УВОДЗІНЫ
Жывая прырода ўражвае разнастайнасцю форм. На планеце Зямля малюсенькія арганізмы, бачныя толькі з дапамогай мікраскопа, суседнічаюць з вялізнымі, памеры якіх складаюць дзясяткі метраў. Адны з іх сустракаюцца ў водным асяроддзі, другія — у наземна-паветраным, трэція ў якасці асяроддзя жыцця асвоілі глебу, а некаторыя жывуць у іншых арганізмах. Існуюць рухомыя і нерухомыя формы, адносна прымітыўна пабудаваныя і высокаарганізаваныя. Аднак, нягледзячы на такую разнастайнасць, усе жывыя арганізмы валодаюць агульнымі прыметамі і ўласцівасцямі.
Вы ведаеце, што жывыя арганізмы маюць адзіны хімічны састаў, які адрознівае іх ад аб’ектаў нежывой прыроды, і клетачную будову. Абавязковай умовай існавання арганізма з’яўляецца абмен рэчываў (метабалізм), які суправаджаецца пераўтварэннем энергіі. Да агульных уласцівасцей усяго жывога таксама належыць здольнасць да самарэгуляцыі, размнажэння, росту і развіцця.
Вам таксама вядома, што жывыя арганізмы рэагуюць на змяненні навакольнага асяроддзя. Напрыклад, хламідаманада з дапамогай святлоадчувальнага вочка ўспрымае святло і перамяшчаецца да больш асветленых участкаў вадаёма. У адказ на змяненне тэмпературы навакольнага асяроддзя адкрываюцца і закрываюцца кветкі цюльпана. Чалавек паварочвае галаву ў бок крыніцы нечаканага гуку. Гэта ўніверсальная ўласцівасць усяго жывога называецца раздражняльнасцю.
Пры вывучэнні біялогіі ў 10-м класе вы на мностве прыкладаў пераканаліся, што прыстасаванасць да навакольнага асяроддзя таксама з’яўляецца неад’емнай рысай жывых арганізмаў. Кожны з іх валодае шэрагам адаптацый, якія забяспечваюць выжыванне і размнажэнне ў тым ці іншым асяроддзі пражывання.
Пералік асаблівасцей жывых арганізмаў неабходна дапоўніць такімі ўласцівасцямі, як спадчыннасць і зменлівасць. Спадчыннасцю называюць здольнасць арганізмаў захоўваць свае прыметы і ўласцівасці і перадаваць іх патомству у нязменным выглядзе, а зменлівасцю — здольнасць набываць новыя прыметы і ўласцівасці.
Як вы ведаеце, структурна-функцыянальнай адзінкай жывых арганізмаў з’яўляецца клетка. Яна валодае ўсімі прыметамі і ўласцівасцямі жывога. Ёсць арганізмы, прадстаўленыя адной клеткай, і тыя, у састаў якіх уваходзіць мноства клетак. У клетках пратыстаў, грыбоў, раслін і жывёл ёсць ядро. Гэта ядзерныя арганізмы, ці эўкарыёты. Клеткі бактэрый пазбаўлены ядра, такія арганізмы называюцца даядзернымі або пракарыётамі. Такім чынам, эўкарыёты і пракарыёты ўяўляюць сабой клетачныя формы жыцця (мал. 1).
Аднак разам з арганізмамі, якія маюць клетачную будову, існуюць і няклетачныя формы жыцця — вірусы. Гэта паразіты, якія могуць функцыянаваць толькі ўнутры клетак пракарыёт ці эўкарыёт. Па-за клеткамі сваіх гаспадароў вірусы не праяўляюць прымет жывога, таму іх нельга адназначна аднесці да жывых арганізмаў. Гэтыя няклетачныя формы, вобразна кажучы, знаходзяцца на мяжы жывой і нежывой прыроды.