Среда, 15 Май 2024, 03:18
Сайт: Профильное обучение
Курс: Біялогія. 11 клас (Біялогія 11)
Глоссарий: Слоўнік асноўных тэрмінаў і паняццяў
Л

Лізацым

Ахоўны бялок, які разбурае клетачныя сценкі бактэрый. змяшчаецца ў сліне, сакрэтах слізістых абалонак дыхальнай, стрававальнай, выдзяляльнай, палавых сістэм, малацэ млекакормячых і інш.

Локус

Участак храмасомы, у якім лакалізаваны той ці іншы ген.

М

Метабалізм

Абмен рэчываў; сукупнасць працэсаў хімічнага ператварэння рэчываў у жывых арганізмах ад моманту іх паступлення ў арганізм да выдзялення канчатковых прадуктаў. Уключае рэакцыі сінтэзу (анабалізм) і расшчаплення рэчываў (катабалізм).

Множны алелізм

Існаванне гена больш чым у дзвюх алельных формах. Напрыклад, для гена, які вызначае групы крыві чалавека, вядомыя тры алельныя формы: IA, IB і I0.

Мутацыі

Змяненні генетычнага матэрыялу арганізмаў, якія наследуюцца.

Н

Наследаванне

Працэс перадачы спадчыннай (генетычнай) інфармацыі ад аднаго пакалення арганізмаў да другога пакалення.

Натуральны адбор

(паводле сінтэтычнай тэорыі эвалюцыі) — накіраваны працэс выбіральнага захавання і ўзнаўлення адаптыўных генатыпаў і фенатыпаў у папуляцыях.

Неалельныя гены

Гены, размешчаныя ў негамалагічных храмасомах (у гэтым выпадку яны наследуюцца незалежна) ці ў розных локусах гамалагічных храмасом (у гэтым выпадку яны наследуюцца счэплена).

Норма рэакцыі

Дыяпазон мадыфікацыйнай зменлівасці прыметы. Норма рэакцыі вызначаецца генатыпам і перадаецца па спадчыне.

О

Осмас

Дыфузія малекул растваральніку (напрыклад, вады) праз выбі­ральна пранікальную мембрану (напрыклад, плазмалему), якая па­дзяляе растворы з рознай канцэнтрацыяй раствораных рэчываў. Пры гэтым малекулы растваральніку перамяшчаюцца з менш канцэнтраванага раствору ў больш канцэнтраваны.

П

Парода

Сукупнасць свойскай жывёлы аднаго віду, якая штучна створана чалавекам і характарызуецца пэўнымі марфалагічнымі, фізіялагічнымі і гаспадарчымі асаблівасцямі.

Паток генаў

Перанос генаў з адной папуляцыі ў другую, які адбываецца ў выніку міграцыі асобін, перамяшчэння насення, пылка і г. д.

Плазміды

Пазахрамасомныя фактары спадчыннасці; невялікія малекулы ДНК, здольныя існаваць у клетцы ў аўтаномным (не звязаным з храмасомамі) стане, самастойна падвойвацца і пры дзяленні перадавацца даччыным клеткам.

Пракарыёты

Арганізмы, у клетках якіх няма аформленага ядра і мембранных арганоідаў. Пракарыётамі з’яўляюцца бактэрыі.

Р

Рудыменты

Органы, якія ў працэсе эвалюцыі страцілі сваё асноўнае значэнне і захаваліся ў сучасных відаў у зачаткавым стане, хоць былі добра развіты ў продкаў.

Рэакцыя матрычнага сінтэзу

Працэс сінтэзу з манамераў малекулы біяпалімера, будова якога цалкам вызначаецца структурай малекулы-матрыцы (прадукт рэакцыі матрычнага сінтэзу ўяўляе сабой «адбітак» ці «злепак» матрыцы). Асноўныя рэакцыі матрычнага сінтэзу: рэплікацыя, транскрыпцыя і трансляцыя.

Рэплікацыя ДНК

Падваенне малекулы ДНК, адна з рэакцый матрычнага сінтэзу. Біясінтэз двух даччыных ланцугоў ДНК ажыццяўляецца з выкарыстаннем зыходных (мацярынскіх) ланцугоў у якасці матрыц.

С

Сістэматыка

Навука, якая вывучае разнастайнасць, паходжанне, філагенетычныя сувязі арганізмаў і займаецца іх класіфікацыяй.

Саматычная гібрыдызацыя

Зліццё розных тыпаў саматычных клетак аднаго арганізма ці арганізмаў, якія належаць да розных відаў.

Селекцыя

Навука пра стварэнне новых і ўдасканаленне ўжо існуючых сартоў раслін, парод жывёл і штамаў мікраарганізмаў.