Saturday, 15 June 2024, 8:23 AM
Site: Профильное обучение
Course: Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XVIII ст. (Гісторыя Беларусі. 10 клас.)
Glossary: Слоўнік
С

Сінагога

Сінаго́га — ​культавы будынак у іўдаізме.

Сарматызм

Сарматы́зм — ​ідэалогія, якая садзейнічала заканадаўчаму афармленню замкнёнага шляхецкага саслоўя. Асноўным яго пастулатам было паходжанне шляхецкага саслоўя ад племені сарматаў, што давала гэтаму саслоўю права на выключнае становішча ў дзяржаве.

Сармацкі партрэт

Сарма́цкі партрэ́т — ​форма параднага рыцарскага партрэта, уласцівая выяўленчаму мастацтву ВКЛ перыяду XV—XVIII стст. Чалавек у такіх творах паказваўся па вызначанай схеме — ​у парадным адзенні, у атачэнні прадметаў, што не толь­кі адлюстроўвалі мадэль, яе ўнутраны свет, характар, але і перадавалі прыналежнасць да той ці іншай саслоўнай групы насельніцтва, дазвалялі даведацца пра становішча асобы ў грамадстве.

Саха

Саха́ — ​драўляная (акрамя металічных сашнікоў — ​нарогаў) вупражная ворыўная прылада.

Секулярызацыя культуры

Секулярыза́цыя культу́ры — ​размежаванне свецкай і царкоўнай культуры.

Селішча

Се́лішча — ​старажытнае неўмацаванае паселішча.

Сенат

Сена́т — ​дзяржаўная рада манарха і вышэйшая палата сойма Рэчы Паспалітай.

Скамарохі

Скамаро́хі — ​народныя акцёры.

Скарбовая камісія

Скарбо́вая камі́сія — ​цэнтральны калегіяльны орган дзяржаўнай улады Рэчы Паспалітай у галіне фінансаў і эканомікі.

Славяне

Славя́не — ​этнамоўная супольнасць, што належыць да індаеўрапейцаў.

Служба

Слу́жба — ​1) сялянскі зямельны ўчастак у ВКЛ да аграрнай рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста; 2) адзінка для вымярэння вайсковай службы баяр-шляхты ў ХV—ХVІ стст.

Смерды

Сме́рды — ​назва сельскага насельніцтва на Русі з ХІ ст.

Сойм

Сойм — ​найвышэйшы прадстаўнічы орган у ВКЛ у ХV — ​першай палове ХVІ ст. і Рэчы Паспалітай у другой палове ХVІ — ​ХVІІІ ст.

Соймік

Со́ймік — ​сход шляхты павета.

Стараста

Ста́раста — ​у ВКЛ у ХVІ—ХVІІІ стст. службовая асоба, якая кіравала адміністрацыйнай акругай (паветам).

Сфрагістыка

Сфрагі́стыка — ​дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае пячаткі і гісторыю іх існавання.