Слоўнік


Browse the glossary using this index

Special | A | B | C | D | E | F | G | H | I | J | K | L | M | N | O | P | Q | R | S | T | U | V | W | X | Y | Z | ALL

Page:  1  2  3  4  5  6  7  (Next)
  ALL

«

«Амерыканскі» шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы

«Амерыка́нскі» шлях развіцця́ капіталíзму ў се́льскай гаспада́рцы — ​спосаб аграр­нага гаспадарання, пры якім уласнасць на зямлю замацоўваецца за тымі, хто яе непасрэдна апрацоўвае. Пры правядзенні сталыпінскай аграрнай рэформы ствараліся ўмовы для рэалізацыі гэтага шляху: селянін мог замацаваць свае зямельныя надзелы ва ўласнасць праз водруб або хутар.

 


«Прускі» шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы

«Пру́скі» шлях развіцця́ капіталíзму ў се́льскай гаспада́рцы — ​спосаб аграрнага гаспадарання, пры якім захоўвалася памешчыцкая ўласнасць на зямлю.


І

Інвентары

Інвентары́ (ад лац. inventarium — ​вопіс) — ​гаспадарчыя дакументы, якія ўключалі падрабязнае апісанне памешчыцкіх маёнткаў, сялянскіх надзелаў і павіннасцей.


Індустрыялізацыя

Індустрыяліза́цыя — ​працэс стварэння буйной машыннай вытворчасці ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, перш за ўсё ў прамысловасці.


Індустрыяльнае грамадства

Індустрыя́льнае грама́дства — ​грамадства, для якога характэрныя падзел працы, спецыялізацыя вытворчасці і яе аўтаматызацыя, арыентацыя вытворчасці на рынак, выкарыстанне ў вытворчасці дасягненняў навукі і тэхнікі.


Інтэграцыя

Інтэгра́цыя (ад лац. integratio — ​аднаўленне, папаўненне, злучэнне) — ​працэс і вынік узаемасувязі, узаемадзеяння, збліжэння і аб’яднання ў адзінае цэлае якіх-небудзь частак, элементаў, у прыватнасці краін і іх эканомік, грамадскіх і палітычных структур, партый, арганізацый і інш.


Інтэнсіўны шлях развіцця эканомікі

Інтэнсíўны шлях развіцця́ экано́мікі — ​шлях развіцця, звязаны з ростам вытворча­сці на аснове паляпшэння якасных паказчыкаў, у першую чаргу за кошт укаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі і павелічэння прадукцыйнасці працы.


Інфармацыйнае грамадства

Інфармацы́йнае грама́дства — ​грамадства, у якім у выніку навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, стварэння камп’ютараў, робатызацыі вытворчасці змяняецца характар працы. Для такога грамадства характэрныя вызначальная роля навукі і тэхнікі, масавае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. Паступова прыходзіць на змену індустрыяльнаму грамадству.


Інфляцыя

Інфля́цыя — ​падзенне пакупніцкай здольнасці грошай, іх абясцэньванне, звязанае з лішкам грашовай масы і недахопам спажывецкіх тавараў.


А

Аграрна-прамысловы комплекс

Агра́рна-прамысло́вы ко́мплекс — ​буйны́ міжгаліновы комплекс, які аб’ядноўвае некалькі галін эканомікі, накіраваных на вытворчасць і перапрацоўку сельскагаспадарчай сыравіны і атрыманне з яе прадукцыі, якая даводзіцца да канчатковага спажыўца.


Аграрнае пытанне

Агра́рнае пыта́нне — ​пытанне аб уласнасці на зямлю і яе размеркаванні, забеспячэнні ўмоў для паспяховага развіцця сельскай гаспадаркі і задавальненні патрабаванняў сялянства.


Анексія

Ане́ксія (лац. annexio, ад annexus — ​далучаны) — ​гвалтоўнае далучэнне адной дзяржавай тэрыторыі іншай дзяржавы (або яе часткі).


Асадніцтва

Аса́дніцтва — ​інстытут ваенных і грамадзянскіх каланістаў («асаднікаў»), якіх польскі ўрад перасяляў з цэнтральных рэгіёнаў краіны ў Заходнюю Беларусь. Праводзілася на падставе спецыяльнага закона ад 17 снежня 1920 г. «Аб надзяленні зямлёй салдат польскай арміі, якія вызначыліся ў вайне супраць Расіі».


Аўтаномія

Аўтано́мія — ​права самастойнага ажыццяўлення дзяржаўнай улады ці кіравання, што прадастаўляецца асобнай тэрыторыі ці народу, які кампактна пражывае ў межах дзяржавы.


Б

Белавежскія пагадненні

Белаве́жскія пагадне́нні — ​міждзяржаўныя пагадненні аб спыненні існавання СССР і стварэнні СНД, падпісаныя ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы 8 снежня 1991 г. кіраўнікамі Расіі, Беларусі і Украіны.


Беларусізацыя

Беларусіза́цыя — ​палітыка нацыянальна-дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР у 1920-я гг., якая праводзілася Камуністычнай партыяй бальшавікоў Беларусі і ўрадам БССР і была накіравана на развіццё культуры Беларусі, беларускай мовы і школ.


Беларусазнаўства

Беларусазна́ўства — ​гуманітарная дысцыпліна, аб’ектам вывучэння якой з’яўляецца Беларусь: яе гісторыя, традыцыі, культура, сацыяльнае жыццё, узаемадзеянне з суседзямі і роля ў міжнароднай супольнасці.


Г

Генацыд

Генацы́д (ад грэч. génos — ​род, племя і лац. caedo — ​забіваю) — ​знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нацыянальных або рэлігійных матывах.


Грамадзянства

Грамадзя́нства — ​устойлівая палітыка-прававая сувязь паміж дзяржавай і асобай, выяўленая ў сукупнасці іх узаемных правоў, абавязкаў і адказнасці.


Д

Дзяржаўны суверэнітэт

Дзяржа́ўны суверэнітэ́т — ​незалежнасць і самастойнасць дзяржавы ва ўнутранай і знешняй палітыцы, якая не дапускае замежнага ўмяшання.


Е

Еўразійскі эканамічны саюз

Еўразíйскі эканамíчны са́юз (ЕАЭС) — ​міжнародная арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, заснаваная Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў 2014 г.


З

Заходнерусізм

Заходнерусíзм — ​сістэма поглядаў, прыхільнікі якой вывучалі і разглядалі асаблівасці беларусаў як часткі агульнарускага этнасу без прызнання за імі права на самастойнасць.


К

Калабарацыянізм

Калабарацыянíзм (ад фр. collaboration — ​супрацоўніцтва) — ​усвядомленае, добраахвотнае і наўмыснае супрацоўніцтва з ворагам, у яго інтарэсах і на шкоду сваёй дзяржаве.


Калектывізацыя сельскай гаспадаркі

Калектывіза́цыя се́льскай гаспада́ркі — ​аб’яднанне індывідуальных гаспадарак сялян у буйны́я калектыўныя гаспадаркі (калгасы).


Канфесія

Канфе́сія (ад лац. confessio — ​вызнанне) — ​асаблівасць веравызнання ў межах вызначанага рэлігійнага вучэння, а таксама аб’яднанне вернікаў, якія прытрымліваюцца гэтага веравызнання.


Каранізацыя

Караніза́цыя — ​адзін з асноўных кірункаў палітыкі беларусізацыі, які прадугледжвае павышэнне ролі асоб карэннай нацыянальнасці ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі, вылучэнне кадраў з карэннага насельніцтва на партыйную, савецкую, гаспадарчую і грамадскую працу.


Культурная рэвалюцыя

Культу́рная рэвалю́цыя — ​умоўная назва комплексу пераўтварэнняў у галіне культуры — ​навукі, адукацыі, літаратуры, мастацтва ў 1920–1930-я гг. у СССР і БССР.


М

Мадэрнізацыя

Мадэрніза́цыя — ​працэс паступовага ўдасканалення грамадскіх адносін у ходзе станаўлення індустрыяльнага грамадства. Прыкметы мадэрнізацыі — ​індустрыялізацыя, урбанізацыя, дэмакратызацыя, развіццё навукі, адукацыі і культуры, абмежаванне ролі царквы, фарміраванне прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці.


Манаполія

Манапо́лія — ​1) гаспадарчае аб’яднанне, якое засяроджвае ў сваіх руках большую частку вытворчасці і збыту якога-небудзь тавару; 2) выключнае права адной асобы, групы асоб або дзяржавы на вытворчасць, гандаль ці якую-небудзь іншую сферу дзейнасці.


Менталітэт

Менталітэ́т — ​склад розуму, сукупнасць разумовых, эмацыйных, культурных асаблівасцей, каштоўнасных арыентацый і ўстановак, уласцівых сацыяльнай ці этнічнай групе, нацыі, народу, народнасці.


Ментальнасць

Мента́льнасць — спосаб мыслення, агульная духоўная настроенасць чалавека, групы.


Мытны саюз

Мы́тны саю́з (МС) — ​міждзяржаўнае пагадненне ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Ён прадугледжвае адмену мытных пошлін і падобных плацяжоў ва ўзаемным гандлі паміж краінамі — ​удзельніцамі Саюза.


Н

Нацыя

На́цыя — ​устойлівая супольнасць людзей з пэўнай псіхалогіяй і нацыянальнай самасвядомасцю, якая склалася гістарычна і мае агульныя гаспадарчыя сувязі, адметную культуру і літаратурную мову, побыт, тэрыторыю пражывання, уласную дзяржаўнасць.


Нацыяналізацыя

Нацыяналіза́цыя — ​пераход, перадача маёмасці (зямлі, прадпрыемстваў, тран­спарту, банкаў і інш.) з прыватнай уласнасці ў дзяржаўную.


Нацыянальнае пытанне

Нацыяна́льнае пыта́нне — ​сукупнасць палітычных, эканамічных, прававых, ідэалагічных і іншых праблем, якія праяўляюцца ў працэсе ўнутрыдзяржаўных і міждзяржаўных зносін паміж этнічнымі групамі (народнасцямі, нацыямі).


Нацыянальная самасвядомасць

Нацыяна́льная самасвядо́масць — ​сукупнасць ідэй, уяўленняў, перакананняў, вераванняў, у якіх народ усведамляе сябе як нацыю.


Нацыянальная форма дзяржаўнасці

Нацыяна́льная фо́рма дзяржа́ўнасці — ​форма самавызначэння і арганізацыі той ці іншай нацыі на пэўнай суверэннай тэрыторыі.


П

Палітыка «ваеннага камунізму»

Палíтыка «вае́ннага камунíзму» — ​унутраная палітыка савецкай дзяржавы (1918–1921 гг.): сістэма надзвычайных мер, якія ажыццяўляліся ў перыяд Грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі.


Паланізацыя

Паланіза́цыя — ​запазычанне або насаджэнне польскай культуры, асабліва польскай мовы, на землях з няпольскім насельніцтвам, якія кантралююцца Польшчай або падпадаюць пад польскі культурны ўплыў.


Перабудова

Перабудо́ва — ​назва палітыкі, распачатай з сярэдзіны 1980-х гг. часткай кіраўніцтва СССР на чале з М. С. Гарбачовым, якая прывяла да значных змен ва ўнутрыпалітычным і міжнародным жыцці, звязаных з галоснасцю, дэмакратызацыяй, спробамі паскарэння тэмпаў развіцця эканомікі.


Прававая дзяржава

Правава́я дзяржа́ва — дзяржава, у якой рэалізаваны прынцып падзелу ўлад на заканадаўчую і выканаўчую, што ўзаемна кантралююцца, і незалежную судовую. Прадугледжваюцца прынцып вяршэнства законаў, абавязковае іх выкананне ўсімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, роўнасць усіх людзей перад законам, забеспячэнне правоў і свабод грамадзян.


Прамысловая рэвалюцыя

Прамысло́вая рэвалю́цыя (прамысло́вы пераваро́т) — ​пераход ад мануфактурнай да фабрычна-заводскай вытворчасці, ад ручной працы да машыннай, ад мануфактуры да фабрыкі, звязаны з фарміраваннем прамысловай буржуазіі і вольнанаёмнага рабочага класа.


Прыватызацыя

Прыватыза́цыя — ​раздзяржаўленне, пераход маёмасці з дзяржаўнай уласнасці ў прыватную або калектыўную.


Р

Разбор шляхты

Разбо́р шля́хты — ​комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Расійскай імперыі, па скарачэнні шляхецкага саслоўя на тэрыторыях Рэчы Паспалітай, якія ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст.


Раскулачванне

Раскула́чванне — ​сістэма рэпрэсіўных мер, якія ажыццяўляліся савецкай уладай напярэдадні і ў час калектывізацыі супраць сялян, прылічаных да разраду кулакоў.


Рыначны сацыялізм

Ры́начны сацыялíзм — ​форма сацыялізму, якая спалучае грамадскае валоданне сродкамі вытворчасці з шырокім выкарыстаннем рыначных механізмаў эканомікі.


Рэабілітацыя

Рэабіліта́цыя — ​аднаўленне добрага імя і правоў нявінна асуджаных.


Рэйкавая вайна

Рэ́йкавая вайна́ — ​дзеянні партызан з мэтай парушэння працы чыгуначнага тран­спарту праціўніка і вываду з ладу жывой сілы, якая перавозілася па чыгунцы, тэхнікі і матэрыяльных сродкаў.


Рэпарацыі

Рэпара́цыі — поўная ці частковая кампенсацыя, выплата матэрыяльных страт ад вайны дзяржавай, якая здзейсніла агрэсію, той краіне, якая пацярпела ад яе.


Рэформа

Рэфо́рма — ​пераўтварэнне, змяненне, перабудова якога-небудзь боку эканамічнага і грамадскага жыцця пры захаванні асноў існуючага дзяржаўнага ладу.


С

Сацыялістычны рэалізм

Сацыялісты́чны рэалíзм — ​светапоглядны метад мастацкай творчасці ў літаратуры і мастацтве, які зацвердзіўся ў 1930-я гг. у СССР, а затым і ў іншых сацыялістычных краінах. Укараняўся ў мастацкую творчасць сродкамі дзяржаўнай палітыкі, у тым ліку цэнзурай, патрабаваў праўдзівага, гістарычна канкрэтнага малюнка рэчаіснасці ў яе развіцці; пры гэтым праўдзівасць і гістарычная канкрэтнасць мастацкага малюнка рэчаіснасці павінны былі спалучацца з задачай ідэйнага выхавання працоўных у духу сацыялізму.


Сацыяльна арыентаваная эканоміка

Сацыя́льна арыентава́ная экано́міка — ​гэта мадэль эканамічнага развіцця, пры якой існуюць дзяржаўныя і прыватныя сектары эканомікі, а дзяржава адыгрывае вызначальную ролю ў рэгуляванні эканамічных працэсаў і фарміраванні ўмоў для забеспячэння патрэб насельніцтва.


Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

Саю́зная дзяржа́ва Белару́сі і Расíі — ​інтэграцыйнае аб’яднанне Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь з паэтапна арганізаванай адзінай палітычнай, эканамічнай, ваеннай, мытнай, валютнай, юрыдычнай, гуманітарнай і культурнай прасторай.


У

Унітарная дзяржава

Уніта́рная дзяржа́ва — ​форма дзяржаўнага ўладкавання, пры якой тэрыторыя дзяржавы не мае ў сваім складзе федэральных адзінак (рэспублік, штатаў і да т. п.), а дзеліцца на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі (вобласці, губерні, раёны і да т. п.).

 


Уніяцтва

Унія́цтва — ​канфесія, якая ўзнікла на аснове саюза (уніі) розных хрысціянскіх цэркваў з каталіцкай царквой на ўмовах прызнання першымі рэлігійнага вяршэнства папы рымскага і каталіцкай дагматыкі пры захаванні традыцыйнага рэлігійнага культу і выкарыстанні мясцовай мовы для набажэнства.

 


Урбанізацыя

Урбаніза́цыя — ​працэс міграцыі насельніцтва з сельскай мясцовасці ў гарадскую, што ў выніку прыводзіць да імклівага росту гарадоў.


Устойлівае развіццё

Усто́йлівае развіццё — ​такое развіццё грамадства, пры якім задавальненне патрэб цяперашніх пакаленняў ажыццяўляецца без шкоды для магчымасцей будучых пакаленняў задавальняць свае ўласныя патрэбы.


Х

Харчпадатак

Харчпада́так — ​харчовы натуральны падатак, які спаганяўся з сялянскіх гаспадарак у гады новай эканамічнай палітыкі ў СССР.

 


Харчразвёрстка

Харчразвёрстка — ​элемент палітыкі «ваеннага камунізму» ў Савецкай Расіі ў 1918–1920 гг.; сістэма нарыхтовак харчавання, пры якой сяляне абавязаныя былі здаваць дзяржаве ўсе лішкі прадукцыі, у першую чаргу збожжа.


Ч

Чалавечы капітал

Чалаве́чы капіта́л — ​сукупнасць ведаў, уменняў, навыкаў, якія выкарыстоўваюцца для задавальнення разнастайных патрэб чалавека і грамадства.


Э

Эклектыка

Экле́ктыка (у архітэктуры) — ​мастацкі кірунак, арыентаваны на выкарыстанне ў адным будынку любых форм мінулага ў любых спалучэннях.


Экстэнсіўны шлях развіцця эканомікі

Экстэнсíўны шлях развіцця́ экано́мікі — ​шлях развіцця, звязаны перш за ўсё з павелічэннем колькасных, а не якасных паказчыкаў.



Page:  1  2  3  4  5  6  7  (Next)
  ALL