Saturday, 9 November 2024, 7:40 PM
Site: Профильное обучение
Course: Біялогія. 11 клас (Біялогія 11)
Glossary: Слоўнік асноўных тэрмінаў і паняццяў
А

Аддаленая гібрыдызацыя

Метад селекцыі, скрыжаванне арганізмаў, якія належаць да розных відаў.

Алагенез

Шлях дасягнення біялагічнага прагрэсу, пры якім арганізмы набываюць аламарфозы — асобныя адаптацыі, якія не змяняюць агульны ўзровень арганізацыі, але дазваляюць асвойваць у сваім асяроддзі пражывання розныя экалагічныя нішы.

Алельныя гены (алелі)

Гены, якія вызначаюць розныя (альтэрнатыўныя) формы праяўлення адной і той жа прыметы. Размяшчаюцца ў аднолькавых участках (локусах) гамалагічных храмасом.

Алкалоіды

Біялагічна актыўныя арганічныя злучэнні пераважна расліннага паходжання. Асноўная функцыя — ахова раслін ад паядання жывёламі. Некаторыя алкалоіды ўжываюцца ў медыцыне.

Альтэрнатыўныя прыметы

Прыметы, якія ўзаемна выключаюць адна адну і ў норме не могуць прысутнічаць у арганізме адначасова.

Аналізуючае скрыжаванне

Скрыжаванне асобіны, якая мае дамінантны фенатып (аналізуемая асобіна), з гомазіготнай рэцэсіўнай асобінай. Па фенатыпах атрыманага патомства можна вызначыць генатып аналізуемай асобіны.

Аналагічныя органы

Органы, якія маюць знешняе падабенства і выконваюць аднолькавыя функцыі, але адрозніваюцца па паходжанні.

Антрапагенез

Працэс узнікнення і эвалюцыйнага развіцця чалавека.

Антыбіётыкі

Біялагічна актыўныя рэчывы прыроднага ці сінтэтычнага паходжання, якія выклікаюць гібель жывых клетак ці прыгнятаюць іх рост і развіццё.

Антыгены

Чужародныя для арганізма рэчывы і аб’екты, здольныя вы­клікаць імунны адказ.

Антыкадон

Участак малекулы тРНК, які складаецца з трох нуклеатыдаў і ў працэсе  сінтэзу бялку камплементарна звязваецца з адпаведным кадонам мРНК.

Антыцелы (імунаглабуліны)

Ахоўныя бялкі, здольныя спецыфічна звязвацца з пэўнымі антыгенамі і нейтралізаваць іх шляхам утварэння комплексаў «антыген-антыцела».

Арагенез

Шлях дасягнення біялагічнага прагрэсу, звязаны з фарміраваннем арамарфозаў — буйных, прынцыпова новых адаптацый, якія істотна павышаюць узровень арганізацыі жывых арганізмаў і дазваляюць ім выкарыстоўваць розныя ўмовы навакольнага асяроддзя ці асвойваць новае асяроддзе пражывання.

Арганоіды (арганэлы)

Пастаянныя спецыялізаваныя структуры цытаплазмы, якія ажыццяўляюць пэўныя функцыі. Адрозніваюць немембранныя, аднамембранныя і двухмембранныя арганоіды.

Атавізмы

Прыметы аддаленых эвалюцыйных продкаў, якія былі згублены відам у ходзе эвалюцыі і праяўляюцца ў некаторых асобін як адхіленне ад нормы.

Аўтасомы

Непалавыя храмасомы; усе храмасомы, за выключэннем палавых.

Аўтбрыдынг

Метад селекцыі, скрыжаванне асобін аднаго віду, якія належаць да розных парод ці сартоў.