§ 51.1. Хімія і сельская гаспадарка

Хімічныя сродкі абароны раслін

Супольнае ўздзеянне хвароб, шкоднікаў і пустазелля прыводзіць да страты ўраджаю. Да ўзбуджальнікаў хвароб раслін адносяцца грыбы, нематоды (чарвякі), бактэрыі і вірусы.

Пестыцыды — гэта вялікая група хімічных рэчываў, якія выкарыстоўваюць для абароны раслін. Сучасныя пестыцыды ўяўляюць сабой складаныя арганічныя рэчывы. Яны валодаюць таксічнымі ўласцівасцямі ў адносінах да бактэрый, грыбоў, шкодных насякомых, некаторых відаў пустазелля і цеплакроўных жывёл. Да пестыцыдаў адносяць таксама і рэчывы, якія выклікаюць пажаданыя для чалавека змены ў культываванай расліне: рэгулятары росту, дэфаліянты.

Рэгулятары росту выкарыстоўваюць для падаўлення росту непажаданых у сельскай гаспадарцы раслін і насякомых.

Дэфаліянты выклікаюць заўчаснае старэнне і ападанне лісця («штучны лістапад»), што палягчае ўборку ўраджаю.

Фунгіцыды — хімічныя рэчывы для барацьбы з грыбковымі хваробамі раслін. Як вы ўжо ведаеце, крышталегідраты сульфатаў медзі(II) і жалеза(II) ужываюць для апрацоўкі раслін, драўніны з мэтай абароны ад грыбковых захворванняў.

Трэба памятаць, што многія хімічныя сродкі абароны раслін — гэта таксічныя рэчывы, ядахімікаты. У той ці іншай ступені яны могуць прычыніць шкоду навакольнаму асяроддзю і здароўю чалавека. Таму выкарыстоўваць іх варта вельмі асцярожна: з вадой і ежай яны могуць трапіць у арганізм чалавека і сельскагаспадарчых жывёл. Аднак зусім адмовіцца ад іх нельга, бо іх выкарыстанне дазваляе забяспечыць харчаваннем і іншымі прадуктамі насельніцтва нашай планеты, якое пастаянна расце. Для бяспекі чалавека і аховы прыродных аб’ектаў павінен быць наладжаны кантроль за ўтрыманнем і назапашваннем хімічных сродкаў абароны раслін у навакольным асяроддзі і ў харчовых прадуктах.

Інсектыцыды — хімічныя прэпараты, прызначаныя для знішчэння шкодных насякомых і абароны ад іх раслін, чалавека і жывёл.

Ферамоны — практычна бясшкодныя для людзей пестыцыды. Гэта лятучыя рэчывы, якія вылучаюцца жывёламі, насякомымі, часам раслінамі і забяспечваюць камунікацыю паміж асобінамі аднаго віду. Яны мадыфікуюць паводзіны, фізіялагічны ці эмацыйны стан іншых асобін таго ж віду. У адрозненне ад інсектыцыдаў не маюць таксічнага ўздзеяння на жывёл і навакольнае асяроддзе. Ферамоны, вабячы насякомых, дазваляюць знішчаць значную колькасць шкоднікаў. Многія ферамоны насякомых навукоўцы ўмеюць сінтэзаваць штучна.