Адукацыя — мэтанакіраваны працэс навучання і выхавання, які ажыццяўляецца на прафесійнай аснове спецыяльна падрыхтаванымі людзьмі.
Банк — фінансавая ўстанова, якая спецыялізуецца на накапленні грашовых сродкаў, крэдытаванні, пасрэдніцтве ў грашовых разліках і аперацыях з каштоўнымі паперамі.
Беспрацоўе — сацыяльна-эканамічная з’ява, пры якой частка эканамічна актыўнага насельніцтва не можа працаўладкавацца.
Бюджэт — зводны план збору даходаў і выкарыстання атрыманых сродкаў на пакрыццё расходаў за пэўны перыяд.
Верацярпімасць — прызнанне за кожным грамадзянінам права вызнаваць любую рэлігію, а значыць, паважлівае стаўленне да прадстаўнікоў іншых веравызнанняў.
Выбарчая сістэма — сукупнасць устаноўленых законам правіл, прынцыпаў і прыёмаў, з дапамогай якіх вызначаюцца вынікі галасавання ў прадстаўнічыя органы ўлады і на дзяржаўныя пасады.
Вытворчасць — працэс стварэння эканамічных даброт.
Грамадзянскае грамадства — асаблівая сфера грамадскіх адносін, сістэма самастойных і параўнаўча незалежных ад дзяржавы інстытутаў, грамадскіх інтарэсаў, адносін.
Грамадства — устойлівая сістэма адносін паміж людзьмі, якая гістарычна склалася ў працэсе сумеснай жыццядзейнасці.
Грошы — усеагульны эквівалент (мера) кошту, сродак абарачэння, плацяжу і зберажэння.
Даход — любое паступленне грашовых сродкаў ці атрыманне матэрыяльных даброт.
Дзяржава — асаблівая форма арганізацыі палітычнай улады, якая валодае адмысловым апаратам кіравання грамадствам для забеспячэння яго цэласнасці, арганізаванасці і пэўнага парадку ў ім.
Дэмакратыя — палітычная сістэма, пры якой улада ажыццяўляецца народам або праз асабісты ўдзел (выбары, рэферэндумы), або праз сваіх прадстаўнікоў, абраных у органы дзяржаўнай улады.
Інфляцыя — абясцэньванне грошай, выкліканае перавышэннем колькасці грошай, што знаходзяцца ў абарачэнні, над іх таварным пакрыццём.
Канкурэнцыя — спаборніцтва, саперніцтва паміж эканамічнымі суб’ектамі за найлепшыя ўмовы вытворчасці і/ці рэалізацыі тавараў і паслуг, за выжыванне і эканамічны росквіт.
Канфедэрацыя — саюз юрыдычна і палітычна самастойных дзяржаўных утварэнняў, які ствараецца для дасягнення агульных мэт і вырашэння агульных праблем.
Канфесія — асобны напрамак у рамках адной рэлігіі, асаблівасці веравызнання ў межах пэўнага рэлігійнага вучэння.
Крэдыт — грашовыя сродкі, выдзеленыя банкам іншай асобе (атрымальніку крэдыту) у памеры і на ўмовах, прадугледжаных крэдытным дагаворам.
Манаполія — выключнае права вытворчасці, гандлю і іншых відаў дзейнасці, якое належыць адной фізічнай асобе, пэўнай групе асоб, кампаніі, арганізацыі ці дзяржаве.
Манархія — форма праўлення, пры якой улада засяроджана ў руках аднаасобнага кіраўніка дзяржавы.
Маркетынг — сукупнасць працэсаў стварэння, прасоўвання і прадастаўлення прадукту ці паслугі пакупнікам.
Менеджмент — сукупнасць сучасных прынцыпаў, метадаў, сродкаў і форм кіравання, якія маюць на мэце павышэнне эфектыўнасці працы прадпрыемства.
Моладзь — сацыяльна-дэмаграфічная група (асобы ва ўзросце ад 14 да 31 года), якая валодае сукупнымі полаўзроставымі і сацыяльна-псіхалагічнымі асаблівасцямі і праходзіць стадыю сацыялізацыі ў канкрэтных ўмовах жыццядзейнасці грамадства.
Навука — дзейнасць па выпрацоўцы і сістэматызацыі аб’ектыўных ведаў пра свет, а таксама сацыяльны інстытут, мэтай якога з’яўляецца такая дзейнасць.
Натоўп — часовае скопішча людзей, якія пры непасрэдным фізічным кантакце спантанна рэагуюць на адзін і той жа раздражняльнік падобным чынам.
Падаткі — абавязковыя дармовыя плацяжы асобных грамадзян і юрыдычных асоб, якія спаганяюцца дзяржавай з мэтай задавальнення патрэб у фінансавых рэсурсах.
Палітыка — сфера грамадскіх стасункаў і дзейнасць, накіраваная на заваяванне дзяржаўнай улады і яе рэальнае ажыццяўленне.
Палітычная ідэалогія — сукупнасць ідэй, ідэалаў, каштоўнасцей, у якіх адлюстроўваюцца значныя, істотныя інтарэсы пэўных сацыяльных слаёў, што імкнуцца рэалізаваць гэтыя інтарэсы з дапамогай дзяржаўнай улады.
Палітычная партыя — арганізаваная група людзей з агульнымі палітычнымі поглядамі, якая выказвае інтарэсы пэўнай часткі грамадства і мае на мэце заваяванне дзяржаўнай улады ці ўдзел у яе ажыццяўленні.
Палітычная сістэма грамадства — сукупнасць палітычных інстытутаў і арганізацый, распаўсюджаных у грамадстве ідэй, поглядаў, каштоўнасцей, а таксама палітычных і прававых норм і спосабаў узаемадзеяння паміж інстытутамі ўлады і грамадствам.
Палітычная эліта — група, якая валодае рэальнай палітычнай уладай, магчымасцю ўздзейнічаць на грамадства.
Прававая дзяржава — форма арганізацыі палітычнай улады ў краіне, заснаваная на вяршэнстве права, падзеле ўлад, захаванні правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Рынак — сістэма адносін абмену паміж пакупнікамі і прадаўцамі пры пасрэдніцтве грошай.
Рэлігія — сістэма вераванняў у звышнатуральнае і звязаныя з ёй асаблівыя, спецыфічныя паводзіны (культ).
Рэспубліка — форма праўлення, пры якой вышэйшыя органы дзяржаўнай улады абіраюцца насельніцтвам.
Сацыяльнае дзеянне — дзеянне, якое ўсведамляецца самім чалавекам, арыентавана на паводзіны іншых людзей і зразумела навакольным.
Сацыяльная група — устойлівая супольнасць людзей з наступнымі прыметамі: два і больш чалавек, агульныя інтарэсы і каштоўнасці, наяўнасць рэгулярнага ўзаемадзеяння членаў групы, чаканні адносна адзін аднаго, якія падзяляюцца кожным членам групы, адасобленасць ад іншых груп і аб’яднанняў.
Сацыяльная камунікацыя — працэс узаемадзеяння паміж суб’ектамі (індывідамі, групамі, арганізацыямі і да т. п.) з мэтай перадачы ці абмену інфармацыяй.
Сацыяльная мабільнасць — змена індывідам або групай сваёй пазіцыі ў сацыяльнай структуры.
Сацыяльная роля — узор паводзінаў, які грамадства прызнае мэтазгодным для ўладальніка дадзенага статусу.
Сацыяльная страта — сацыяльны слой, аб’яднаны якой-небудзь агульнай грамадскай прыметай (маёмаснай, прафесійнай ці іншай).
Сацыяльная структура грамадства — размеркаванне сацыяльных груп, сукупнасць сувязей і спосабы ўзаемадзеяння паміж імі.
Сацыяльны інстытут — форма арганізацыі сумеснай жыццядзейнасці людзей з дапамогай устаноўленых правіл, норм, санкцый.
Сацыяльны клас — вялікая сацыяльная група, адрозная па месцы і ролі ў сістэме вытворчасці і размеркавання даброт, а таксама — па адноснай долі спажываных даброт.
Сацыяльны працэс — сукупнасць аднанакіраваных і паўторных сацыяльных дзеянняў, якія захоўваюць або змяняюць бягучую сітуацыю.
Сацыяльны рух — масавыя дзеянні, якія спрыяюць або перашкаджаюць сацыяльным зменам.
Сацыяльны статус — становішча чалавека ў грамадстве, з якім звязаны пэўны набор правоў і абавязкаў.
Свабода сумлення — самастойнасць чалавека ў выбары, верыць яму ў Бога ці адмаўляць рэлігійную веру.
Спажыванне — працэс непасрэднага задавальнення патрэб.
Тэорыя — абагульненая сістэма ведаў, якая дае тлумачэнне тым ці іншым бакам і ўласцівасцям прадмета або з’явы, што вывучаецца.
Уласнасць — прызнаныя грамадствам стасункі ў сувязі з размеркаваннем і прысваеннем эканамічных даброт паміж разнастайнымі суб’ектамі эканамічных адносін.
Унітарная дзяржава — адзіная дзяржава, якая складаецца з адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, што не валодаюць прыметамі дзяржаўнай самастойнасці або якой-небудзь уласнай аўтаноміяй.
Фактар вытворчасці — тая частка эканамічных рэсурсаў, што непасрэдна ўключаецца ў працэс вытворчасці або выкарыстоўваецца ў якасці яго ўмоў.
Федэрацыя — саюзная дзяржава, што складаецца з суб’ектаў, якія валодаюць пэўнымі прыметамі дзяржаўнай самастойнасці.
Філасофія — форма тэарэтычнага мыслення, якая аперыруе абстрактнымі паняццямі і фарміруе сістэму ведаў пра найбольш агульныя і фундаментальныя характарыстыкі рэальнасці і спосабы яе пазнання чалавекам.
Фінансавая сістэма — сістэма форм і метадаў стварэння, размеркавання і выкарыстання фондаў грашовых сродкаў дзяржавы, прадпрыемстваў, дамашніх гаспадарак.
Цана — колькасць грошай, за якую прадаецца або купляецца эканамічная даброта.
Эканоміка — спосаб арганізацыі дзейнасці людзей па стварэнні даброт, неабходных для задавальнення патрэб; навука, якая даследуе, як выкарыстоўваюцца наяўныя абмежаваныя рэсурсы для задавальнення неабмежаваных патрэб.
Эмпірыя — вопыт чалавека, успрыманне знешняга свету з дапамогай органаў пачуццяў; назіранне, якое ажыццяўляецца ў звычайных натуральных умовах у адрозненне ад эксперыменту.
Этыка — філасофская дысцыпліна, прадметам асэнсавання якой з’яўляецца мараль.