Friday, 17 May 2024, 1:48 PM
Site: Профильное обучение
Course: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас (Сусветная гісторыя 10)
Glossary: Слоўнік
Д

Дзяржава

Дзяржáва — палітычная арганізацыя грамадства з сістэмай арганізаванай улады, якая ажыццяўляе кіраванне для забеспячэння стабільнасці, прымушае да выканання абавязковых пастаноў і законаў.

Духавенства

Духавéнства — абагульняючы тэрмін для абазначэння служыцеляў культу розных рэлігій. У сярэднявечнай Заходняй Еўропе складала асобнае саслоўе грамадства.

Дынастыя

Дынáстыя — паслядоўнасць манархаў з аднаго роду, якія змянялі адзін аднаго на троне па праву атрымання ў спадчыну ўлады.

Дыяцэзія

Дыяцэ́зія — вялікая тэрытарыяльная царкоўная акруга каталіцкай царквы на чале з біскупам ці арцыбіскупам, якая складаецца з больш дробных структурных адзінак — парафій. У праваслаўнай царкве дыяцэзіі адпавядае епархія.

Дэмакратыя

Дэмакрáтыя — (ад грэч. demos «народ», kratos «улада»), народаўладдзе — сістэма палітычнага кіравання ў Старажытнай Грэцыі, пры якой палітычная ўлада знаходзілася ў руках прадстаўнікоў, якіх абіралі грамадзяне. У сучасным значэнні дэмакратыя — гэта палітычная сістэма кіравання, заснаваная на выбарнасці прадстаўнікоў улады.

Е

Ерась

Éрась — кірунак у хрысціянскай рэлігіі, які не прызнаваўся пануючай (артадаксальнай) царквой.

К

Каланізацыя

Каланізáцыя — працэс засялення і асваення новых тэрыторый зямлі людзьмі.

У антычным свеце каланізацыя першапачаткова была накіравана на рашэнне праблем, звязаных з вострым недахопам збожжа ў родным горадзе, і толькі пазней стала спосабам пашырэння гандлёвых сувязяў, сродкам заваявання новых зямель, прыдатных для сельскай гаспадаркі.

Каланізацыя была непасрэдна звязана з пашырэннем сферы палітычнага ўплыву (асабліва гэта характэрна для каланізатарскай дзейнасці Афін у V стагоддзі да н. э. і для каланізацыі ў эліністычна-рымскі перыяд), а таксама з развіццём антычнай культуры.

Працэс каланізацыі пачаўся з канца II-га тыс. да н. э. і працягваўся (з некаторымі перапынкамі) аж да эпохі ранняй Рымскай імперыі.

Каланіялізм

Каланіялíзм — палітыка і практыка моцнай дзяржавы па ўстанаўленні тэрытарыяльнага кантролю над слабай краінай або народам.

Калектывізм

Калектывíзм — прынцып агульнасці, калектыўны пачатак у грамадскім жыцці, у працы, у якой-небудзь дзейнасці; сумесная дзейнасць людзей па задавальненні патрэбаў усіх членаў супольнасці.

Камуна

Камýна — у сярэднявечнай Заходняй Еўропе аб'яднанне гараджан для барацьбы за свае правы, галоўным з якіх было права на самакіраванне горада.