§ 27. Ужыванне назоўнікаў, лік, род якіх не супадаюць у беларускай і рускай мовах; назоўнікаў, якія маюць форму толькі адзіночнага ці толькі множнага ліку; назоўнікаў агульнага роду, нескланяльных назоўнікаў і абрэвіятур
Практыкаванне № 239
Прачытайце табліцу. Дапоўніце яе ўласнымі прыкладамі.
Да якіх лексіка-граматычных разрадаў адносяцца назоўнікі ў графах табліцы?
Назоўнікі якога ліку пераважаюць у складзе кожнага лексіка-граматычнага разраду?
| Назоўнікі, якія маюць форму толькі адзіночнага ліку | |
| Значэнне | Прыклады |
| 1) большасць уласных назваў | Кавалеўскі Максім, Случчына |
| 2) большасць назваў абстрактных паняццяў | сівізна, гарэнне, шчасце |
| 3) большасць назваў рэчываў | нафта, мёд, нітрагліцэрына |
| 4) назвы, якія абазначаюць сукупнасць прадметаў як адно цэлае | праменне, мэбля, моладзь, калоссе, вучнёўства |
| 5) назвы грамадска-палітычных вучэнняў, плыняў, працэсаў, навук | капіталізм, рамантызм, біёніка, тапаніміка |
| 6) назвы гульняў, відаў спорту | гандбол, хакей, фітнес, бодзібілдынг |
| Назоўнікі, якія маюць форму толькі множнага ліку | |
| Значэнне | Прыклады |
| 1) некаторыя ўласныя назвы | Пухавічы, Афіны, Курылы |
| 2) некаторыя назвы абстрактных паняццяў | паводзіны, дрыжыкі, хітрыкі |
| 3) некаторыя назвы рэчываў | дровы, апілкі, бялілы |
| 4) назвы, якія абазначаюць сукупнасць прадметаў як мноства | кадры, грошы, мемуары, джунглі |
| 5) назвы састаўных і парных прадметаў | абцугі, акуляры, вусны |
| 6) назвы народных звычаяў, гульняў, грамадскіх падзей | вячоркі, хованкі, шахматы, выбары, перамовы |
| 7) назвы адрэзкаў часу і з’яў прыроды | суткі, канікулы, замаразкі |
| 8) назвы спецыяльных тэрмінаў | азімыя, цытрусавыя, сутачныя, асятровыя |