§ 51.1. Хімія і сельская гаспадарка

Пытанні, заданні, задачы

1. Прывядзіце тры прыклады хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюцца ў сродках догляду жывёл і раслін у вашай сям’і.

2. Растлумачце неабходнасць і назавіце сродкі барацьбы з павышанай кіслотнасцю глебы. Прапануйце спосаб вызначэння кіслотнасці глебы.

3. Растлумачце, на чым заснавана дэзынфекцыйнае дзеянне хлорнай вапны, перманганату калію, гідраксіду натрыю.

4. Штогод ва ўсім свеце разам з ураджаем з палёў выносіцца больш за 3 млн тон фосфару. Разлічыце, колькі тон фосфарзмяшчальнай руды трэба перапрацаваць, каб папоўніць страты фосфару. Утрыманне фосфару ў рудзе па Р2О5 прыміце роўным 41 %. Страты пры перапрацоўцы руды не ўлічвайце.

5. Для дэзынфекцыі памяшканняў на фермах можна выкарыстоўваць прэпарат «Фармалін», які ўяўляе сабой 40%-ны раствор метаналю. Разлічыце аб’ём «Фармаліну», які неабходны для дэзынфекцыі падлогі і сцен у свінарніку памерам 12 × 76 × 6 м3, калі норма расходу пры дэзынфекцыі 0,5 дм3 6%-нага раствору на 1 м2. Шчыльнасць 40%-нага раствору метаналю складае 1,111 г/см3; 6%-нага — 1,017 г/см3.

6. Для эфектыўнай барацьбы з паршой яблыні выкарыстоўваюць бардоскую вадкасць (сумесь меднага купарвасу і свежагашанай вапны ў масавых суадносінах 1 : 0,75). Нормы яе расходу па медным купарвасе складаюць 20 кг/га яблыневага саду. Разлічыце масу кампанентаў для прыгатавання бардоскай вадкасці з мэтай апрацоўкі 2 га яблыневага саду. Ці можна гатаваць бардоскую вадкасць у баках:

  • а) з алюмінію;
  • б) з ацынкаванай бляхі?

7. Агульнапрынята, што ўтрыманне пажыўнага элемента ў азотных угнаеннях пералічваюць на элементарны азот, у фосфарных — на Р2О5, у калійных — на K2O. Ацаніце ў працэнтах утрыманне пажыўных элементаў у чыстых:

  • а) хларыдзе калію;
  • б) фасфаце амонію;
  • в) каліевай салетры.

8. У якіх масавых суадносінах варта выкарыстоўваць азотныя ўгнаенні NH4NO3, (NH2)2CO, KNO3, каб утрыманне ў іх азоту было аднолькавым?

9. Эфектыўным спосабам павышэння ўраджайнасці розных культур з’яўляецца выкарыстанне комплексных угнаенняў, якія ўтрымліваюць два ці тры пажыўныя элементы. Разлічыце, у якіх масавых суадносінах патрабуецца змяшаць аміячную салетру NH4NO3, двайны суперфасфат Ca(H2PO4)2 · H2O і хлорысты калій KCl, каб у мяшаным угнаенні суадносіны мас пажыўных элементаў складалі: m(N) : m(P2O5) : m(K2O) = 1 : 2 : 2. У якіх масавых суадносінах трэба змяшаць амафос NH4H2PO4, карбамід (NH2)2CO і хлорысты калій KCl, каб суадносіны пажыўных элементаў засталіся тымі ж?

10. Бор, малібдэн і марганец з’яўляюцца мікраэлементамі, неабходнымі для жыўлення раслін. Іх утрыманне (па масе) у выпушчаным прамысловасцю суперфасфаце Ca(H2PO4)2 · H2O складае: 0,2 % B, 0,13 Mo %, 1,5 % Mn. Разлічыце масы H3BO3, (NH4)2MoO4, MnSO4 · 5H2O, якія неабходна ўнесці ў 500 кг суперфасфату для атрымання названага ўтрымання ў ім мікраэлементаў.