Субота 18 Травень 2024 7:34
Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас (Беларуская літаратура 11)
Glossary: Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў
Г

Гу́капіс літарату́рны

Гу́капіс літарату́рны,або фо́ніка (ад грэч. fönikos — ‘той, што гучыць’), — гукавая арганізацыя літаратурнай мовы, якая ўзмацняе сэнсавую выразнасць і мілагучнасць мастацкага твора. Да літаратурнага гукапісу ў шырокім сэнсе адносяцца рытм, рыфма, строфіка, асобныя фігуры літаратурнага сінтаксісу, інтанацыя, а таксама ўласна гукапіс, або гукавая інструментоўка твора. Часцей літаратурны гукапіс разумеюць як сістэму розных гукавых паўтораў.

Гумнó

Гумнó — вялікая халодная будыніна для захоўвання і абмалоту збожжа.

Д

Дра´ма

Дра´ма (ад грэч. drama — ‘дзеянне’) — 1) род літаратуры, у аснове якога — паказ напружанага, скразнога дзеяння, вырашэнне канфліктнай сітуацыі; 2) адзін з відаў драматычнага роду літаратуры (побач з камедыяй і трагедыяй), у аснове якога — востры канфлікт, што не заканчваецца трагічнай развязкай.

Дра´ма гістары´чная

Дра´ма гістары´чная — жанравая разнавіднасць драмы, у якой па-мастацку ўзнаўляюцца пэўныя гістарычныя падзеі, жыццё і дзейнасць канкрэтных гістарычных асоб.

Дэта´ль маста´цкая

Дэта´ль маста´цкая — (ад фр. detail — ‘падрабязнасць’) — такая падрабязнасць лiтаратурнага твора, якая з асаблiвай сiлай абуджае ўяўленне i творчую думку чытача, нясе значную iдэйна-эмацыянальную i сэнсавую нагрузку.

К

Каме´дыя

Каме´дыя (ад грэч. komos — ‘вясёлы натоўп’; ode — ‘песня, гімн’) — адзін з жанраў драмы і кіно, у якім высмейваецца негатыўнае ў жыцці, характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага.

Канфлі´кт

Канфлі´кт — адлюстраванне ў мастацкім творы супярэчнасцей, што прыводзяць да сутыкнення характараў, герояў і абставін.

Квантэ´мы

Квантэ´мы — вершы-медытацыі, у якіх «імпульс, квант паэтычнай энергіі» (Я. Гарадніцкі). У квантэмах няма звязанасці, прычынна-выніковай сувязі. Паміж сказамі часта адсутнічаюць знакі прыпынку, страчаны межы паміж лагічна завершанымі кавалкамі тэксту. Ствараецца ўражанне, што словы раскіданы, існуюць паасобку.

М

Мініяцю´ра

Мініяцю´ра — замалёўка пэўнага, важнага для пісьменніка «імгнення жыцця », у якой аўтар часам перадае цэлы чалавечы характар і лёс.

Манало´г уну´траны

Манало´г уну´траны — маўленне героя, звернутае да самога сябе, якое служыць для найбольш поўнага паказу і раскрыцця яго ўнутранага свету.