Прадмова да раздзела 6 «Спадчыннасць і зменлівасць арганізмаў»
Адной з найважнейшых уласцівасцей усяго жывога з’яўляецца спадчыннасць — здольнасць арганізмаў захоўваць свае прыметы і перадаваць іх пры размнажэнні наступным пакаленням. Працэс перадачы спадчыннай (генетычнай) інфармацыі ад аднаго пакалення другому называецца наследаваннем. Вам вядома, што большасці відаў эўкарыёт уласціва палавое размнажэнне. У такіх арганізмаў ключавую ролю ў наследаванні адыгрываюць меёз і апладненне. Пры меёзе ў кожнай асобіны ажыццяўляецца перакамбінацыя генетычнага матэрыялу і яго размеркаванне паміж палавымі клеткамі. У выніку наступнага апладнення адбываецца аб’яднанне спадчыннай інфармацыі (малекул ДНК), якая змяшчаецца ў гаметах абодвух бацькоў, і з зіготы пачынае развівацца новы арганізм.
Успомнім, што ўчасткі малекулы ДНК, якія захоўваюць інфармацыю пра структуру пэўных бялкоў (а таксама рРНК і тРНК), называюцца генамі. Вынікам рэалізацыі спадчыннай інфармацыі, якая змяшчаецца ў генах, з’яўляецца сінтэз адпаведных бялкоў. Кожны бялок выконвае пэўную функцыю, што вядзе да праяўлення той ці іншай прыметы арганізма.
Спадчыннасць забяспечвае пераемнасць паміж пакаленнямі, дзякуючы чаму віды жывых арганізмаў працяглы час здольны захоўваць уласцівыя ім рысы. Аднак разам са спадчыннасцю жывыя арганізмы валодаюць зменлівасцю — здольнасцю набываць новыя прыметы, якія адрозніваюць іх ад бацькоўскіх форм. Зменлівасць абумоўлівае разнастайнасць асобін у межах кожнага віду. Гэта пашырае магчымасці адаптацыі відаў жывых арганізмаў да пераменлівых умоў навакольнага асяроддзя.
Такім чынам, спадчыннасць і зменлівасць забяспечваюць стабільнасць і бесперапыннасць існавання жыцця на Зямлі. Вывучэнню гэтых уласцівасцей жывых арганізмаў прысвечаны дадзены раздзел.