* Уводзіны

 1. Культура якіх тэрыторый актыўна развівалася ў перыяд антычнасці? 
 2. Які час называюць Сярэдневякоўем? 

У сучасным літаратуразнаўстве тэрміналагічнае спалучэнне «даўняя літаратура» выкарыстоўваецца замест прынятых раней паняццяў «старажытная літаратура» і «старая літаратура». Справа ў тым, што старажытнай, або антычнай, таксама было прынята лічыць і дахрысціянскую эпоху ў гісторыі еўрапейскай культуры. Аднолькавая намінацыя двух розных перыядаў спараджала пэўную двухсэнсоўнасць пры ўжыванні тэрміналогіі. Таксама было ўдакладнена, што літаратура XI—XVIII стагоддзяў на этапе станаўлення была яшчэ маладой, таму называць яе сёння старой таксама немэтазгодна.

У сувязі са зменай каштоўнасных арыентацый грамадства, ідэйна-мастацкіх прынцыпаў літаратуры ўдакладнілася і перыядызацыя даўняй кніжнасці. Сёння яна ўключае тыя ж этапы, што і еўрапейская: літаратура Сярэдневякоўя, Адраджэння, барока і Асветніцтва. Таксама цяпер у навуцы больш канкрэтна акрэслены і момант пераходу ад даўняй да новай літаратуры: гэта не канец XVIII стагоддзя, як лічылася раней, а яго сярэдзіна. Прычына менавіта такога падзелу звязана з пераходам ад утылітарнай функцыі твораў (дакументавання, каментавання, захавання) да эстэтычнай (стварэння тэкстаў дзеля інтэлектуальнай і эстэтычнай асалоды, катарсісу).

Службова-прыкладны характар жанраў літаратуры Сярэдневякоўя, іх дзелавое прызначэнне тлумачыцца асаблівасцямі культуры гэтага перыяду. У даўніх літаратурных жанрах выяўляліся рэлігійна-філасофскія, грамадска-палітычныя, навуковыя погляды нашых продкаў, іх уяўленні пра навакольны свет. Таму ў гісторыю даўняй беларускай літаратуры ўключаюцца творы, якія паводле сучасных уяўленняў не ўспрымаюцца як уласна мастацкія. Напрыклад, летапісы, хаджэнні, дзённікі, прадмовы і пасляслоўі да кніг, царкоўна-рэлігійная палемічная публіцыстыка. 

З цягам часу пазнавальна-эстэтычная функцыя літаратуры стала пераважаць — і з’явіліся белетрыстыка, паэзія, драматургія ў тым выглядзе, у якім мы сёння звыкліся іх бачыць.

1. Чаму навукоўцы прынялі тэрміналагічнае спалучэнне «даўняя літаратура»
2. Назавіце крытэрыі, паводле якіх развіццё даўняй літаратуры падзяляецца на перыяды.
3. На аснове якіх службова-прыкладных твораў пісьменства ўзнікла мастацкая літаратура? 

Последнее изменение: Суббота, 12 Сентябрь 2020, 18:25