Наш край у ХІХ — ​пачатку ХХІ ст.

Каб адкрыць для сябе мінулае свайго роднага краю, вызначыць яго ролю і месца ў сацыяльна-эканамічных, палітычных і духоўных працэсах XIX — ​пачатку ХХІ ст., правядзіце вучэбнае даследаванне.
1. Выкарыстоўваючы картасхемы і карты атласа, вызначце, у склад якіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак уваходзіў ваш населены пункт на працягу XIX — ​пачатку ХХІ ст. Вызначце, якім быў і як мяняўся яго статус (губерня, павет, воласць / вобласць, акруга, раён, сельсавет).
2. Высветліце, якія гістарычныя падзеі, сацыяльна-эканамічныя працэсы і культурныя з’явы закранулі жыхароў вашай мясцовасці. Якія з іх пакінулі найбольш значны след? Якім чынам яны паўплывалі на лёсы вашых землякоў?
3. Устанавіце, жыццё і дзейнасць якіх знакамітых людзей звязаны з гісторыяй вашага краю. Падрыхтуйце кароткае паведамленне (біяграму, прэзентацыю, буклет, эсэ, пост для паведамлення ў сацыяльнай сетцы) пра лёс аднаго з іх.
4. Высветліце, якія прамысловыя або сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, шляхі зносін, сацыякультурныя ўстановы, заснаваныя ў XIX—​XX стст., існуюць у вашай мясцовасці.
5. Даведайцеся аб баявой дзейнасці і лёсе сваіх землякоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вайны ў Афганістане, удзельнікаў ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Прывядзіце прыклады помнікаў і памятных месцаў, звязаных з гэтымі падзеямі.
6. Складзіце каталог помнікаў гісторыі, культуры і прыроды вашай мясцовасці. На падставе гэтага распрацуйце план-праспект (маршрут) экскурсіі па сваім родным краі (населеным пункце) з апісаннем славутасцей, якія сведчаць аб дасягненнях вашых землякоў у XIX — ​пачатку ХХІ ст.
7. Прэзентуйце ў класе вынікі выканання творчых заданняў да ўрокаў абагульнення па кожным з раздзелаў: «Сямейны альбом», «Лёс чалавека», «Сямейныя традыцыі», «Сямейныя рэліквіі». Устанавіце агульныя і асаблівыя рысы знойдзеных вамі матэрыяльных і духоўных сведчанняў вывучанага гістарычнага перыяду.
8. Па выніках вучэбнага даследавання распрацуйце брэнд (сімвал) вашай мясцовасці або населенага пункта, які будзе адлюстроўваць яго гістарычны шлях у XIX — ​пачатку ХХІ ст. і спрыяць фарміраванню яго станоўчага іміджу.

Последнее изменение: Понедельник, 24 Январь 2022, 11:45