Суббота, 9 Ноябрь 2024, 09:39
Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ХІХ - пачатак ХХІ ст. 11 клас ( Сусветная гісторыя 11)
Глоссарий: Слоўнік
Б

Буржуазія

Буржуазі́я (фр. bourgeoisie — гараджане) — грамадскі клас уласнікаў сродкаў вытворчасці (прадметаў і прылад працы) і капіталу, якія атрымліваюць даходы ў выніку гандлёвай, прамысловай, крэдытна-фінансавай і іншай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Бюракратыя

Бюракра́тыя (ад фр. bureau — бюро, канцылярыя і грэч. kratos — улада; літаральна — панаванне канцылярыі) — катэгорыя людзей, якія прафесійна займаюцца пытаннямі кіравання і выкананнем рашэнняў вышэйшых органаў улады.

Г

Геапалітыка

Геапалі́тыка (ад грэч. — зямля і politika — палітыка) — палітычная кан­цэпцыя, згодна з якой палітыка дзяржаў, у асноўным знешняя, прадвызначаецца геаграфічнымі фактарамі (становішча краіны, прыродныя рэсурсы, клімат і інш.).

Генацыд

Генацы́д (ад грэч. genos — род, племя і лац. caedo — забіваю) — знішчэнне або пераслед людзей па расавай, этнічнай ці рэлігійнай прыкмеце; адно з найцяжэйшых злачынстваў супраць чалавецтва.

Глабалізацыя

Глабаліза́цыя (англ. globalization, ад лац. globus — шар) — з’ява, якая характарызуе сусветную палітыка-эканамічную сітуацыю апошняга дзесяцігоддзя XX — пачатку ХХІ ст. Абумоўлена неабходнасцю рашэння сусветных праблем (экалагічныя і дэмаграфічныя праблемы, пераадоленне эканамічнай і культурнай адсталасці, энергетычнага, сыравіннага, харчовага і іншых крызісаў, асваенне калязямной прасторы і г. д.). Характарызуецца ўзрастаннем узаемасувязі і ўзаемазалежнасці розных краін і рэгіёнаў свету.

Грамадзянская вайна

Грамадзя́нская вайна́ — узброеная форма палітычнай барацьбы паміж рознымі класамі і палітычнымі групоўкамі ўнутры адной дзяржавы.

Гуманізм

Гумані́зм (ад лац. humanus — чалавечы, чалавечны) — 1) сукупнасць ідэй і поглядаў эпохі Адраджэння, якія вылучалі на першы план чалавека і патрабавалі павагі яго годнасці і любові да яго; 2) прызнанне каштоўнасці чалавека як асобы, яго права на свабоднае развіццё і праяву сваіх здольнасцей, зацвярджэнне дабра для чалавека як крытэрыю ацэнкі грамадскіх адносін.

Д

Дзяржава

Дзяржа́ва — палітычная арганізацыя грамадства з пэўнай формай праўлення (манархія, рэспубліка), для якой характэрнае ўстанаўленне вярхоўнай улады на пэўнай тэрыторыі; галоўны інстытут палітычнай сістэмы. Па форме дзяржаўнага ладу можа быць унітарнай або федэратыўнай.

Дыктатура

Дыктату́ра (ад лац. dictatura — неабмежаваная ўлада) — ажыццяўленне ўлады ў дзяржаве недэмакратычнымі метадамі.

Дыскрымінацыя

Дыскрыміна́цыя (ад лац. discriminatio — распазнаванне) — абмежаванне або пазбаўленне правоў людзей па прыкмеце расавай або нацыянальнай прыналежнасці, рэлігійных ці палітычных перакананнях і г. д.