§ 7–2. Грамадска-­палітычнае жыццё ў пачатку ХХІ ст.

3. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Рэспубліканскі рэферэндум 17 кастрычніка 2004 г. і яго вынікі

У маі 2001 г. адбыўся ІІ Усебеларускі народны сход. На ім была прынята праграма развіцця краіны на 2001–2005 гг. Прэзідэнцкая выбарчая кампанія ў 2001 г. праходзіла пад лозунгам «За моцную і квітнеючую Беларусь». У выбарах 9 верасня 2001 г. прынялі ўдзел 83,8 % выбаршчыкаў. Перадвыбарчая праграма Прэзідэнта знайшла водгук у большай часткі народа. За А. Р. Лукашэнку прагаласавалі 75,6 % выбаршчыкаў. Ён быў перавыбраны на другі прэзідэнцкі тэрмін.

Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка ініцыяваў правядзенне рэспубліканскага рэфе­рэндуму па пытанні аб магчымасці яго ўдзелу ў чарговых прэзідэнцкіх выбарах. На рэспубліканскім рэферэндуме, які прайшоў 17 кастрычніка 2004 г., было знятае абмежаванне на магчымасць быць абраным Прэзідэнтам краіны не больш за два тэрміны запар.

Перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі ў сакавіку 2006 г. адбыўся III Усебеларускі народны сход. На ім было адзначана, што краіна выканала важнейшыя паказчыкі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2001–2005 гг. Усё, што прымалася на II Усебеларускім народным сходзе, было рэалізавана і ажыццёўлена. III Усебеларускі народны сход прыняў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006–2010 гг. пад дэвізам «Дзяржава для народа».

Чарговыя выбары кіраўніка дзяржавы прайшлі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Удзел у іх прынялі 92,9 % выбаршчыкаў. Прэзідэнтам быў абраны А. Р. Лукашэнка. За яго прагаласавалі 83 % выбаршчыкаў.

У пачатку снежня 2010 г. у Мінску адбыўся IV Усебеларускі народны сход. На ім былі разгледжаны вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006–2010 гг. і асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гг. Было адзна­чана, што, нягледзячы на негатыўны ўплыў сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, у краіне ўдалося забяспечыць рост нацыянальнай эканомікі, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей.

19 снежня 2010 г. прайшлі чарговыя прэзідэнцкія выбары. У ходе выбарчай кампаніі А. Р. Лукашэнка быў абраны на чарговы тэрмін. 79,6 % выбаршчыкаў аддалі за яго свае галасы.

Пятыя прэзідэнцкія выбары ў Рэспубліцы Беларусь прайшлі 11 кастрычніка 2015 г. Запрашэнне сачыць за ходам беларускай выбарчай кампаніі атрымалі Сусветная асацыяцыя арганізатараў выбараў, кіраўнікі цэнтрвыбаркамаў іншых краін, замежныя палітыкі і грамадскія дзеячы. Упершыню ў асноўны дзень галасавання, 11 кастрычніка, супрацоўнікамі сацыялагічных службаў праводзіліся экзітполы — ​апытанні грамадзян на выхадзе з выбарчых участкаў. Усяго за дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прагаласавалі 83,5 % выбар­шчыкаў.

У канцы чэрвеня 2016 г. у Мінску адбыўся V Усебеларускі народны сход. У рэзалюцыі сходу адзначалася, што рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гг. забяспечыла захаванне палітычнай стабільнасці, устойлівасці эканомікі і сацыяльнай абароны насельніцтва ў краіне.

Шостыя прэзідэнцкія выбары ў краіне прайшлі 9 жніўня 2020 г. З пяці кандыдатаў, па звестках Цэнтральнай выбарчай камісіі, дзеючы Прэзідэнт атрымаў падтрымку 80,1 % выбаршчыкаў.

VI Усебеларускі народны сход прайшоў 11–12 лютага 2021 г. пад лозунгам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». Адной з тэм сходу стала анансаванне змены Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, папраўкі ў якую будуць вынесеныя на рэспубліканскі рэферэндум у 2022 г.

Усебеларускі народны сход — ​асаблівая форма народаўладдзя, якая дазваляе грамадзянам Беларусі больш шырока рэалізоўваць права ўдзелу ў справах дзяржавы. Ва ўсенародным форуме ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў рэспублікі. На ім падводзяцца вынікі і вызначаецца стратэгія сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на чарговы перыяд.