§ 12. Глебавае асяроддзе жыцця. Адаптацыі арганізмаў да жыцця ў глебе

*Адаптацыі арганізмаў да жыцця ў глебавым асяроддзі

У глебе жыве мноства відаў мікраарганізмаў, раслінных і жывёльных арганізмаў. Глебавыя мікраарганізмы (бактэрыі, грыбы, пратысты) удзельнічаюць у глебаўтварэнні, раскладаючы раслінныя і жывёльныя рэшткі. У жыцці раслін глеба выконвае функцыі замацавання, водазабеспячэння, крыніцы мінеральнага жыўлення. Канцэнтраванне мінеральных рэчываў у глебе прывяло да развіцця ў раслін каранёвай сістэмы і праводзячых тканак. Недахоп вады прыгнятае рост раслін. Прычынай недахопу вады можа быць недастатковая колькасць ападкаў (фізічная сухасць, адаптацыі апісаны ў § 7) ці недаступнасць наяўнай вады (фізіялагічная сухасць). Фізіялагічна сухімі з’яўляюцца моцназасоленыя глебы. Лішак солей у глебе шкодны для раслін. Па-першае, з засоленай глебы раслінам цяжэй усмоктваць ваду. Па-другое, паглынаючы з глебы шмат солей, расліны могуць атруціцца і загінуць. Асабліва шкодныя для раслін павараная соль і сода.

Расліны, якія растуць на такіх глебах, падзяляюць на дзве групы: расліны-соленакапляльнікі і солевыводзячыя расліны.

Расліны-соленакапляльнікі могуць усмоктваць ваду з засоленай глебы. Паглынаючы і назапашваючы пры гэтым солі ў вялікай колькасці, гэтыя расліны не атручваюцца. Вада дастаецца ім з вялікай цяжкасцю, таму вельмі эканомна расходуецца. Так, шмат у якіх відаў салянак лісты дробныя, а ў саляроса ператварыліся ў маленькія лускавінкі, якія шчыльна прылягаюць да сцябла. Фотасінтэз адбываецца ў асноўным у сцябле. Зялёныя сцёблы маюць водазапасальную тканку, як у пустынных сукулентаў, але не такія тоўстыя.

Солевыводзячыя расліны не назапашваюць шмат солей, хоць і паглынаюць іх даволі шмат. Кропелькі саляных раствораў выходзяць праз асаблівыя залозкі на лістах. Вада высыхае, а на лістах застаецца налёт солей. Яны абсыпаюцца, іх здзімае вецер ці змывае дождж. Так расліна вызваляецца ад лішніх солей. Да солевыводзячых раслін належыць трава франкенія, кермек і хмызнякі — тамарыкс і лох. Солевынослівыя расліны лепш растуць на глебах, хоць бы крыху засоленых, чым на незасоленых.

Жывёлы, якія жывуць у глебе, маюць адносна невялікія памеры цела (лічынкі насякомых, мнаганожкі, дажджавыя чэрві, кляшчы, мядзведкі, нематоды, краты, землярыйкі). Для іх характэрны розныя спосабы перамяшчэння ў глебе. Гэта можа быць капанне хадоў і нор, як у мядзведкі і крата. Дажджавыя чэрві могуць рассоўваць глебавыя часцінкі і пракладаць хады. Лічынкі насякомых здольныя поўзаць сярод глебавых часцінак.

У сувязі з гэтым у працэсе эвалюцыі ў жывёл выпрацаваліся адпаведныя адаптацыі. У землярыйных арганізмаў з’явіліся капальныя канечнасці. У кольчатых чарвей ёсць гідрастатычны шкілет, а ў насякомых і мнаганожак — кіпцюры. Глебавыя жывёлы маюць кампактнае цела акруглай, чэрвепадобнай формы, здольнае да змянення таўшчыні, з покрывам, якое не намакае або пакрыта сліззю. Жыццё ў глебе як асяроддзі жыцця прывяло да атрафіі ці недаразвіцця органаў зроку. У крата малюсенькія, недаразвітыя вочы часта схаваны пад складкай скуры. Для аблягчэння перамяшчэння ў вузкіх глебавых хадах шэрсць у кратоў набыла здольнасць укладвацца ў двух напрамках.

Сярод глебавых жыхароў шырока развіта сапрафагія — паглынанне адмерлых гнілых рэшткаў іншых жывёл і раслін і раскладанне іх да мінеральных рэчываў, дзякуючы чаму адбываецца аднаўленне ўрадлівасці глебы.

Паўторым галоўнае. Глеба як асяроддзе жыцця мае высокую шчыльнасць, асаблівы гідратэрмічны рэжым, аэрацыю, рэакцыю асяроддзя і засоленасць. У раслін і жывёл да жыцця ў глебавым асяроддзі выпрацаваліся разнастайныя адаптацыі. Для раслін глеба з’яўляецца крыніцай вады і мінеральных рэчываў, якія яны здабываюць з дапамогай каранёвай сістэмы. У глебавых жывёл цела звычайна акруглай, чэрвепадобнай формы, здольнае да змянення таўшчыні, мае покрыва, якое не намакае або пакрыта сліззю. З’явіліся капальныя канечнасці, гідрашкілет, рэдукаваліся вочы.