Падвядзём вынікі
Жывыя арганізмы ўтвораны рознымі макра- і мікраэлементамі. Кожны з іх выконвае пэўныя біялагічныя функцыі.
Сярод неарганічных рэчываў у саставе жывых арганізмаў вядучая роля належыць вадзе. Яна выконвае шэраг функцый, найважнейшымі з якіх з’яўляюцца структурная, метабалічная, транспартная і тэрмарэгулятарная. Арганічныя рэчывы прадстаўлены як нізкамалекулярнымі злучэннямі, так і біяпалімерамі — бялкамі, поліцукрыдамі і нуклеінавымі кіслотамі. Манамерамі для пабудовы іх малекул служаць адпаведна амінакіслоты, монацукрыды і нуклеатыды.
Малекулы бялкоў маюць складаную прасторавую структуру, якая забяспечвае выкананне разнастайных функцый: структурнай, транспартнай, рэгулятарнай, ахоўнай і г. д. Асаблівай увагі заслугоўвае ферментатыўная (каталітычная) функцыя бялкоў. Ферменты, паскараючы працяканне біяхімічных рэакцый, адыгрываюць галоўную ролю ў забеспячэнні жыццядзейнасці арганізмаў.
Да арганічных злучэнняў жывых арганізмаў належаць таксама ліпіды і вугляводы. Іх біялагічная роля звязана перш за ўсё з выкананнем энергетычнай, запасальнай і структурнай функцый.
Унікальныя функцыі ў клетках выконваюць нуклеінавыя кіслоты. Малекулы ДНК забяспечваюць захоўванне, рэалізацыю і перадачу спадчыннай інфармацыі жывых арганізмаў (інфармацыі пра першасную структуру бялкоў). У рэалізацыі гэтай інфармацыі, г. зн. у сінтэзе бялкоў, таксама ўдзельнічаюць матрычныя, рыбасомныя і транспартныя РНК.
Важную ролю ў клетках адыгрывае АТФ — універсальны акумулятар і пераносчык энергіі.
Гармоны, ферамоны, вітаміны, алкалоіды і антыбіётыкі з’яўляюцца біялагічна актыўнымі рэчывамі (БАР). У аснове класіфікацыі БАР ляжаць выконваемыя імі функцыі, а не хімічная прырода.