Ад аўтараў

Дарагія дзесяцікласнікі!

У гэтым годзе ваша падарожжа па неабсяжнай і шматколернай краіне літаратуры працягваецца. 

Вы пазнаёміліся ўжо са многімі выдатнымі творамі прыгожага пісьменства Беларусі, сталі дасведчанымі і кампетэнтнымі чытачамі: вывучылі асноўныя этапы развіцця літаратуры, даведаліся пра яе функцыі, роды і жанры, мастацкія тропы, навучыліся аналізаваць тэксты і многае іншае. 

Цяпер свет літаратурнай творчасці раскрыецца перад вамі на больш высокім узроўні, паўстане перад вашымі вачамі як цэласная сістэма са сваімі заканамернасцямі. Набытыя веды і ўменні дапамогуць вам асвоіць новыя тэарэтычныя паняцці, узняцца яшчэ на адну прыступку ў асэнсаванні гісторыі літаратуры, навучыцца асновам літаратурна-крытычнай дзейнасці. 

Важным кампанентам вывучэння літаратуры стане разважанне над знакавымі тэкстамі для беларускай паэзіі, прозы, драматургіі. Гэта не толькі развівае інтэлект і забяспечвае асобасны рост, але і дае пэўны эмацыянальны вопыт, разуменне каштоўнасці, важнасці жыцця асобнага чалавека і ўсяго народа. У Х класе вы пазнаёміцеся з творамі сур’ёзнай, дарослай літаратуры, што прымушаюць задумацца над філасофскімі пытаннямі сэнсу жыцця, маральнага выбару, прызначэння прыгожага, разумення патрыятызму, выяўлення гуманізму. 

Вучэбны дапаможнік быў створаны, каб суправаджаць вас у пазнанні новага, натхняць на адкрыцці, даваць нагоду задумацца над сэнсам мастацкай творчасці. Для гэтага арганізавана рубрыка «Уклад у літаратуру», дзе акрэслены здабыткі, якімі кожны майстар слова папоўніў скарбонку мастацкіх каштоўнасцей беларускай літаратуры. У рубрыцы «Літаратурныя сувязі» паказаны тэматычныя, жанравыя ўзаемадачыненні паміж мастацкімі творамі ў літаратурным працэсе, творчая пераемнасць розных пакаленняў пісьменнікаў. 

Асноўны тэкст вучэбнага дапаможніка будзе прызначаны для вывучэння, а паняцці на плашках з тэрмінамі пад рубрыкай «Тэорыя літаратуры» — для запамінання. Некаторыя тэарэтычныя моманты коратка растлумачаны побач з асноўным матэрыялам або ў зносках. У канцы дапаможніка змешчаны невялікі Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў, у які ўключаны ўсе паняцці, што сустракаюцца на старонках кнігі. 

З мэтай развіцця і ўдасканалення вашых уменняў па аналізе тэкстаў розных жанраў у вучэбным дапаможніку пададзены алгарытмы аналізу паэтычнага, празаічнага, драматычнага твораў і прыведзены адпаведныя прыклады. 

Для тых, каго цікавіць літаратура, паралельна з асноўным тэкстам пад рубрыкай «Навукоўцы гавораць» размешчаны вытрымкі з даследаванняў, навуковыя гіпотэзы і ідэі, пад рубрыкай «З успамінаў» — дзённікавыя, мастацкія, дакументальныя запісы. 

Літаратуразнаўства, з аднаго боку, — свабодны творчы працэс спасціжэння і спараджэння ідэй, з другога — вельмі дакладная і строгая навука. Гэта кніга заклікана дапамагчы вам знайсці баланс паміж натхненнем і логікай і з карысцю для душы і розуму прайсці цікавымі, інтрыгуючымі, а часам і цярністымі шляхамі беларускай літаратуры. 

Аўтары жадаюць вам плённай і захапляльнай вандроўкі ў свет прыгожага!

Last modified: Friday, 7 August 2020, 10:09 AM