Saturday, 9 November 2024, 9:15 AM
Site: Профильное обучение
Course: Гісторыя Беларусі, XIX — пачатак XXI ст. 11 клас (Гісторыя Беларусі. 11 клас)
Glossary: Слоўнік
«

«Амерыканскі» шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы

«Амерыка́нскі» шлях развіцця́ капіталíзму ў се́льскай гаспада́рцы — ​спосаб аграр­нага гаспадарання, пры якім уласнасць на зямлю замацоўваецца за тымі, хто яе непасрэдна апрацоўвае. Пры правядзенні сталыпінскай аграрнай рэформы ствараліся ўмовы для рэалізацыі гэтага шляху: селянін мог замацаваць свае зямельныя надзелы ва ўласнасць праз водруб або хутар.

 

«Прускі» шлях развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы

«Пру́скі» шлях развіцця́ капіталíзму ў се́льскай гаспада́рцы — ​спосаб аграрнага гаспадарання, пры якім захоўвалася памешчыцкая ўласнасць на зямлю.

І

Інвентары

Інвентары́ (ад лац. inventarium — ​вопіс) — ​гаспадарчыя дакументы, якія ўключалі падрабязнае апісанне памешчыцкіх маёнткаў, сялянскіх надзелаў і павіннасцей.

Індустрыялізацыя

Індустрыяліза́цыя — ​працэс стварэння буйной машыннай вытворчасці ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, перш за ўсё ў прамысловасці.

Індустрыяльнае грамадства

Індустрыя́льнае грама́дства — ​грамадства, для якога характэрныя падзел працы, спецыялізацыя вытворчасці і яе аўтаматызацыя, арыентацыя вытворчасці на рынак, выкарыстанне ў вытворчасці дасягненняў навукі і тэхнікі.

Інтэграцыя

Інтэгра́цыя (ад лац. integratio — ​аднаўленне, папаўненне, злучэнне) — ​працэс і вынік узаемасувязі, узаемадзеяння, збліжэння і аб’яднання ў адзінае цэлае якіх-небудзь частак, элементаў, у прыватнасці краін і іх эканомік, грамадскіх і палітычных структур, партый, арганізацый і інш.

Інтэнсіўны шлях развіцця эканомікі

Інтэнсíўны шлях развіцця́ экано́мікі — ​шлях развіцця, звязаны з ростам вытворча­сці на аснове паляпшэння якасных паказчыкаў, у першую чаргу за кошт укаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі і павелічэння прадукцыйнасці працы.

Інфармацыйнае грамадства

Інфармацы́йнае грама́дства — ​грамадства, у якім у выніку навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, стварэння камп’ютараў, робатызацыі вытворчасці змяняецца характар працы. Для такога грамадства характэрныя вызначальная роля навукі і тэхнікі, масавае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. Паступова прыходзіць на змену індустрыяльнаму грамадству.

Інфляцыя

Інфля́цыя — ​падзенне пакупніцкай здольнасці грошай, іх абясцэньванне, звязанае з лішкам грашовай масы і недахопам спажывецкіх тавараў.

А

Аграрна-прамысловы комплекс

Агра́рна-прамысло́вы ко́мплекс — ​буйны́ міжгаліновы комплекс, які аб’ядноўвае некалькі галін эканомікі, накіраваных на вытворчасць і перапрацоўку сельскагаспадарчай сыравіны і атрыманне з яе прадукцыі, якая даводзіцца да канчатковага спажыўца.