Субота 9 Лістапад 2024 12:21
Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас (Гісторыя Беларусі. 11 клас)
Glossary: Слоўнік
П

Прававая дзяржава

Правава́я дзяржа́ва — дзяржава, у якой рэалізаваны прынцып падзелу ўлад на заканадаўчую і выканаўчую, што ўзаемна кантралююцца, і незалежную судовую. Прадугледжваюцца прынцып вяршэнства законаў, абавязковае іх выкананне ўсімі дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі, роўнасць усіх людзей перад законам, забеспячэнне правоў і свабод грамадзян.

Прамысловая рэвалюцыя

Прамысло́вая рэвалю́цыя (прамысло́вы пераваро́т) — ​пераход ад мануфактурнай да фабрычна-заводскай вытворчасці, ад ручной працы да машыннай, ад мануфактуры да фабрыкі, звязаны з фарміраваннем прамысловай буржуазіі і вольнанаёмнага рабочага класа.

Прыватызацыя

Прыватыза́цыя — ​раздзяржаўленне, пераход маёмасці з дзяржаўнай уласнасці ў прыватную або калектыўную.

Р

Разбор шляхты

Разбо́р шля́хты — ​комплекс мерапрыемстваў, праведзеных уладамі Расійскай імперыі, па скарачэнні шляхецкага саслоўя на тэрыторыях Рэчы Паспалітай, якія ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст.

Раскулачванне

Раскула́чванне — ​сістэма рэпрэсіўных мер, якія ажыццяўляліся савецкай уладай напярэдадні і ў час калектывізацыі супраць сялян, прылічаных да разраду кулакоў.

Рыначны сацыялізм

Ры́начны сацыялíзм — ​форма сацыялізму, якая спалучае грамадскае валоданне сродкамі вытворчасці з шырокім выкарыстаннем рыначных механізмаў эканомікі.

Рэабілітацыя

Рэабіліта́цыя — ​аднаўленне добрага імя і правоў нявінна асуджаных.

Рэйкавая вайна

Рэ́йкавая вайна́ — ​дзеянні партызан з мэтай парушэння працы чыгуначнага тран­спарту праціўніка і вываду з ладу жывой сілы, якая перавозілася па чыгунцы, тэхнікі і матэрыяльных сродкаў.

Рэпарацыі

Рэпара́цыі — поўная ці частковая кампенсацыя, выплата матэрыяльных страт ад вайны дзяржавай, якая здзейсніла агрэсію, той краіне, якая пацярпела ад яе.

Рэформа

Рэфо́рма — ​пераўтварэнне, змяненне, перабудова якога-небудзь боку эканамічнага і грамадскага жыцця пры захаванні асноў існуючага дзяржаўнага ладу.