Субота 9 Лістапад 2024 12:21
Сайт: Профильное обучение
Курс: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас (Гісторыя Беларусі. 11 клас)
Glossary: Слоўнік
Е

Еўразійскі эканамічны саюз

Еўразíйскі эканамíчны са́юз (ЕАЭС) — ​міжнародная арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, заснаваная Дагаворам аб Еўразійскім эканамічным саюзе ў 2014 г.

З

Заходнерусізм

Заходнерусíзм — ​сістэма поглядаў, прыхільнікі якой вывучалі і разглядалі асаблівасці беларусаў як часткі агульнарускага этнасу без прызнання за імі права на самастойнасць.

К

Калабарацыянізм

Калабарацыянíзм (ад фр. collaboration — ​супрацоўніцтва) — ​усвядомленае, добраахвотнае і наўмыснае супрацоўніцтва з ворагам, у яго інтарэсах і на шкоду сваёй дзяржаве.

Калектывізацыя сельскай гаспадаркі

Калектывіза́цыя се́льскай гаспада́ркі — ​аб’яднанне індывідуальных гаспадарак сялян у буйны́я калектыўныя гаспадаркі (калгасы).

Канфесія

Канфе́сія (ад лац. confessio — ​вызнанне) — ​асаблівасць веравызнання ў межах вызначанага рэлігійнага вучэння, а таксама аб’яднанне вернікаў, якія прытрымліваюцца гэтага веравызнання.

Каранізацыя

Караніза́цыя — ​адзін з асноўных кірункаў палітыкі беларусізацыі, які прадугледжвае павышэнне ролі асоб карэннай нацыянальнасці ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі, вылучэнне кадраў з карэннага насельніцтва на партыйную, савецкую, гаспадарчую і грамадскую працу.

Культурная рэвалюцыя

Культу́рная рэвалю́цыя — ​умоўная назва комплексу пераўтварэнняў у галіне культуры — ​навукі, адукацыі, літаратуры, мастацтва ў 1920–1930-я гг. у СССР і БССР.

М

Мадэрнізацыя

Мадэрніза́цыя — ​працэс паступовага ўдасканалення грамадскіх адносін у ходзе станаўлення індустрыяльнага грамадства. Прыкметы мадэрнізацыі — ​індустрыялізацыя, урбанізацыя, дэмакратызацыя, развіццё навукі, адукацыі і культуры, абмежаванне ролі царквы, фарміраванне прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці.

Манаполія

Манапо́лія — ​1) гаспадарчае аб’яднанне, якое засяроджвае ў сваіх руках большую частку вытворчасці і збыту якога-небудзь тавару; 2) выключнае права адной асобы, групы асоб або дзяржавы на вытворчасць, гандаль ці якую-небудзь іншую сферу дзейнасці.

Менталітэт

Менталітэ́т — ​склад розуму, сукупнасць разумовых, эмацыйных, культурных асаблівасцей, каштоўнасных арыентацый і ўстановак, уласцівых сацыяльнай ці этнічнай групе, нацыі, народу, народнасці.