Прадмова да раздзела 5 «Роля рэгуляцыі і імуннай сістэмы ў падтрыманні пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма»

Як вы ўжо ведаеце, аснову жыццядзейнасці любога жывога арганізма складаюць біяхімічныя рэакцыі, якія адбываюцца ўнутры клетак. Іх працяканне залежыць ад наяўнасці ў клетцы пэўных бялкоў. З’яўленне кожнага ўнутрыклетачнага бялку вызначаецца транскрыпцыяй гена, які кадзіруе дадзены бялок. Такім чынам, кіраванне жыццядзейнасцю на ўзроўні адной клеткі заключаецца ў рэгуляванні парадку транскрыбіравання генаў. Гэты парадак змяняецца на працягу жыцця клеткі ў залежнасці ад стану самой клеткі і асяроддзя вакол яе.

Аднаклетачныя арганізмы ўвесь час адчуваюць на сабе непасрэднае ўздзеянне фактараў асяроддзя. Яны вымушаны самастойна перабудоў­ваць свой абмен рэчываў пры ваганнях гэтых фактараў, што абмяжоўвае магчымасці іх існавання ў шырокім дыяпазоне ўмоў.

Мнагаклетачныя арганізмы здольныя ствараць для сваіх клетак апты­мальныя ўмовы. Гэта дасягаецца за кошт сумеснай дзейнасці клетак, тканак, органаў і сістэм органаў. Такая дзейнасць павінна быць каардынавана. Таму ў мнагаклетачных арганізмаў да рэгуляцыі на ўзроўні актыўнасці генаў дабаўляецца рэгуляцыя на ўзроўні арганізма.

Last modified: Thursday, 26 August 2021, 11:25 AM