадаўчай ініцыятывы, праекты законаў прапаноўваліся не прысутнымі грамадзянамі, а магістратамі і сенатам.

Вышэйшымі магістратамі Рыма былі консулы. Гэта была пасада калегіяльная (два консулы) і кароткатэрміновая (консулы выбіраліся на адзін год). Консулы былі галоўнакамандуючымі рымскай арміяй, якая ўяўляла сабой апалчэнне грамадзян-­воінаў, склікалі народныя сходы, прапаноўвалі законы. На народных сходах выбіраліся таксама прэтары (у веданні якіх былі судовыя справы), квестары (скарбнікі), цэнзары (якія праводзілі цэнзы) і іншыя магістраты.

Надзвычайнай магістратурай была пасада дыктатара. Дыктатар звычайна назначаўся сенатам у выпадку ўзнікнення вялікай небяспекі для Рыма. Ён атрымліваў усю паўнату ўлады. Яго паўнамоцтвы абмяжоўваліся паўгадавым тэрмінам, на працягу якога ён павінен быў ліквідаваць небяспеку, што навісла над Рымам, каб затым пайсці з пасады.

Асаблівая роля ў палітычным ладзе Рымскай рэспублікі належала сенату. Ён фарміраваўся з былых магістратаў (тых, у каго скончыўся тэрмін паўнамоцтваў). Гэты орган ператварыўся ў Рыме фактычна ва ўрад, які забяспечваў пастаянства і пераемнасць унутранай і знешняй палітыкі. Сенат таксама кантраляваў дзяржаўную казну.

У першыя два стагоддзі існавання Рымскай рэспублікі ў ёй разгарнулася барацьба паміж плебеямі і патрыцыямі. Плебеі патрабавалі роўных з патрыцыямі правоў на заваяваныя землі, адмены даўгоў і даўгавога рабства, права выбірацца магістратамі (паколькі консулы і іншыя магістраты выбіраліся толькі з патрыцыяў і толькі з іх фарміраваўся сенат).

Гэтая барацьба была не такая вострая і крывавая, як у Старажытнай Грэцыі (Рым не ведаў і тыраніі), але яна аказалася доўгай. На працягу V–IV стст. да н. э. плебеі дабіліся выканання сваіх галоўных патрабаванняў. Была заснавана і асаблівая магістратура народнага трыбуна (абаронцы плебеяў). Адсутнасць вострых формаў барацьбы ўнутры рымскага грамадства, яго мілітарызацыя (рымскія грамадзяне былі ўмелымі і дасведчанымі воінамі), адмысловая дыпламатыя з’яўляліся асноўнымі прычынамі поспеху Рыма ў вой­нах з суседзямі. Ужо тады рымляне ў сваёй знешняй палітыцы кіраваліся прынцыпам «раздзяляй і ўладар». Яны стараліся не дапусціць аб’яднання сваіх праціўнікаў у вой­нах. Той жа прынцып рымляне ажыццяўлялі і на скораных імі тэрыторыях. Пераможаным яны давалі розныя правы, каб у тых было як мага менш агульных інтарэсаў. Поўнымі правамі валодалі толькі грамадзяне Рыма.

Пасля працяглых вой­наў, якія Рым вёў у V–III стст. да н. э. з рознымі плямёнамі, яму ўдалося падпарадкаваць практычна ўвесь паўвостраў.

4. Пачатак шырокай ваеннай экспансіі і стварэнне прафесійнай арміі. Крызіс рэспубліканскай сістэмы

Каля сярэдзіны III ст. да н. э. Рым пачаў экспансію за межамі Апенінскага паўвострава. Там магутнасць Рыма, што ўсё ўзрастала, сутыкнулася з інтарэсамі вядучых дзяржаў Міжземнамор’я.

На 120 гадоў расцягнулася супрацьстаянне Рыма і Карфагена, магутнага горада-­дзяржавы, заснаванага фінікійцамі ў Паўночнай Афрыцы, які ўжо здолеў падпарадкаваць многія тэрыторыі Заходняга Міжземнамор’я. На працягу трох Пунічных вой­наў (264–146 гг. да н. э.) фартуна не раз адварочвалася ад рымлян і карфагеняне пагражалі захапіць Рым. Але Карфаген усё ж такі быў разгромлены.

Да канца II ст. да н. э. Рым падпарадкаваў сабе Македонію, Грэцыю, Іспанію, з’явілася і рымская правінцыя ў Малой Азіі. Цяпер Рым стаў гегемонам усяго Міжземнамор’я.

З аднаго боку, пераможныя вой­ны садзейнічалі хуткаму эканамічнаму развіццю Рыма і абагачэнню часткі яго грамадзян. У Рым паступалі тавары з усяго Міжземнамор’я, гандаль і рамяство квітнелі. Прыток рабоў даў магчымасць выкарыстоўваць новыя працоўныя рукі ў земляробстве.

З іншага боку, вой­ны вельмі цяжка адбіліся на небагатых рымскіх грамадзянах. Уладальнікі невялікіх зямельных участкаў, якія служылі ў арміі, апыналіся ў даўгах і хутка разараліся за гады вайны. Гэта выклікала сацыяльныя канфлікты, а ў хуткім часе магло знішчыць рымскую армію.

Унутраны крызіс быў вырашаны ў ходзе пераўтварэнняў у арміі. Паколькі вярнуць землеўладальнікам іх надзелы было немагчыма, можна было збяднелых грамадзян прызваць на ваенную службу. У 107 г. да н. э. гэта зрабіў рымскі палкаводзец Гай Марый. Ён пачаў набіраць грамадзян у легіёны на працяглую службу, нават калі яны ўжо не валодалі зямлёй. Бедната пачала масава запісвацца ў легіёны, не маючы ніякіх спадзяванняў наладзіць жыццё ў самім Рыме. Зброю і ўсё неабходнае легіянер цяпер атрымліваў ад дзяржавы. Служба стала шматгадовай, так што армію таго часу можна ўжо назваць прафесійнай. Аплату легіянеры атрымлівалі ад палкаводца, таму цяпер былі зацікаўлены ў яго перамогах. Пасля заканчэння службы ім абяцалі атрыманне зямельных надзелаў, але не ў Італіі, а на заваяваных землях. Такім чынам, армія стала залежаць ад удачлівых вое­начальнікаў. Гэтая рэформа на доўгія гады зрабіла рымскую армію эфектыўнай. Пры гэтым багатыя рымляне атрымлівалі магчымасць не служыць у арміі. Аднак падрывалася адна з асноў рымскай цывітас — ​абавязак кожнага грамадзяніна быць воінам.

У новых умовах паспяховыя палкаводцы маглі паспрабаваць выкарыстаць свае легіёны ў палітычнай барацьбе за ўладу ў Рыме. Гэтая новая палітычная рэальнасць праявілася вельмі хутка, калі ў 83 г. да н. э. пачалася грамадзянская вайна, якая паклала пачатак цэлай серыі такіх сутыкненняў. Супраць аўтарытэту Гая Марыя выступіў іншы палкаводзец — ​Карнэлій Сула. Грамадзянскія вой­ны і ўнутраная барацьба ў Рыме суправаджаліся змовамі, тэрорам, канфіскацыямі маёмасці. Усё гэта падрывала рэспубліканскі лад.

5. Рымская імперыя: ад супольнасці грамадзян да грамадства падданых

Рымскі палкаводзец Гай Юлій Цэзар (100–44 гг. да н. э.) пачаў паход на поўнач ад Альпаў супраць плямёнаў галаў (кельтаў) у 58 г. да н. э. Праз 8 гадоў тэрыторыя была падпарадкавана і ўзнікла правінцыя Галія. Упершыню ваенны ўплыў Рыма пашырыўся на землі ў Еўропе за межамі Міжземнамор’я і на поўнач ад Альпійскага горнага хрыбта.

Вярнуўшыся з вернымі легіёнамі ў Рым і атрымаўшы перамогу ў грамадзянскай вайне, Юлій Цэзар быў абвешчаны пажыццёвым дыктатарам (гэтую пасаду ў Рыме займаў палкаводзец з неабмежаванай уладай, але гэта традыцыйна адбывалася ў перыяд вайны, а не міру). Адначасова ён атрымаў пасады консула, народнага трыбуна, цэнзара і вярхоўнага жраца. Прыхільнікі рэспублікі ў сенаце палічылі гэта знішчэннем каштоўнасцяў рэспубліканскага кіравання. У выніку змовы ў 44 г. да н. э. Цэзар быў забіты.

Аднак рэспубліканскі лад не быў адноўлены. Ва ўмовах пастаянных канфліктаў палкаводцаў толькі моцная цэнтралізаваная ўлада магла вярнуць стабільнасць дзяржаве. Да ўлады прыйшоў усыноўлены Цэзарам Актавіян. Менавіта Актавіян, які атрымаў у 27 г. да н. э. тытул-імя Аўгуст, канчаткова ўсталяваў манархію ў Рыме.

Актавіян абвясціў, што хоча захаваць рэспубліку, і адмовіўся стаць пажыццёвым дыктатарам. Ён узяў тытул імператара як галоўнакамандуючы рымскай арміяй. І з гэтага часу правіцелі Рыма таксама насілі гэты тытул, таму рымскую дзяржаву з часоў Актавіяна Аўгуста гісторыкі называюць імперыяй.

Але знешне дзяржаўны лад амаль не змяніўся, і рымляне працягвалі называць Рым рэспублікай. Дзейнічаў сенат, выбіраліся магістраты, якія затым папаўнялі сенат. І рымляне не адразу зразумелі, што насамрэч іх дзяржава ператварылася ў манархію, а яны — ​у падданых імператара.

Для рымлян было непрымальным падпарадкаванне масы бяспраўных падданых адзінаўладным валадарам з іх вялізным апаратам нікім не выбраных чыноўнікаў, як у манархіях Усходу. Як і грэкі, яны называлі гэтых людзей варварамі. Актавіян не дазваляў называць яго царом або гаспадаром. Важнай для яго была пасада першага сенатара (прынцэпса), якая давала яму права выступаць першым у сенаце. У выпадку адхілення яго прапаноў Аўгуст мог скарыстаць права «вета», паколькі яго выбралі пажыццёва народным трыбунам. Фактычна рашэнні сената прымаліся па ўказанні імператара-­прынцэпса. А пасля яго смерці перасталі склікацца народныя сходы, прыняцце законаў і выбары магістратаў пачалі ажыццяўляцца ў сенаце.

Пярэчыць імператару было немагчыма, таму што ён камандаваў прафесійнай арміяй — ​яго галоўнай апорай. Аўгуст і наступныя імператары стварылі свой апарат чыноўнікаў, які дзейнічаў паралельна з магістратамі. Імператар сам назначаў чыноўнікаў з ліку самых адданых яму людзей, іх ніхто не выбіраў. Чыноўнікі кіравалі асобнай імператарскай казной, самымі багатымі правінцыямі, былі памочнікамі імператара ў кіраванні дзяржавай. Амаль тры стагоддзі імператарская адміністрацыя дзейнічала паралельна з выбарнымі ў сенаце магістратамі.

У 212 г. да н. э. амаль усё свабоднае насельніцтва Рымскай імперыі атрымала правы рымскіх грамадзян. Але насамрэч галоўных грамадзянскіх правоў яны былі пазбаўлены. Не яны, а сенат на чале з прынцэпсам-­імператарам прымаў законы, у сенаце ж выбіралі і магістратаў, уплыў якіх на кіраванне дзяржавай няўхільна змяншаўся. А сенат фарміраваўся па волі імператара.

Супраціўляцца гэтаму было немагчыма: рымская армія стала не апалчэннем узброеных грамадзян, а наёмным прафесійным вой­скам, падпарадкаваным імператару і залежным ад яго. Так паступова грамадзяне Рыма ператвараліся ў падданых імператара.

У канцы I ст. да н. э. — ​I ст. н. э. Рымская імперыя дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Яе межы распасціраліся ад берагоў Атлантычнага акіяна да Егіпта і Арменіі, ад паўнаводных рэк Рэйна і Дуная ў Еўропе да пустыні Сахара ў Афрыцы. На тэрыторыі імперыі пражывала, па падліках сучасных гісторыкаў, больш за 40 млн чалавек. Але агрэсіўная моц Рыма слабела, патрабавалася ўсё больш рэсурсаў і сіл, каб утрымаць у падпарадкаванні вялізныя масы насельніцтва і тэрыторыі. Кіраванне імператараў II ст. н. э. было названа «залатым векам»: пасля Рымская імперыя адмовілася ад новых заваёў, галоўным клопатам яе правіцеляў стала абарона рубяжоў імперыі.

III ст. было стагоддзем бурных узрушэнняў. На Рымскую імперыю абрынуліся плямёны варвараў, у асноўным германцаў. Яна знаходзілася на мяжы краху, але здолела ўстояць. У канцы III ст. яе адзінства было адноўлена імператарам Дыяклетыянам. Ён адкінуў шырму рэспубліканскіх устаноў, і манархічны лад Рыма больш нічым не маскіраваўся. Усімі дзяржаўнымі справамі кіраваў імператар, абапіраючыся на вялізны штат чыноўнікаў сваёй адміністрацыі. Імператара з гэтага часу адкрыта называлі «гаспадаром», перад ім падалі на калені.

У Рымскай імперыі была шырока распаўсюджана найцяжэйшая эксплуатацыя рабоў і насельніцтва правінцый, створаных у ходзе заваяванняў. Менавіта захоп новых рабоў быў адной з прычын пастаянных заваёўніцкіх вой­наў нароўні з захопам зямлі і крыніц сыравіны. У значнай меры рымская эканоміка цяпер будавалася на выкарыстанні працы рабоў. Але ўсё часцей армія цярпела паражэнні ў баях на граніцы, з цяжкасцю стрымлівала націск ваяўнічых варвараў-­германцаў у Еўропе і шматлікіх іранцаў на Блізкім Усходзе. Кіраваць велізарнай краінай стала немагчыма. У 395 г. адбыўся падзел на Заходнюю і Усходнюю Рымскую імперыю. А пагроза варожага ўварвання павялічылася, пад націскам гунаў з усходу набліжалася агромністая хваля варварскіх народаў. Асноўная яе сіла абрынулася на Заходнюю Рымскую імперыю, якая ў 476 г. спыніла сваё існаванне.

Старажытны Рым прайшоў шлях развіцця ад невялікага горада-­дзяржавы да найвялікшай імперыі старажытнасці. Дзяржаўны лад Рыма грунтаваўся на ідэалах грамадзянскасці: кожны грамадзянін меў правы і абавязкі перад грамадствам і дзяржавай. Ён стаў узорам для многіх пазнейшых дзяржаў аж да нашага часу. Рымская імперыя была самай магутнай дзяржавай старажытнасці і распаўсюдзіла ўплыў на палову тэрыторыі Еўропы, увесь Блізкі Усход і Паўночную Афрыку. У ёй была створана развітая эканамічная сістэма, былі наладжаны цесныя гандлёвыя сувязі з рознымі рэгіёнамі, што давала магчымасць пракарміць шматмільённае насельніцтва. Але асновай росквіту Рыма была эксплуатацыя працы шматлікіх рабоў і бяспраўнага насельніцтва рымскіх правінцый.

Пытанні

1. Як прыродныя ўмовы вызначылі асноўныя заняткі жыхароў Апенінскага паўвострава?


1-1. Якія перавагі давала рымлянам паўвастраўное становішча краіны?

2. Растлумачце, у якіх гістарычных умовах з’явіліся паняцці «рэспубліка», «імперыя». Раскрыйце змест гэтых паняццяў.

3. Пра якую з’яву піша старажытнагрэчаскі пісьменнік і гісторык Ксенафонт: «Ва ўсіх людзей існуе адвечны закон: калі захопліваюць горад, то ўсё, што там знаходзіцца, — ​людзі і маёмасць — ​належыць пераможцу»? Пракаментуйце яго выказванне.

4. Ахарактарызуйце рэспубліканскае кіраванне ў Рыме.

5. Якое значэнне мелі рымскія заваёвы для далейшага развіцця скораных народаў? Ці можна даць ім адназначную ацэнку?

6. Ахарактарызуйце сацыяльную структуру старажытнарымскага грамадства.

6-1. Параўнайце рымскую грамадзянскую супольнасць (цывітас) і грэчаскі поліс. Пакажыце іх агульныя рысы і адрозненні.

6-2. Чаму сучасныя гісторыкі называюць рымскую рэспубліку арыстакратычнай? 

7. Ахарактарызуйце ўплыў каштоўнасцяў антычных грэчаскай і рымскай цывілізацый на развіццё хрысціянскай еўрапейскай цывілізацыі.

8. Падрыхтуйце артыкул пра Старажытны Рым для школьнай энцыклапедыі. Падбярыце ілюстрацыі, складзіце схемы.