Практыкум

1. Адраджэнне на беларускіх землях (С. Падокшын)

Адраджэнне на беларускіх землях (С. Падокшын)[12]

   Адраджэнне ў ВКЛ (XVI — пач. XVII ст.) абумоўлена пазітыўнымі зменамі ў эканамічным, сацыяльна-палітычным, духоўна-культурным жыцці беларускага, украінскага і літоўскага народаў, развіццём гарадоў, актывізацыяй прагрэсіўнага магнацка-шляхецкага руху за рэфармаванне грамадска-дзяржаўных інстытутаў краіны.

   Адраджэнне ў ВКЛ прайшло 3 перыяды:

  • ранні (пач. XVI ст. — 1550-я гг.) — станаўленне або пранікненне ў грамадскую свядомасць ідэй рэформаў і рэлігійна-духоўнага аднаўлення;
  • развіты (2-я пал. XVI ст.) — сінтэз рэфармацыйна-гуманістычнай тэорыі з рэальнай сацыяльна-дзяржаўнай, царкоўнай і культурнай практыкай;
  • позні (пач. XVII ст.) — барацьба за выжыванне ва ўмовах Контррэфармацыі і развіцця айчыннай культуры барока.

   З’яўляючыся адзінствам агульнаеўрапейскага і рэгіянальна-нацыянальнага, Адраджэнне ў ВКЛ мела свае спецыфічныя рысы: сутыкненне ўсходніх і заходніх рэлігійна-царкоўных і духоўна-культурных каштоўнасцей, станаўленне нацыянальных (беларускай, украінскай і літоўскай) культур у складзе поліэтнічнай і рознарэлігійнай інтэграванай дзяржавы ва ўмовах незавершанага працэсу нацыянальнай дыферэнцыяцыі беларускага, украінскага і літоўскага народаў. Транзітыўны (пераходны) характар эпохі Адраджэння быў звязаны з усталяваннем новых каштоўнасных арыенціраў, якія складалі сутнасць новага рэнесансна-гуманістычнага светапогляду і фарміраваліся ў барацьбе з пануючай сярэднявечнай, артадаксальнай ідэалогіяй. Адметнымі рысамі рэнесансна-гуманістычнага светапогляду былі:

   — уяўленне пра самакаштоўнасць чалавечага жыцця, або адраджэнскі антрапацэнтрызм, у якім галоўнай была праблема зямнога прызначэння чалавека, а не замагільнай узнагароды;

   — вучэнне пра свабоду як галоўную ўмову шчаслівага жыцця чалавека, яго вялікія магчымасці ў адносінах да самога сябе, пазнання,творчасці;

   — рацыяналізм і натуралізм як пераважныя спосабы інтэрпрэтацыі прыродна-сацыяльнай рэчаіснасці, чалавека (Ф. Скарына, М. Гусоўскі, С. Будны, В. Цяпінскі, Л. Сапега, А. Волан і інш.).

   Характэрная адзнака айчыннага Адраджэння – наяўнасць у ВКЛ на працягу пэўнага перыяду (другой паловы XVI ст.) адноснай рэлігійнай талерантнасці, што зафіксавана як у афіцыйных дакументах (акт Варшаўскай канфедэрацыі 1573 г., Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г.), так і ў прыватнай мемуарыстыцы («Дзённік» Ф. Еўлашоўскага); узаемадзеянне беларускай, украінскай, літоўскай, польскай і рускай культур, сувязь рэнесанснага гуманізму з айчыннай Рэфармацыяй, палітычным і нацыянальна-культурным рухамі XVI–XVII стст.

    Асаблівасцю рэнесанснай культуры ў ВКЛ з’яўляецца яе функцыянаванне ва ўмовах Контррэфармацыі і культуры барока.

  Істотны момант Адраджэння ў ВКЛ – станаўленне ўласна беларускай культуры. Пачынаючы з дзейнасці Скарыны рэнесансная ідэя служэння «агульнаму дабру» набыла нацыянальна-патрыятычную і асветніцка-дэмакратычную канкрэтызацыю.

  Фарміраваўся беларускі менталітэт – спецыфічны спосаб светаўспрымання і светаадчування, які вызначаў нацыянальны характар і своеасаблівасць духоўнай культуры.

   З эпохай Адраджэння звязана інтэнсіўнае развіццё айчыннай філасофскай і грамадска-палітычнай думкі. На гэтай аснове сфарміраваліся каштоўнасці і ідэалы, якія не толькі паўплывалі на наяўную сацыяльна-дзяржаўную практыку і духоўную культуру, але і склалі аснову сучаснай духоўнасці і нацыянальнай самасвядомасці беларускага, украінскага і літоўскага народаў. Гэта ідэя спалучэння агульначалавечага і нацыянальнага, рэнесансна-гуманістычная персаналісцкая канцэпцыя чалавека, звязаная з ідэямі духоўнай свабоды, вяршэнства закона, усведамленне неабходнасці грамадска-рэлігійнай згоды, паразуменне паміж Усходам і Захадам, талерантнасць і рэлігійна-інтэлектуальны плюралізм як гістарычна абумоўленыя рысы ментальнасці ВКЛ, этычная дамінанта айчыннай філасофскай культуры, ідэя развіцця духоўнай культуры на нацыянальнай аснове, непрымальнасць у духоўным жыцці прымусу і насілля. Аднак гэтыя рэнесансныя рысы часам спалучаліся з наяўнымі ў грамадстве праявамі рэлігійна-інтэлектуальнай нецярпімасці, шляхецкага эгаізму і самавольства, непавагай да існуючых законаў, сацыяльнай несправядлівасцю і інш.

На падставе культурных традыцый ВКЛ (візантыйскіх, старажытнарускіх, заходнееўрапейскіх, айчынных) развіваліся літаратура і мастацтва. У архітэктуры, іканапісе, жывапісе, графіцы, музыцы, тэатральным мастацтве, эстэтычнай думцы ВКЛ XVI – пачатку XVII ст. назіраліся прыкметы культуры Адраджэння і барока.

 1. Назавіце спецыфічныя рысы Адраджэння ў ВКЛ.
2. Вызначце асаблівасці рэнесансавай культуры.
3. У якіх афіцыйных дакументах зафіксавана наяўнасць у ВКЛ на працягу другой паловы XVI ст. адноснай рэлігійнай талерантнасці?
4. Што займала вядучае месца ў светапогляднай сістэме Адраджэння ў ВКЛ?
5. Вылучыце асноўную праблему сацыяльна-палітычнай і прававой думак эпохі Адраджэння ў ВКЛ.
6. Растлумачце, як вы разумееце ідэал нацыянальнага жыцця, сфармуляваны Ф. Скарынам.
7. Пабудуйце схему, гекс або ментальную карту па тэме прыведзенага артыкула.

[12] Падокшын С. Адраджэнне // Беларусь: энцыкл. давед. — Мінск, 1995.