Субота 9 Лістапад 2024 12:21
Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас (Гісторыя Беларусі. 11 клас)
Glossary: Слоўнік
С

Сацыялістычны рэалізм

Сацыялісты́чны рэалíзм — ​светапоглядны метад мастацкай творчасці ў літаратуры і мастацтве, які зацвердзіўся ў 1930-я гг. у СССР, а затым і ў іншых сацыялістычных краінах. Укараняўся ў мастацкую творчасць сродкамі дзяржаўнай палітыкі, у тым ліку цэнзурай, патрабаваў праўдзівага, гістарычна канкрэтнага малюнка рэчаіснасці ў яе развіцці; пры гэтым праўдзівасць і гістарычная канкрэтнасць мастацкага малюнка рэчаіснасці павінны былі спалучацца з задачай ідэйнага выхавання працоўных у духу сацыялізму.

Сацыяльна арыентаваная эканоміка

Сацыя́льна арыентава́ная экано́міка — ​гэта мадэль эканамічнага развіцця, пры якой існуюць дзяржаўныя і прыватныя сектары эканомікі, а дзяржава адыгрывае вызначальную ролю ў рэгуляванні эканамічных працэсаў і фарміраванні ўмоў для забеспячэння патрэб насельніцтва.

Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі

Саю́зная дзяржа́ва Белару́сі і Расíі — ​інтэграцыйнае аб’яднанне Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь з паэтапна арганізаванай адзінай палітычнай, эканамічнай, ваеннай, мытнай, валютнай, юрыдычнай, гуманітарнай і культурнай прасторай.

У

Унітарная дзяржава

Уніта́рная дзяржа́ва — ​форма дзяржаўнага ўладкавання, пры якой тэрыторыя дзяржавы не мае ў сваім складзе федэральных адзінак (рэспублік, штатаў і да т. п.), а дзеліцца на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі (вобласці, губерні, раёны і да т. п.).

 

Уніяцтва

Унія́цтва — ​канфесія, якая ўзнікла на аснове саюза (уніі) розных хрысціянскіх цэркваў з каталіцкай царквой на ўмовах прызнання першымі рэлігійнага вяршэнства папы рымскага і каталіцкай дагматыкі пры захаванні традыцыйнага рэлігійнага культу і выкарыстанні мясцовай мовы для набажэнства.

 

Урбанізацыя

Урбаніза́цыя — ​працэс міграцыі насельніцтва з сельскай мясцовасці ў гарадскую, што ў выніку прыводзіць да імклівага росту гарадоў.

Устойлівае развіццё

Усто́йлівае развіццё — ​такое развіццё грамадства, пры якім задавальненне патрэб цяперашніх пакаленняў ажыццяўляецца без шкоды для магчымасцей будучых пакаленняў задавальняць свае ўласныя патрэбы.

Х

Харчпадатак

Харчпада́так — ​харчовы натуральны падатак, які спаганяўся з сялянскіх гаспадарак у гады новай эканамічнай палітыкі ў СССР.

 

Харчразвёрстка

Харчразвёрстка — ​элемент палітыкі «ваеннага камунізму» ў Савецкай Расіі ў 1918–1920 гг.; сістэма нарыхтовак харчавання, пры якой сяляне абавязаныя былі здаваць дзяржаве ўсе лішкі прадукцыі, у першую чаргу збожжа.

Ч

Чалавечы капітал

Чалаве́чы капіта́л — ​сукупнасць ведаў, уменняў, навыкаў, якія выкарыстоўваюцца для задавальнення разнастайных патрэб чалавека і грамадства.