Прадмова да раздзела 3 «Абмен рэчываў і пераўтварэнне энергіі ў арганізме»
Вам вядома, што жывыя арганізмы ўяўляюць сабой адкрытыя біялагічныя сістэмы, якія знаходзяцца ў пастаянным узаемадзеянні з навакольным асяроддзем. Для ажыццяўлення працэсаў жыццядзейнасці ім неабходна паглынаць з навакольнага асяроддзя пэўныя рэчывы. У арганізме гэтыя рэчывы хімічна перапрацоўваюцца, а ўтвораныя канчатковыя прадукты выводзяцца ў навакольнае асяроддзе.
Такім чынам, асновай жыццядзейнасці арганізмаў з’яўляецца абмен рэчываў, ці метабалізм, — сукупнасць працэсаў хімічнага ператварэння рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да выдзялення канчатковых прадуктаў. Працэсы метабалізму працякаюць пад дзеяннем ферментаў.
Абмен рэчываў суправаджаецца пераўтварэннем энергіі. Так, расшчапленне пажыўных рэчываў у арганізме прыводзіць да вызвалення энергіі, якая змяшчаецца ў іх хімічных сувязях. Адна частка гэтай энергіі рассейваецца ў выглядзе цяпла (г. зн. пераўтвараецца ў цеплавую), другая частка запасаецца ў выглядзе малекул АТФ. Фотасінтэзуючыя арганізмы пераўтвараюць светлавую энергію, якую яны паглынулі, у энергію хімічных сувязей арганічных злучэнняў.
Рэчывы, утвораныя аднымі арганізмамі, могуць выкарыстоўвацца другімі для сінтэзу неабходных ім злучэнняў ці ў якасці крыніцы энергіі. Такім чынам, працэсы метабалізму і пераўтварэння энергіі ляжаць у аснове кругавароту рэчываў і патоку энергіі ў экасістэмах. Вывучэнню гэтых працэсаў, якія забяспечваюць існаванне як асобных арганізмаў, так і біясферы ў цэлым, прысвечаны дадзены раздзел.