ПЫТАННІ І ЗАДАННІ ДЛЯ ПАЎТАРЭННЯ І ПАДАГУЛЬНЕННЯ

1. Назавіце беларускіх паэтаў пачатку ХХ стагоддзя, якіх вы ведаеце.
2. Якія празаічныя творы сталі знакавымі ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя?
3. Каго з беларускіх драматургаў першых дзесяцігоддзяў ХХ стагоддзя вы можаце назваць?
4. Ці можна сцвярджаць, што на пачатку ХХ стагоддзя ў Беларусі пачала актыўна развівацца літаратурная крытыка?
Чаму?
5. Назавіце мадэрнісцкія і авангардысцкія плыні, якія аказалі ўплыў на беларускую літаратуру першай трэці ХХ стагоддзя.
6. Якія мэты мае публіцыстыка? Якія — літаратура?
У чым заключаецца публіцыстычнасць твораў Цёткі? Прывядзіце прыклады.
* 6–1. Якія філасофскія пытанні разглядаюцца ў апавяданні Цёткі «Асеннія лісты»?
Да якога напрамку ў філасофіі іх можна аднесці?
7. Якія рысы вылучаюць тэксты Ядвігіна Ш. сярод твораў аўтараў-сучаснікаў?
* 7–1. З творамі якіх аўтараў вы маглі б параўнаць тэксты Ядвігіна Ш. паводле стылю?
8. У чым заключаецца ідэйны сэнс п’есы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо»?
9. Што вылучае вобраз Андрэя Лабановіча сярод герояў аповесці Якуба Коласа «У палескай глушы»?
* 9–1. Паглядзіце фільм «Першыя выпрабаванні» (рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін).
Ці супадаюць вобразы Андрэя Лабановіча ў кінафільме і літаратурным творы? Адказ падмацуйце прыкладамі.
Чым і чаму, на вашу думку, кінематаграфічныя вобразы адрозніваюцца ад адпаведных літаратурных? 
* 9–2. Чым падобныя і не падобныя паміж сабой жаночыя вобразы ў аповесці Якуба Коласа «У палескай глушы»?
* 9–3. Прапануйце дзесяць эпітэтаў, якія найбольш поўна раскрывалі б вобраз Сымона-музыкі.
10. Які з вершаў Максіма Багдановіча вам найбольш падабаецца?
Ці можа гэты верш стаць песняй? Чаму?
11. Паразважайце, чаму патрыятычныя вершы нарадзіліся ў Максіма Багдановіча і Алеся Гаруна, якія доўгі час былі адарваныя ад Радзімы.
Ці адчуваеце вы сябе беларусам далёка ад Радзімы?
* 11–1. Творам якіх аўтараў пачатку ХХ стагоддзя сугучна паэзія Алеся Гаруна?
Чаму вы так лічыце?

12. Параўнайце асноўныя моманты жыццёвага і творчага шляху Якуба Коласа і Янкі Купалы з дапамогай табліцы. Дадайце неабходныя звесткі.

Янка Купала  Якуб Колас
Сапраўднае імя
Месца нараджэння
Паходжанне з сям’і дробнага шляхціца
На якой мове пачаў пісаць на польскай на рускай
Род літаратуры майстар эпічных жанраў
Мастацкі напрамак, прадстаўлены ў творчасці рэалізм
Галоўны герой у разладзе з рэчаіснасцю у гармоніі з рэчаіснасцю
Апошняе змяненне: Серада 7 Кастрычнік 2020 12:21