Суббота, 9 Ноябрь 2024, 09:39
Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас ( Сусветная гісторыя 11)
Глоссарий: Слоўнік
С

Саслоўе

Сасло́ўе — грамадскія групы людзей, якія склаліся ў эпоху феадалізму і валодалі рознымі правамі і абавязкамі. Дзяліліся на вышэйшыя і ніжэйшыя (дваранства, сялянства і інш.).

Сацыял-дэмакраты

Сацыя́л-дэмакра́ты — прадстаўнікі палітычнага руху, які абвясціў сваёй мэтай барацьбу за паляпшэнне жыцця людзей. Сацыял-дэмакратыя падзялілася на два асноўныя кірункі: рэвалюцыйны і рэфармісцкі. Рэвалюцыянеры дабіваліся хутчэйшага ўдасканалення грамадства гвалтоўным шляхам. Рэфармісты выступалі за паступовыя мірныя пераўтварэнні.

Сацыялізм

Сацыялі́зм (фр. socialism, ад лац. socialis — грамадскі) — 1) вучэнне, у якім у якасці мэты і ідэалу вылучаецца ажыццяўленне прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці, свабоды і роўнасці; 2) грамадскі лад, які ўвасабляе гэтыя прынцыпы; 3) эканамічная сістэма, пры якой сродкі вытворчасці знаходзяцца ў грамадскай уласнасці.

Сепаратызм

Сепараты́зм (фр. separatisme, ад лац. separatus — асобны) — імкненне да аддзялення, адасаблення.

Суверэнітэт

Суверэнітэ́т (ням. Souveränität, ад фр. souveraineté — вярхоўная ўлада) — незалежнасць дзяржавы ад іншых дзяржаў у знешніх адносінах і вяршэнства ва ўнутраных справах.

Т

Таталітарызм

Таталітары́зм (фр. totalitarisme, ад лац. totalis — увесь, поўны, цэлы) — форма ўладкавання грамадства, якая характарызуецца імкненнем улады да поўнага падпарадкавання чалавека, усёабдымнага кантролю дзяржавы над грамадствам, самага жорсткага цэнтралізму. Выключае любыя праявы грамадзянскай супольнасці, замяняючы ўсе гарызантальныя структуры вертыкальнымі сувязямі.

Тэрор

Тэро́р (лац. terror — страх, жах) — гвалтоўныя дзеянні з мэтай ліквідацыі і падаўлення палітычных праціўнікаў.

У

Унітарная дзяржава

Уніта́рная дзяржа́ва — форма дзяржаўнага ладу, пры якой адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі (вобласці, губерні, дэпартаменты, прэфектуры і да т. п.) не валодаюць прыкметамі дзяржаўнасці.

Урбанізацыя

Урбаніза́цыя (ад лац. urbanus — гарадскі) — працэс узмацнення ролі гарадоў у развіцці грамадства; рост колькасці гараджан.

Ф

Фашызм

Фашы́зм (іт. fascismo, ад fascio — пучок, звязак, аб’яднанне) — ідэалогія, палітычная плынь і дзяржаўны рэжым, накіраваныя на прыгнечанне ўсіх дэмакратычных свабод і прагрэсіўных грамадскіх рухаў. Для яго характэрныя непрыманне гуманізму, крайні нацыяналізм, шавінізм, расізм, апора на гвалт, культ правадыра, татальная ўлада дзяржавы, імкненне да кантролю над асобай, чалавеканенавісніцтва, мілітарызацыя, агрэсія.