ПРАДМОВА
Дарагія сябры!
Раздзел школьнага курса біялогіі, які вывучаецца ў 10-м і 11-м класах, прысвечаны разгляду агульных заканамернасцей жывой прыроды. У гэтым навучальным годзе вы працягнеце знаёмства з найважнейшымі прыроднымі працэсамі і з’явамі, законамі існавання і ўзаемадзеяння біялагічных сістэм рознага ўзроўню арганізацыі.
Вы даведаецеся, як пабудаваны і функцыянуюць клеткі жывых арганізмаў, якія рэчывы ўваходзяць у іх састаў і ў чым заключаецца біялагічная роля гэтых злучэнняў. Вы пазнаёміцеся з няклетачнымі формамі жыцця, пашырыце свае ўяўленні пра працэсы жыццядзейнасці і механізмы іх рэгуляцыі. Таксама вы вывучыце заканамернасці эвалюцыі жывых арганізмаў, іх спадчыннасці і зменлівасці. Атрыманыя веды дапамогуць вам знайсці адказы на многія пытанні пра жывую прыроду, сфарміраваць цэласную навуковую карціну навакольнага свету, спатрэбяцца ў штодзённым жыцці.
Вучэбны дапаможнік уключае восем раздзелаў, падзеленых на параграфы. Кожны раздзел пачынаецца з кароткага ўступу і заканчваецца рубрыкай ПАДВЯДЗЁМ ВЫНІКІ, якая змяшчае асноўныя вынікі па дадзенай тэме.
Тэкст параграфаў уключае асноўны і дадатковы матэрыял. Самыя важныя тэрміны і паняцці вылучаны тлустым шрыфтам, іншыя адзначаны курсівам.
Дадатковы матэрыял адзначаны вертыкальнай лініяй. Ён дазваляе пашырыць, паглыбіць ці канкрэтызаваць веды, азнаёміцца з цікавымі біялагічнымі фактамі.
Матэрыял, які вывучаецца толькі на прасунутым узроўні, * вылучаецца зорачкамі *.
У канцы кожнага параграфа на каляровым фоне з піктаграмай прыводзяцца кароткія вынікі.
Гэта галоўная інфармацыя па вывучаемым матэрыяле, на якую трэба звярнуць асаблівую ўвагу
Пасля кожнага параграфа прыводзяцца пытанні і заданні, абазначаныя піктаграмай. Некаторыя з іх адзначаны зорачкай (*). Каб паспяхова справіцца з такімі пытаннямі і заданнямі, трэба асабліва пастарацца і ў шэрагу выпадкаў выкарыстаць веды, атрыманыя пры вывучэнні папярэдніх раздзелаў біялогіі ці іншых прадметаў |
Некаторыя параграфы змяшчаюць рубрыку «Мае біялагічныя даследаванні», якая абазначана піктаграмай. У ёй прапануюцца заданні, якія дапамогуць вам пашырыць кругагляд і замацаваць матэрыял, які вывучаецца, на практыцы. Многія з гэтых заданняў вы зможаце зрабіць дома. Для выканання некаторых з іх спатрэбіцца спецыяльнае абсталяванне (напрыклад, мікраскоп) ці рэактывы, работа з якімі патрабуе няўхільнага выканання правілаў тэхнікі бяспекі. Такія заданні рэкамендуецца рабіць у школе пад кіраўніцтвам настаўніка. |
У канцы вучэбнага дапаможніка прыведзены прыклады рашэння задач па розных тэмах, а таксама слоўнік асноўных тэрмінаў і паняццяў.
Жадаем вам поспехаў у вывучэнні біялогіі!
Аўтары