Практыкум

1. Аповесць пра Ефрасінню Полацкую (урыўкі)

Аповесць пра Ефрасінню Полацкую (урыўкі) [1]

   Пахвалёны Госпад Бог Ізраіля, Бог Аўраама, Бог Ісаака, Бог Іакава, не мёртвых Бог, але жывых... Але вернемся да таго, з чаго пачалі мы аповесць. Вы ж, дабрачынныя слухачы — князі і баяры, царкоўнікі і пачэсныя сонмы святых, што жывуць у манастырах, і простыя людзі, — прыйдзіце на гэтую казань, паслухайце ўважліва...

   Быў у горадзе Полацку князь Усяслаў, і меў жа ён многа сыноў. I быў у яго меншы сын іменем Георгій, ад якога і нарадзілася шчаснае тое дзяўчо. I ўзрадаваліся бацькі яе нараджэнню разам з усімі роднымі. А праз колькі дзён наказалі хрысціць яе, і хрысцілі яе ў імя Айца, Сына і Духа Святога. I гадавала яе карміцелька, і расло дзень за днём немаўля, жывячы малаком цела, а душу напаўняючы Духам Святым. I дзяўчына была вельмі здольная да кніжнай навукі, нават не дасягнуўшы яшчэ паўналецця, і было гэта плёнам малітвы. Так любіла вучэнне яна, што дзівіўся бацька яе з любові такой да навук. I па ўсіх гарадах разышлася слава пра яе мудрасць, і добрыя здольнасці да навук, і красу цялесную, бо яна была прыгожая надта абліччам. Хараство ж яе многіх слаўных князёў прыводзіла да бацькі яе, хацеў кожны з іх заручыць яе сыну свайму. I многія часта прасілі згоды на гэта ў бацькі яе, але адказваў той: «Няхай спраўдзіцца воля Госпада!»

   Адзін жа з князёў, найбольш слаўны княжаннем сваім і багаццем, паслаўшы да бацькі яе, папрасіў выдаць дачку за сына свайго. I калі споўнілася дзяўчыне дванаццаць гадоў, пачаў казаць бацька яе да княгіні: «Варта аддаць ужо за князя Прадславу» (так бо назвалі яе да хрышчэння). Яна ж адказала: «Хай спраўдзіцца воля Бога і твая, княжа!» Прадслава ж, пачуўшы ўсё тое, падумала, — ці праўдзівей сказаць: Святым Духам напоўніўся розум яе, — і сказала сабе: «Што будзе, калі бацька аддасць мяне замуж?» I яшчэ казала сабе: «Што ж учынілі нашы роды, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж і княжылі, але не вечна жылі, жыццё іх праплыло, і загінула іх слава, быццам прах, горай за павуцінне... Ці не было б лепей за гэтае жыццё пастрыгчыся ў манашкі і быць ігуменняй, і слухацца сёстраў, і вучыцца, як Божы страх сцвердзіць у сэрцы сваім і як скончыць жыццё?» I, гэтак вырашыўшы, пайшла ў манастыр пакрыёма ад бацькі і ад усіх родных.

   У тыя гады ігуменняю была княгіня Раманава. Прыйшоўшы да яе, Еўфрасіння (Ефрасіння) прасіла, каб дазволіла тая прыняць ёй анёльскі воблік і далучыцца да інакіняў, што жылі там, і быць пад Хрыстовай уладай... I стала жыць у манастыры ў паслушэнстве ігуменні і ўсім сёстрам і ўсіх пераўзыходзіла ў посце, малітвах, чуйнаванні начным. I з таго часу яшчэ руплівейшаю стала, збіраючы дабрачынныя думкі ў сэрцы сваім, як пчала — мёд у соты.

   Так жыла яна нейкі час у манастыры, а пасля папрасіла епіскапа Ілью, што кіраваў пасадам Святой Сафіі ў Полацку, каб той дазволіў ёй жыць у царкве Святой Сафіі ў мураванай келлі. I дазволіў ёй жыць там. I ўвайшла яна туды, і ўчыніла найпадзвіжнейшы подзвіг посту, і пачала пісаць кнігі сваімі рукамі, і прыбытак ад продажу іх аддавала тым, хто быў у нястачы.

   Так жыла пэўны час. I ў адну ноч легла яна адпачыць пасля доўгіх стаянняў на малітве да Бога, і ўбачыла праяву: узяў яе анёл і павёў туды, дзе была цэркаўка Святога Спаса, метохія Святой Сафіі, што людзі завуць Сяльцом. I паказаў яе анёл Госпадавы, кажучы так: «Еўфрасіння! Тут належыць быць табе!»...

   Той жа ночы явіўся той анёл епіскапу Ілью, кажучы: «Увядзі рабу Божую Еўфрасінню ў цэркаўку Святога Спаса на святым месцы, званым Сяльцом, бо яна вартая Царства Нябеснага»... І гаворыць епіскап: «Ведаеш, дзіця, што царква, дзе жывеш ты, — саборная, тут усе людзі збіраюцца, і нядобра табе быць тут. Але ж ёсць цэркаўка Святога Спаса ў Сяльцы, дзе брація наша ляжыць — епіскапы, што былі да нас. Калі Бог успаможа, дык малітвамі іх і працай тваёю ўзвялічыцца гэтае месца!»...

   I паклікаў тады епіскап князя Барыса, дзядзьку яе, і бацьку яе Георгія, і найпадобную Еўфрасінню, і пачэсных мужоў і, зрабіўшы іх сведкамі, мовіў: «Вось, аддаю Еўфрасінні месца Святога Спаса пры вас, каб пасля маёй смерці ніхто не судзіўся за гэты дарунак мой». I чулі гэта абодва князі і «баляры» ўсе ад епіскапа, і пакланіліся яму, кажучы гэтак: «Сапраўды, уладыка святы: сам Бог уклаў у тваё сэрца клопат апекавацца над гэтай дзяўчынаю». Еўфрасінні ж казалі: «Ідзі і паслухай епіскапа, учыні, што ён табе скажа, бо ён усім нам айцец, і трэба слухаць яго». Еўфрасіння ж, узняўшы з усмешкаю твар на іх, мовіла: «Іду з радасцю, як Бог мне накажа, так і будзе: хай будзе на мне воля Госпада!»

   Князі ж і баяры ўсе, пачуўшы гэтыя словы найпадобнейшае Еўфрасінні, узрадаваліся і, атрымаўшы благаславенне епіскапа, пакланіліся Еўфрасінні, пацалавалі з любоўю яе і раз’ехаліся па дамах. А Еўфрасіння, памаліўшыся ў Святой Сафіі, атрымаўшы благаславенне епіскапа, тае ж ночы ўзнялася і, узяўшы з сабою адну манашку, прыйшла на месца, званае Сяльцом, дзе стаяла царква Святога Спаса. I ўвайшла ў царкву, і пакланілася, і прамовіла так: «Ты, Госпадзе, даючы святым сваім апосталам запавет, казаў: „Не насіце з сабою нічога, апрача посаха". Я ж, слухаючыся слова Твайго, прыйшла на гэтае месца, нічога не ўзяўшы з сабою, маючы ў сабе толькі слова Тваё: Госпадзе, памілуй! А з маёмасці ўсяе ёсць у мяне адно гэтыя кнігі, з якіх мае ўцеху душа і ўзвесяляецца сэрца...»

   Паставіла Еўфрасіння царкву каменную Святога Спаса, і збудавалі тую царкву за 30 тыдняў. I тут хачу вам, братове, расказаць пра дзіва. Быў муж Іван, прыстаўнік над майстрамі царкоўнымі. I колькі разоў на досвітку чуў голас ён, які прамаўляў: «О Іване! Узрушся, ідзі на будоўлю царквы Уседзяржыцеля Спаса!» I аднойчы ён узняўся і прыйшоў да шчаснае Еўфрасінні, і сказаў ёй: «Ці не ты, панна, па мяне пасылаеш, каб я ўзяўся за працу?» А яна адказвае: «Не». Але, падумаўшы, кажа яму шчасная тая жанчына: «Нават калі і не я цябе ўзрушваю, усё адно паслухай шчыра і ўважліва таго, хто цябе кліча на гэтую працу». I скажу вам яшчэ пра адно дзіва, добрыя слухачы. Ужо збудавана была царква тая, але крыху не хапіла плітаў, і не было чым скончыць вярхі. I шукалі, але не знайшлі нічога. I зажурылася Еўфрасіння, і, уздыхаючы, мовіла: «Слава табе, Уладар Уседзяржыцель і чалавекалюбча! Ты, Хто даў нам вялікае ўсё, дай і меншае, каб завяршылася царква Твая!» Так яна памалілася, а назаўтра па Божай волі знайшліся пліты ў печы, і ў той самы дзень скончана была царква і ўзнесены крыж.

   Найпадобнейшая ж Еўфрасіння, угледзеўшы завершаную царкву, узрадавалася душою. I асвяцілі царкву, і была радасць вялікая ўсім хрысціянам. I сабраліся князі і ўладарныя мужы, і інакі з інакінямі, і просты люд, і адбылося вялікае свята, і святкавалі шмат дзён, а пасля разышліся...

Мы ж вернемся да ранейшага. Бачыла найпадобнейшая Еўфрасіння манастыр свой аздоблены і поўны ўсякага дабра і задумала паставіць другую царкву мураваную Святой Багародзіцы. I, завяршыўшы яе, аздобіла абразамі, асвяціла і аддала манахам; і быў там вялікі манастыр. I ўбачыла шчасная два ўзведзеныя манастыры, вельмі вялікія і багатыя.

   I паслала слугу свайго Міхаіла ў Царград да цара Мануіла і да патрыярха Лукі з дарамі каштоўнымі, просячы ў іх абраза святой Багародзіцы... Патрыярх жа Лука сабраў епіскапаў і ўвесь сабор у Святую Сафію і, благаславіўшы, аддаў той абраз слузе найпадобнейшае Еўфрасінні. Ён жа з радасцю ўзяў і прынёс той абраз Еўфрасінні... I аздобіла ўсю зямлю Полацкую сваімі багалепнымі манастырамі.

   I, бачачы, як прасвятліў Бог манастыры яе, пажадала, молячыся: «Каб жа дайсці мне да святога горада Іерусаліма і пакланіцца гробу Госпадаву і ўсім мясцінам святым, бачыць іх і цалаваць, і там скончыць жыццё сваё!» Гледзячы ж на супольнае мноства статку Божых авечак, радавалася яму, як свайму ўратаванню, і кожны дзень навучала сёстраў сваіх: старых вучыла цярпенню і ўстрыманню, юных — душэўнай чысціні і цялеснаму супакаенню, гавенню шчыраму, хаджэнню рахманаму, голасу ціхмянаму, слову дабрачыннаму, ядзенню і піццю маўкліваму: пры старэйшых маўчаць, мудрых слухаць, да старэйшых — пакоры, да роўных і меншых — любові некрывадушнай, мала казаць, а больш разумець. Такі ж мела дар шчасная Еўфрасіння ад Бога: калі хто спытае яе пра што-небудзь — яна давала адказ, і хто слухаў яе — атрымліваў даброты ўсялякія. I не хацела яна бачыць, каб хто варагаваў: ні князь з князем, ні баярын з баярынам, ні з простых хто са сваім сябрам, але ўсіх жадала бачыць адзінадушнымі...

   Еўфрасіння — незвядальны квет райскага саду. Еўфрасіння — арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу, як промень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую...

   Шчасны і манастыр, шчасныя і насельнікі манастыроў Святога Спаса і Святой Багародзіцы! Шчасны люд, што табе паслугаваў! Але, о найшчаснейшая нявеста Хрыста, Бога нашага, маліся да Бога аб статку сваім, які ты спалучыла ў Хрысце, Якому належыць усялякая слава, гонар і пакланенне з Айцом і Святым Духам цяпер і заўжды і давеку! Амін.

Пераклад А. Мельнікава

 1. Ад якой асобы напісаны гэты твор?
          2. З якой мэтай твор ствараўся?
          3. Аб якіх падзеях ідзе гаворка ў тэксце?
          4. Падзяліце тэскт на сэнсавыя часткі. Складзіце разгорнуты план. Абазначце даты, да якіх адносіцца кожная з сэнсавых частак.
          5. Вызначце, чым важны гэты твор для айчыннай гісторыі.

[1] Кніга жыцій і хаджэнняў: пераклад са старажытнарускай, старабеларускай і польскай / уклад., прадм. і камент. А. Мельнікава. — Мінск: Маст. літ., 1994. — С. 42—57.