Магнітнае поле. Электрамагнітная індукцыя
Як вы ўжо ведаеце, паміж зараджанымі целамі (часціцамі), акрамя гравітацыйнага, існуе і электрамагнітнае ўзаемадзеянне. Калі зарады знаходзяцца ў спакоі адносна пэўнай інерцыяльнай сістэмы адліку, электрамагнітнае ўзаемадзеянне паміж імі называюць электрастатычным. Пры руху электрычна зараджаных цел (часціц) праяўляецца складнік электрамагнітнага ўзаемадзеяння — магнітнае ўзаемадзеянне.
У гэтым раздзеле вы пазнаёміцеся са з’явамі, у якіх важную ролю адыгрывае магнітнае ўзаемадзеянне, абумоўленае існаваннем магнітнага поля, створанага пастаяннымі магнітамі, электрычным токам або зменлівым у часе электрычным полем.