Субота 18 Травень 2024 7:33
Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 10 клас (Беларуская літаратура 10)
Glossary: Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў
П

Постмадэрні´зм

Постмадэрні´зм — плынь у еўрапейскай і паўночнаамерыканскай культуры другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. У адрозненне ад мадэрнізму з яго ўстаноўкай на навізну постмадэрнізм звяртаецца да культурнай спадчыны мінулага як аб’екта гульнявога асваення, іранічнага цытавання і сітуацыйнага пераасэнсавання, крыніцы стылізацыі і камбінавання яе форм.

Прадмо´ва

Прадмо´ва — уступнае слова да кнігі, у якім выдавец, рэдактар або аўтар паведамляе чытачу звесткі, неабходныя для лепшага разумення прапанаванага тэксту.

Прало´г

Прало´г — уступ у мастацкім творы, які знаёміць чытача (гледача) з падзеямі, што папярэднічалі асноўнаму дзеянню.

Прататы´п

Прататы´п — асоба, якая рэальна існавала і паслужыла аўтару правобразам (мадэллю) для стварэння літаратурнага персанажа.

Про´паведзь

Про´паведзь — жанр аратарскай прозы, які мае рэлігійна-дыдактычны (павучальны) характар і прызначаны для прамаўлення падчас набажэнства.

Пры´мхі

Пры´мхі — ірацыянальныя кампаненты грамадскай і індывідуальнай свядомасці, якія датычаць незвычайнага, цудадзейнага і страшнага.

Пры´тча

Пры´тча (прыпавесць)— невялікі алегарычны аповед павучальнага характару, які, у адрозненне ад байкі, не мае традыцыйных умоўных персанажаў.

Псіхалагі´зм

Псіхалагі´зм — мастацка-вобразнае адлюстраванне і выяўленне ў мастацкім творы ўнутранага жыцця асобы, што абумоўлена каштоўнасцямі аўтара, яго ўяўленнямі аб асобе і задумай, канцэпцыяй твора.

Р

Рама´н

Рама´н — эпічны празаічны (часам — вершаваны) твор, у якім шырока ахоплены істотныя жыццёвыя з’явы пэўнага сацыяльнага асяроддзя, нацыі і эпохі, паказаны шматлікія характары ў іх развіцці, псіхалагічнай напоўненасці, створаны разнастайныя бытавыя малюнкі.

Раманты´зм

Раманты´зм — мастацкі напрамак, які сфарміраваўся на мяжы ХVIII— ХІХ стагоддзяў у краінах Заходняй Еўропы. Цэнтр мастацкай сістэмы рамантызму — асоба, галоўны канфлікт — паміж асобай і грамадствам.