Падвядзём вынікі
Вірусы — асаблівыя формы жыцця, якія не маюць клетачнай будовы. Вірусныя часцінкі (вірыёны) маюць памеры ад 10 да 400 нм. Асноўнымі кампанентамі вірыёна з’яўляюцца нуклеінавая кіслата (ДНК ці РНК) і бялковая абалонка вакол яе — капсід.
Для вірусаў не характэрны многія прыметы жывых арганізмаў, аднак яны валодаюць спадчыннасцю, зменлівасцю і здольнасцю размнажацца. Гэтыя прыметы жывога праяўляюцца толькі тады, калі вірыёны (ці толькі малекулы іх нуклеінавых кіслот) трапляюць у клеткі адчувальных да іх арганізмаў. Вірусы — унутрыклетачныя паразіты, якія выкарыстоўваюць для размнажэння рэсурсы заражанай імі клеткі. Працэс размнажэння вірусаў уключае сінтэз вірусных бялкоў і нуклеінавых кіслот у клетцы гаспадара. Далей яны аб’ядноўваюцца ў вірыёны, якія вызваляюцца з клеткі. Адна заражаная вірусам клетка служыць месцам утварэння мноства новых вірыёнаў.
Кожны від вірусаў выкарыстоўвае для размнажэння клеткі пэўных відаў жывых арганізмаў. Лічыцца, што для кожнага віду арганізмаў, якія маюць клетачную будову, у біясферы існуюць свае віды вірусаў.
Размнажэнне вірусаў парушае працэсы жыццядзейнасці клетак гаспадара, што прыводзіць да развіцця захворвання. Лепшым спосабам барацьбы з віруснымі хваробамі чалавека і жывёл з’яўляецца вакцынацыя.