Асноўныя паняцці

Адміністрацыйнае права — галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць грамадскія адносіны, якія ўзнікаюць у працэсе арганізацыі і ажыццяўлення дзяржаўнага кіравання.

Адміністрацыйнае правапарушэнне — супрацьпраўнае вінаватае дзеянне (дзеянне або бяздзеянне) фізічнай асобы, а таксама супрацьпраўнае дзеянне юрыдычнай асобы, за якое ўстаноўлена адміністрацыйная адказнасць.

Геапалітыка — тэорыя, якая сцвярджае залежнасць палітыкі дзяржавы ад геаграфічных фактараў (клімат, прыродныя рэсурсы, тэрыторыя, насельніцтва і інш.), або вучэнне аб геаграфічнай абумоўленасці палітычных з’яў.

Гендарная палітыка — палітыка, накіраваная на дасягненне роўнасці мужчын і жанчын, устанаўленне гендарнага балансу ва ўсіх сферах жыцця грамадства.

Глабалізацыя — працэс усебаковага збліжэння розных краін і станаўлення адзінай сістэмы тэхналагічных, фінансавых, эканамічных, сацыяльна-палітычных і культурных сувязей на аснове найноўшых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Грамадзянскае права — галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць адносіны паміж грамадзянамі і арганізацыямі (юрыдычнымі асобамі), накіраваныя на задавальненне іх уласных (асабістых) патрэб і інтарэсаў.

Грамадзянская дзеяздольнасць — здольнасць сваімі дзеяннямі набываць і ажыццяўляць грамадзянскія правы, ствараць для сябе грамадзянскія абавязкі і выконваць іх.

Грамадзянская праваздольнасць — здольнасць мець грамадзянскія правы і абавязкі, у тым ліку здольнасць мець маёмасць па праву ўласнасці, атрымліваць маёмасць у спадчыну, займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, заключаць дагаворы і г. д.

Гуманізм — сістэма поглядаў, згодна з якой прызнаецца каштоўнасць чалавека як асобы, яго права на свабоду, шчасце і развіццё.

Дэмаграфічная бяспека — стан абароненасці грамадства і дзяржавы ад дэмаграфічных пагроз.

Дэмаграфічная палітыка — сістэма мер, якія ажыццяўляюцца дзяржавай у адносінах да пэўных груп грамадства з мэтай фарміравання дэмаграфічнай структуры ў адпаведнасці з яе нацыянальнымі дэмаграфічнымі інтарэсамі і гарантавання дэмаграфічнай бяспекі краіны.

Інавацыі — любыя новыя ідэі, рэалізаваныя на практыцы; новаўвядзенні, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці чалавечай дзейнасці.

Інавацыйная палітыка — сукупнасць метадаў уздзеяння дзяржавы на вытворчасць з мэтай выпуску новых відаў прадукцыі і тэхналогій, а таксама пашырэння рынкаў збыту айчынных тавараў.

Інфармацыйнае грамадства — грамадства, у якім вытворчасць і спажыванне інфармацыі з’яўляюцца найважнейшым відам дзейнасці і найбольш значным рэсурсам грамадскага развіцця.

Інфармацыйная бяспека — стан абароненасці інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы ад знешніх і ўнутраных пагроз у інфармацыйнай сферы.

Канстытуцыйнае права — галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць найважнейшыя грамадскія адносіны.

Канфесійная палітыка — мэтанакіраваная дзейнасць дзяржаўных структур, якая мае на мэце ўсталяванне адносін цярпімасці і павагі паміж грамадзянамі, рэлігійнымі арганізацыямі розных веравызнанняў.

Крымінальнае права — галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што вызначаюць найбольш небяспечныя для ўсталяванай сістэмы грамадскіх адносін учынкі — злачынствы і ўстанаўліваюць за іх пакаранні або іншыя меры крымінальнай адказнасці.

Маладзёжная палітыка — сістэма сацыяльных, эканамічных, палітычных, арганізацыйных, прававых і іншых мер, якія накіраваны на падтрымку маладых грамадзян і ажыццяўляюцца дзяржавай з мэтай сацыяльнага станаўлення і развіцця моладзі, найбольш поўнай рэалізацыі яе патэнцыялу ў інтарэсах усяго грамадства.

Міграцыйная мабільнасць — перамяшчэнне індывідаў і сацыяльных груп у працэсе змены імі месца жыхарства.

Міжнароднае гуманітарнае права — сукупнасць прынцыпаў і прававых норм, што прымяняюцца ва ўзброеных канфліктах.

Міжнародныя адносіны — сукупнасць палітычных, эканамічных, прававых, дыпламатычных, ваенных, культурных і іншых сувязей паміж суб’ектамі, што дзейнічаюць на сусветнай арэне.

Навукова-тэхнічны прагрэс (НТП) — працэс паступальнага ўзаемазвязанага развіцця навукі, тэхнікі, вытворчасці і сферы спажывання.

Нацыянальная бяспека — стан абароненасці нацыянальных інтарэсаў дзяржавы ад унутраных і знешніх пагроз.

Нацыянальная палітыка — мэтанакіраваная дзейнасць дзяржаўных структур па рэгуляванні ўзаемаадносін паміж нацыямі, этнічнымі групамі.

Пакаранне — мера крымінальнай адказнасці, якая прымяняецца па прыгаворы суда да асобы, асуджанай за злачынства.

Прагрэс — паступальны рух да лепшага, больш складанага, дасканалага, ад ніжэйшых ступеняў да вышэйшых.

Працоўнае права — галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць працоўныя і звязаныя з імі адносіны, устанаўліваюць і абараняюць узаемныя правы і абавязкі работнікаў і наймальнікаў.

Працоўны дагавор — пагадненне паміж работнікам і наймальнікам, у адпаведнасці з якім работнік абавязваецца выконваць пэўную працоўную функцыю і правілы ўнутранага распарадку, а наймальнік абавязваецца забяспечваць работніка абумоўленай працоўным дагаворам працай, гарантаваць належныя ўмовы працы і своечасова выплачваць заработную плату.

Рэгіянальная палітыка — дзейнасць органаў дзяржаўнай улады па забеспячэнні аптымальнага развіцця рэгіёнаў.

Рэгрэс — пераход ад больш высокіх форм развіцця да ніжэйшых, рух назад, дэградацыя, змены да горшага.

Сямейнае права — галіна права, якая ўяўляе сабой сукупнасць прававых норм, што рэгулююць асабістыя немаёмасныя і звязаныя з імі маёмасныя адносіны, якія ўзнікаюць паміж грамадзянамі (фізічнымі асобамі) на аснове шлюбу, сваяцтва, усынаўлення (удачарэння) і іншых форм уладкавання дзяцей на выхаванне ў сям’ю.

Устойлівае развіццё грамадства — задавальненне патрэб сучаснага пакалення без нанясення шкоды будучым пакаленням людзей.

Цывілізацыі — устойлівыя цэласныя культурна-гістарычныя супольнасці, якія вылучаюцца агульнасцю духоўных каштоўнасцей і культурных традыцый, падабенствам сацыяльна-палітычнага і матэрыяльна-вытворчага развіцця, асаблівасцямі ладу жыцця і пэўным тыпам асобы, агульнымі этнічнымі прыметамі і пэўнымі геаграфічнымі рамкамі.