Monday, 14 October 2024, 8:17 AM
Site: Профильное обучение
Course: Біялогія. 11 клас (Біялогія 11)
Glossary: Слоўнік асноўных тэрмінаў і паняццяў
А

Аўтасомы

Непалавыя храмасомы; усе храмасомы, за выключэннем палавых.

Аўтбрыдынг

Метад селекцыі, скрыжаванне асобін аднаго віду, якія належаць да розных парод ці сартоў.

Б

Біялагічная эвалюцыя

Заканамерны, неабарачальны працэс гістарычнага развіцця жывой прыроды, накіраваны на павышэнне прыстасаванасці арганізмаў да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя.

Біятэхналогія

Галіна навукі і практычнай дзейнасці, звязаная з атрыманнем розных прадуктаў пры дапамозе жывых арганізмаў, культывуемых клетак і атрыманых з іх ферментаў.

Бактэрыяфагі

Вірусы, якія паразітуюць у клетках бактэрый.

Барацьба за існаванне

Сукупнасць разнастайных узаемадзеянняў арганізмаў паміж сабой і з фактарамі нежывой прыроды, якія вызначаюць поспех ці няўдачу асобін у выжыванні і размнажэнні.

Браджэнне

Ферментатыўнае бескіслароднае расшчапленне арганічных рэчываў, пераважна вугляводаў. Характэрна для клетак анаэробаў, можа працякаць і ў клетках аэробаў пры недахопе кіслароду.

В

Віроіды

Інфекцыйныя агенты, якія ўяўляюць сабой кальцавую малекулу РНК без капсіда.

Вірыён

Цалкам сфармаваная вірусная часцінка, здольная да заражэння клеткі гаспадара.

Г

Гібрыдызацыя

Скрыжаванне асобін аднаго віду (унутрывідавая гібрыдызацыя) ці розных відаў (аддаленая гібрыдызацыя).

Гіялаплазма

 Вадкая частка цытаплазмы, у якой змешчаны ўсе ўнутры­клетачныя структуры.

Гамалагічныя органы

Органы, якія маюць адзіны план будовы і агульнае паходжанне.

Гамалагічныя храмасомы

Парныя храмасомы. Маюць аднолькавую будову і змяшчаюць аднолькавы набор генаў (могуць адрознівацца толькі алельнымі формамі генаў). у ходзе меёзу могуць абменьвацца ўчасткамі (з’ява кросінговера).

Гамеастазіс (гамеастаз)

Здольнасць жывых арганізмаў захоўваць адноснае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутранага асяроддзя.

Ген

Участак малекулы ДНК (у РНК-змяшчальных вірусаў — РНК), які змяшчае інфармацыю пра першасную структуру пэўнага бялку, ррнк ці тРНК. 

Генатып

Сукупнасць генаў якога-небудзь арганізма.

Генафонд

Сукупнасць генатыпаў якой-небудзь групы асобін (напрыклад, папуляцыі ці віду).

Генетыка

Навука, якая вывучае заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці жывых арганізмаў.

Генетычная інжынерыя

Сукупнасць метадаў і тэхналогій, звязаных з выдзяленнем генаў з клетак жывых арганізмаў, ажыццяўленнем роз­ных маніпуляцый з імі і ўвядзеннем іх у другія арганізмы.

Генетычны код

Універсальная для жывых арганізмаў сістэма запісу інфармацыі пра першасную структуру бялкоў у выглядзе паслядоўнасці нуклеатыдаў ДНК (мРНК).