Як працаваць з вучэбным дапаможнікам

Шаноўныя навучэнцы!

У 10 класе вы ўжо вывучылі гісторыю Беларусі са старажытных часоў да канца XVIII ст. У 11 класе працягнеце вывучэнне гістарычных падзей, што адбываліся на тэрыторыі нашай краіны ў XIX — ​пачатку XXI ст. За гэты перыяд, які ўключае крыху болей за два стагоддзі, Беларусь перажыла тры рэвалюцыі, дзве сусветныя вайны, сфарміравала нацыянальную дзяржаўнасць, набыла суверэнітэт, паспяхова развівала навуку і тэхніку, удзельнічала ў асваенні касмічнай прасторы.

Асноўныя гістарычныя падзеі, што адбываліся на тэрыторыі Беларусі ў гэты перыяд, вы ўжо вывучалі ў 8 і 9 класах. У адрозненне ад базавай школы ў 11 класе на першы план выходзіць абагульненая карціна падзей і з’яў. Вывучаючы гісторыю па асноўных сферах грамадскага жыцця, вы зможаце зразумець асноўныя тэндэн­цыі грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, культурнага развіцця нашай краіны ў дадзены перыяд. У 11 класе вы павінны навучыцца аналізаваць, абагульняць і сістэматызаваць вывучаныя факты, самастойна рабіць вывады; крытычна ацэньваць інфармацыю, якая сустракаецца ў СМІ; даваць уласную аргументаваную ацэнку гістарычным фактам.

У вас ёсць магчымасць выбраць узровень вывучэння вучэбнага прадмета «Гісторыя Беларусі»: базавы альбо павышаны. Тыя, хто будзе вывучаць айчынную гісторыю на базавым узроўні, могуць выкарыстоўваць пры вывучэнні вучэбнага прадмета толькі дадзены вучэбны дапаможнік. Тым, хто выбраў павышаны ўзровень вывучэння вучэбнага прадмета, неабходна выкарыстоўваць яшчэ і дадатковыя матэрыялы, абазначаныя ў вучэбным дапаможніку спецыяльным знакам і размешчаныя на нацыянальным адукацыйным партале (http://profil.adu.by). Пры жаданні навучэнцы, якія вывучаюць вучэбны прадмет на базавым узроўні, таксама могуць працаваць з матэрыяламі павышанага ўзроўню.

Вучэбны дапаможнік складаецца з пяці раздзелаў. У пачатку кожнага раздзела ўказаны асноўныя патрабаванні да вынікаў вашай вучэбнай дзейнасці. Да іх мэта­згодна звяртацца перад вывучэннем новай тэмы, а таксама пры падрыхтоўцы да кантролю ведаў і ўменняў па раздзеле.

Храналагічная табліца перад кожным раздзелам утрымлівае асноўныя падзеі, што адносяцца да перыяду, які вывучаецца.

Пытанні перад кожным параграфам дапамогуць успомніць раней засвоеныя веды, важныя для разумення новай тэмы. Пытанні і заданні, уключаныя ў тэкст параграфа, накіраваны на ўстанаўленне сувязей (храналагічных, прычынна-выніковых) паміж вывучанымі фактамі. Некаторыя з іх маюць дыскусійны характар і прадугледжваюць абмеркаванне з аднакласнікамі і настаўнікам.

У канцы кожнага параграфа, а таксама да ўрокаў абагульнення ў кожным раздзеле прапанаваны рознаўзроўневыя пытанні і заданні. Праца з імі дапаможа вам лепш засвоіць вучэбны матэрыял.

Пры вывучэнні гісторыі немагчыма абысціся без навуковых паняццяў. Асноўныя гістарычныя паняцці, абавязковыя для засваення, выдзелены паўтлустым шрыфтам і ўключаны ў слоўнік у канцы вучэбнага дапаможніка.

Вучэбны матэрыял прадстаўлены па-рознаму: тэкст параграфа, схемы, табліцы, картасхемы, ілюстрацыі. Усе яны з’яўляюцца крыніцамі гістарычнай інфармацыі, іх неабходна выкарыстоўваць для вырашэння пастаўленых пытанняў і задач.

У вучэбным дапаможніку маюцца розныя рубрыкі, яны абазначаны ўмоўнымі значкамі. Значкі дапамагаюць арыентавацца ў вучэбным дапаможніку і правільна арганізаваць сваю вучэбную дзейнасць. Уважліва вывучыце ўмоўныя абазначэнні перад тым, як прыступіць да працы з вучэбным дапаможнікам.

Айчынную гісторыю нельга асэнсаваць па-за кантэкстам сусветнай гісторыі. Таму пры вывучэнні тэм можа ўзнікнуць неабходнасць звярнуцца да вучэбных дапаможнікаў па сусветнай гісторыі. Супастаўляючы падзеі і працэсы, якія адбываліся ў сусветным маштабе і ў нашай краіне, вы зможаце лепш зразумець асаблівасці развіцця Беларусі. Нагадваем, што ўсе вучэбныя дапаможнікі па гісторыі вы можаце знайсці на нацыянальным адукацыйным партале ў раздзеле «Электронная бібліятэка» (http://www.е-padruchnik.adu.by).

Жадаем вам поспехаў у засваенні новых ведаў!

Аўтары

Последнее изменение: Вторник, 25 Январь 2022, 09:15