Давайце сцісла падвядзём вынікі вывучэння грамадазнаўства ў 10 класе. Мы шмат даведаліся пра сваё грамадства. Падрабязна разгледзелі сацыяльную структуру, палітычную, эканамічную, духоўную сферы. Даведаліся, як змянялася сацыяльная структура грамадства, якія новыя сацыяльныя супольнасці і групы з’явіліся, як у ім функцыянуюць сацыяльныя інстытуты і працэсы.
Мы прыйшлі да высновы, што чалавецтва сутыкнулася з самым вялікім выклікам за час свайго існавання, калі рэальны свет злучаецца з віртуальным. Інфармацыйныя тэхналогіі, тэлекамунікацыі і вытворчасць зліваюцца, імкліва змяняючы лад жыцця і жыццёвыя стратэгіі людзей.
Мы бачым, што палітычная сфера ў сучасным грамадстве поўніцца пошукам кансэнсусу. Палітычная сістэма трансфармуецца, павялічваецца ідэалагічная разнастайнасць, множацца палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні, павышаецца палітычная роля сродкаў масавай інфармацыі, дэмакратыя абагачаецца новымі практыкамі.
Мы вывучалі работу сучаснай эканомікі і пераканаліся ў эфектыўнасці рыначных механізмаў у спалучэнні з дзяржаўным рэгуляваннем у інтарэсах усяго грамадства. У нас на вачах змяняецца тып уладкавання жыцця, разрастаюцца контуры лічбавага грамадства, робяцца рэальнасцю «разумны дом», «разумная фабрыка», «разумны горад» і да т. п.
Мы разам паспрабавалі расшыфраваць код духоўнага жыцця сучаснага грамадства. Упэўніліся, што менавіта праз культуру захоўваюцца і перадаюцца з пакалення ў пакаленне нашы традыцыі і каштоўнасці, у іх — наша мараль, рэлігія, разуменне жыцця. Мы адкрылі для сябе фантастычны і бясконцы свет філасофіі і навукі і дакрануліся да фаліянтаў вялікіх мысліцеляў старажытнасці і сучасных вучоных. Адчулі на сабе словы вялікага Сакрата: «Ёсць толькі адно дабро — веды і толькі адно зло — няведанне».
Пры вывучэнні сучаснага грамадства мы не цураліся праблем, якія існуюць сёння ў свеце і ў нас таксама, разам шукалі іх прычыны. Шмат спрачаліся і, як правіла, імкнуліся не столькі знайсці вінаватых, колькі выказаць прапановы, што рабіць. Вашы прапановы былі яшчэ ў чымсьці недасканалыя, але яны вельмі важныя. У іх — праява вашай грамадзянскасці і імкнення заняць актыўную пазіцыю ў далейшым развіцці нашага грамадства.
Што ж, курс гэтага года завершаны, але работа па спазнанні грамадства, у якім мы жывём, працягваецца. Колькі яшчэ вам трэба вывучыць, пазнаць, засвоіць!
*Новае ў дадзеным артыкуле.
Грамадства, як і чалавек, — вечны аб’ект пазнання…
Пытанню «Што ёсць веды?» дзве з паловай тысячы гадоў. Столькі ж, колькі і філасофіі. І столькі ж, колькі і навуцы. Гэта іх агульнае пытанне, і адказ на яго яны заўсёды шукалі разам. Адвечная дыскусія аб прыродзе ведаў штораз успыхвае з новай сілай, калі ў навуцы або ў грамадстве адбываюцца сур’ёзныя змены, калі ўзнікае настойлівая патрэба па-новаму ацаніць ролю ведаў у зменлівай сацыяльнай і культурнай рэальнасці. І тут набатам гучыць фраза, якая стала аксіёмай: грамадства, як і чалавек, — вечны аб’ект пазнання…
Сучаснае грамадства ўжо назвалі грамадствам рызыкі, а адказ на новыя выклікі ўсё яшчэ позніцца. Свет не становіцца больш спакойны, а развіццё — больш устойлівае. Стратэгічная нестабільнасць, глабальны крызіс, пандэмія, тэрарызм, экалагічныя анамаліі, міграцыйныя патокі… І гэта ўсё сёння. Усё больш відавочна, што свет дыктуе нам суровую будучыню і прыярытэт ведаў, прафесій, кампетэнцый спецыялістаў, якім у ім разбірацца. Прафесіі будучага звязаны з разуменнем сучаснага грамадства, цывілізацыі, у якіх камфортна і бяспечна жыць чалавеку ў гармоніі з прыродай. Здаецца, недасягальная мэта, але ўсё ж…
Чалавеку заўсёды даводзіцца рабіць выбар. Наша адукацыя імкнецца адпавядаць выклікам часу і патрабаванням эканамічнага развіцця, арыентавацца на патрэбы — бягучыя і перспектыўныя, рынкі працы. Але пры гэтым нельга забывацца, што адукацыя вызначае выгляд будучага грамадства, што «краіна не можа быць больш развітой, чым яе адукацыя». Трэба адчуць і прыняць прызванне кожнага, якое стане лёсам дабрабытнай, паспяховай і квітнеючай краіны. У лабірынтах шматвяковай культуры закадзіравана мінулае, цяперашняе і будучае чалавечай цывілізацыі, тайны быцця, раскрываць якія трэба спецыялістам сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. І гэта вельмі цікава, калі ты падрыхтаваны да такога павароту свайго лёсу…
Па выніках сацыяльнай дыягностыкі, такой спецыяліст фармулюе новыя тэорыі, мадэлюе працэсы, якія адбываюцца ў грамадстве і тлумачаць змены ў чалавечым агульным жыцці: сям’і, калектыве, інстытуце, грамадстве ў цэлым, каб выявіць і прапанаваць меры па папярэджанні магчымых негатыўных наступстваў. Таму заканамерна, што высокакваліфікаваны спецыяліст будуе сваю далейшую кар’еру як вучоны ў галіне сацыяльных навук, выкладчык вышэйшай школы, сацыяльны аналітык, даследчык, кансультант навукова-даследчага, інфармацыйна-аналітычнага, адукацыйнага цэнтра. Свет сучасных прафесій вялікі, галоўнае — знайсці, куды прыкласці свае сілы, і не шкадаваць сябе ў абранай справе.