§ 15-1. Савецкая дзяржава ў 1917—1939 гг.

2. Эканамічная палітыка савецкай дзяржавы ў гады Грамадзянскай вайны

Ва ўмовах Грамадзянскай вайны Савецкая дзяржава праводзіла палітыку «ваеннага камунізму». У рамках гэтай палітыкі дзяржава нацыяналізавала прамысловасць, замяніла прыватны гандаль дзяржаўным размеркаваннем прадуктаў па класавай прыкмеце (картачная сістэма), увяла харчовую дыктатуру, харчразвёрстку, па якой фактычна бясплатна забірала ў сялян усе лішкі збожжа, а часта і неабходныя запасы. Яна ўсталявала прамы прадуктаабмен паміж горадам і вёскай, які рыхтаваў «ліквідацыю грошай», усеагульную працоўную павіннасць; стварала «працоўныя арміі», накіроўвала салдат на «гаспадарчы фронт» — нарыхтоўку лесу, аднаўленне заводаў і дарог; увяла ўраўняльнасць у аплаце працы, бясплатнае карыстанне жыллём, транспартам, камунальнымі паслугамі.

Што датычыцца «белых урадаў», то яны паўсюль адмянілі бальшавіцкі Дэкрэт аб зямлі і вырашалі зямельнае пытанне ў інтарэсах памешчыкаў. У дэкларацыі Дзянікіна па аграрным пытанні дапускалася перадача сялянам усяго толькі невялікай часткі памешчыцкай зямлі за выкуп. Лозунг Белага руху аб адзінай і непадзельнай Расіі не быў падтрыманы на ўскраінах краіны.