Практыкум

2. «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага (урывак)

«Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі»
Мацея Стрыйкоўскага (урывак)[2]

Выслаўляю адвагу ваяроў сармацкіх[3],
Што пазбавілі пыхі рыцараў крыжацкіх.
Пыху Бог люта нішчыць, бо пакору любіць,
Сціплых сам карануе, а пыхлівых – губіць.
Вітаўт-князь і Ягайла, пан святы й руплівы,
Злы намер углядзеўшы, што магістр пыхлівы
Прускі меў (бо Літву ён з Польшчай зруйнаваці
Прагнуў, нам сваё права гвалтам навязаці),
Разаслалі адразу віты[4] на збіранне
Ваяроў па паветах, каб пачаць змаганне;
Бо, казалі, крыжакі ледзь не за парогам,
I ўсялякае моцы прэцца з рэйха многа.
А таму варта хутка на вайну збірацца –
На чужыне, не дома, з ворагам спаткацца.
Гвалт спынілі, з крыжацкай пашчы ўласнай сілай
Волю вырвалі й славу для Айчыны мілай...
                                   І хутчэй памчалі,
Ля сяла Грунэвальда станы[5] ўсе напялі.
Там шырокае поле, дзе дуброў навокал
Шмат расло на пагорках – так, як кінуць вокам;
А па ўзгорках ярыны крыва разышліся,
Лагер польскі на ўзгорках гэтых прыпыніўся.
А насупраць – палеткі, што былі лясамі,
А цяпер загусцелі, параслі хмызамі.
На пяць міляў нізіна ўшыркі раздалася,
Дзе жывёла калісьці сытая паслася.
Там літва свае станы ўставіла шырока,
Іх навокал ірвамі абвяла глыбока
(Што да польскіх рагамі станаў прымыкалі –
Каб, трывогі не знаўшы, воі спачывалі).
Зблізу нашых насупраць буй-гара паўстала –
Па баках пышнарослым дубняком буяла,
А з вяршыні, калі б хто на яе ўзабраўся,
Стан літоўскі і польскі добра адкрываўся.
I гару тую немцы ўставілі шатрамі
(Іх трымалі надзейна рожны з ланцугамі).
Месца зручнае тое як на ваяванне,
Дыспазіцыю войска і крыві пусканне.
«Багародзіцу» нашы, немцы «Dasticht» завялі,
З дзелаў, бубнаў трэск, грукат, коні ржаць пачалі.
Немцы вышай стаялі, з дзвюх гармат пальнулі,
Ды з палякаў нікога з іх не закранулі.
Тым смялей і літва ўжо з крыкамі нясецца,
Аж з канём конь суседскі бокам, крупам б’ецца.
Між літвы смела Вітаўт рэй вядзе-трымае,
Іх натхняе ды крыкам шэрагі раўняе.
…Потым добрую вестку нашы людзі мелі:
I зямля, і паветра ад імшы[6] дрыжэлі,
Па касцёлах удзячна «Те Deum»[7] спявалі,
У Літве, як і ў Польшчы, Бога праслаўлялі.
Едуць з Мальбарка немцы, просяць спачування:
Хай кароль міласцівы ім для пахавання
Целы выдасць магістра, комтураў забітых
Ды з князёў іх нямецкіх самых знакамітых.
I кароль наш разважна мовіў тыя словы:
«Як раней быў, панове, мір трымаць гатовы,
Так даць жыцці тым воям быў бы я ласкавы,
Ды за іхнія ўчынкі зжэр іх Марс крывавы».
Потым плакаў, над лёсам немцаў уздыхаўшы
Ды на смерць і фартуну моцна наракаўшы.
Немцы цела магістра ў Мальбарак забралі,
Там яго і комтураў годна пахавалі.
Той шэсцьсот, гэты – трыста комтураў згадае,
А чатырыста – іншы (рацыю ён мае).
Немцаў сто сорак тысяч мелася да бою,
Ды яшчэ дзевак, слугаў везлі за сабою.
Слаўнай той перамогай захацеў палякаў
I літву Бог аздобіць, бо змаглі крыжакаў.

Пераклад з польскай мовы А. Ул. Бразгунова 

 1. Патрыётам якой краіны выступае Мацей Стрыйкоўскі?
          2. Дакажыце, што «Хроніку» можна аднесці да твораў рэнесансавай літаратуры.
          3. Аб якой падзеі ідзе гаворка ў прыведзеным урыўку?
          4. Назавіце галоўных герояў прыведзенага ўрыўка. Дайце ім характарыстыку.

[2] Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ — першая палова ХVІІІ стагоддзя / НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы; падрыхт. А.І. Богдан [і інш.]; навук. рэд. В.А. Чамярыцкі. –— Мінск: Беларус. навука, 2005. — С. 432—435.

[3]Воінаў ВКЛ і Каралеўства Польскага.

[4]Віты – копіі ўніверсалаў вялікага князя літоўскага на скліканне паспалітага рушэння.

[5]Станы – шатры, намёты.

[6]Імша – звычайна ўрачыстая каталіцкая служба.

[7]«Те Deum» – пачатак каталіцкага гімна.