Падвядзём вынікі
Асноўнымі гіпотэзамі ўзнікнення жыцця на Зямлі з’яўляюцца гіпотэзы крэацыянізму, пазаземнага паходжання і біяхімічныя. Сярод апошніх найбольшае навуковае прызнанне атрымала каацэрватная гіпотэза Апарына—Холдэйна.
Біялагічная эвалюцыя — гэта заканамерны, незваротны працэс гістарычнага развіцця жывой прыроды, накіраваны на павышэнне прыстасаванасці арганізмаў да ўмоў навакольнага асяроддзя, якія змяняюцца. Першае эвалюцыйнае вучэнне распрацаваў Ж.-Б. Ламарк. Стваральнікам эвалюцыйнай тэорыі, якая стала падмуркам для развіцця сучаснай біялогіі, з’яўляецца Ч. Дарвін. У XX ст. на аснове вучэння Дарвіна, а таксама дасягненняў у галіне генетыкі, экалогіі і іншых навук была распрацавана сінтэтычная тэорыя эвалюцыі (СТЭ). Паводле СТЭ элементарнай адзінкай эвалюцыі з’яўляецца папуляцыя, перадумовамі эвалюцыі — мутацыйная і камбінатыўная зменлівасць, паток і дрэйф генаў, папуляцыйныя хвалі і ізаляцыя. Рухаючыя сілы эвалюцыйнага працэсу — гэта барацьба за існаванне і натуральны адбор. Асноўныя вынікі эвалюцыі — узнікненне адаптацый у жывых арганізмаў і відаўтварэнне.
Вылучаюць два галоўныя напрамкі эвалюцыі — біялагічны прагрэс і біялагічны рэгрэс. Асноўныя шляхі дасягнення біялагічнага прагрэсу — гэта арагенез, алагенез і катагенез. Спосабамі ажыццяўлення эвалюцыйнага працэсу з’яўляюцца дывергенцыя і канвергенцыя. Сучасная навука валодае мноствам даных, якія даказваюць эвалюцыйнае развіццё арганічнага свету.
Класіфікацыяй арганізмаў, вывучэннем іх разнастайнасці, паходжання і роднасных адносін займаецца сістэматыка. Сучасная сістэматыка з’яўляецца адлюстраваннем гістарычнага развіцця жывой прыроды.
Працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця чалавека называецца антрапагенезам. Роднасць людзей з жывёламі даказваюць многія прыметы, але шэраг асаблівасцей адрознівае чалавека ад астатніх жывёл. Гэтыя адрозненні звязаны з прамахаджэннем, развіццём мыслення і маўлення, працоўнай дзейнасцю. На ранніх этапах антрапагенезу галоўную ролю ў эвалюцыі людзей адыгрывалі біялагічныя фактары. Аднак з цягам часу ўзмацнялася і выйшла на першы план дзеянне сацыяльных фактараў. Усе сучасныя людзі належаць да віду Чалавек разумны.