Падвядзём вынікі

Абмен рэчываў у арганізме прадстаўлены ўзаемазвязанымі рэакцыямі катабалізму і анабалізму, якія працякаюць адначасова. Працэсы катабалізму (клетачнае дыханне і браджэнне) уяўля­юць сабой расшчапленне складаных арганічных злучэнняў да больш простых рэчываў. Энергія, якая пры гэтым вылучаецца, выкарыстоўваецца для сінтэзу АТФ. Расшчапленне адной малекулы глюкозы ў ходзе клетачнага дыхання суправаджаецца сінтэзам 38 малекул АТФ, а ў працэсе браджэння — толькі 2 малекул АТФ. Гэта звязана з тым, што пры браджэнні, у адрозненне ад клетачнага дыхання, не адбываецца поўнага акіслення глюкозы да  СО2 і Н2О.

Працэсы анабалізму (фотасінтэз, хемасінтэз, транскрыпцыя, трансляцыя і інш.) суправаджаюцца сінтэзам складаных злучэнняў з параўнальна простых рэчываў і працякаюць з паглынаннем энергіі. У выніку фотасінтэзу і хемасінтэзу адбываецца ўтварэнне арганічных злучэнняў з неарганічных рэчываў. Крыніцай энергіі для фотасінтэзу з'яўляецца святло, паглынанне якога адбываецца з дапамогай фотасінтэтычных пігментаў. Фотасінтэз ажыццяўляюць зялёныя расліны, водарасці і пэўныя групы бактэрый. Ад гэтага працэсу прама ці ўскосна залежыць усё жывое на зямлі. Пры хемасінтэзе, уласцівым некаторым бактэрыям, для ўтварэння злучэнняў выкарыстоўваецца энергія, якая выдзяляецца пры акісленні неарганічных рэчываў.

Транскрыпцыя і трансляцыя — этапы рэалізацыі спадчыннай інфармацыі, якая захоўваецца ў ДНК. У ходзе транскрыпцыі на матрыцы ДНК утвараюцца розныя віды РНК. Далей сінтэзаваныя РНК, акрамя мРНК пракарыёт, падвяргаюцца працэсінгу, г. зн. выспяванню. Важным этапам працэсінгу РНК эукарыёт з'яўляецца сплайсінг — выразанне з выспяваючых малекул РНК копій інтронаў (фрагментаў, якія не нясуць інфармацыю аб структуры бялку, рРНК або тРНК) і злучэння копій экзонаў (участкаў, якія змяшчаюць такую інфармацыю).

Трансляцыя ўяўляе сабой сінтэз бялкоў у рыбасомах, прычым ролю матрыцы ў гэтым працэсе адыгрывае мРНК. Сістэма запісу інфармацыі аб першаснай структуры бялкоў у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў ДНК (мРНК) называецца генетычным кодам. Пасля трансляцыі бялкі ўступаюць у этап выспявання. Пры гэтым бялковыя малекулы мадыфікуюцца і набываюць пэўную структуру, якая дазваляе ім стаць функцыянальна актыўнымі.

Последнее изменение: Четверг, 9 Сентябрь 2021, 10:53