§ 24–2. Культура Беларусі ў другой палове XIX ст.

1. Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры Беларусі

Рост нацыянальнай самасвядомасці, зараджэнне і пашырэнне беларускага нацыянальнага руху, навуковае асэнсаванне гісторыі, этнаграфіі, фальклору беларусаў — найважнейшыя фактары, якія наклалі адбітак на развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры народа.

З другой паловы XIX ст. пачалося свядомае шырокамаштабнае вывучэнне Беларусі, яе гісторыі, мовы і культуры. Працы І. Насовіча, П. Шэйна, М. Нікіфароўскага, Е. Раманава, Я. Карскага і іншых вучоных аб'ектыўна засведчылі факт існавання самастойнага беларускага этнасу.

Адметнымі прыкметамі часу сталі развіццё літаратуры і перыядычнага друку на беларускай мове, з'яўленне нацыянальных матываў у тэатральным, музычным і выяўленчым мастацтве.