§ 51.1. Хімія і сельская гаспадарка

Мінеральныя ўгнаенні і хімічныя меліяранты

Мінеральныя ўгнаенні і хімічныя меліяранты выкарыстоўваюць для павышэння ўрадлівасці глеб і паляпшэння якасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Мінеральныя ўгнаенні — гэта хімічныя злучэнні, якія ўтрымліваюць неабходныя для жыўлення раслін хімічныя элементы. Як вы ўжо ведаеце з матэрыялу § 40, часцей за ўсё расліны адчуваюць недахоп такіх біялагічна значных элементаў, як азот, калій і фосфар, што папаўняецца азотнымі, калійнымі і фосфарнымі простымі або комплекснымі ўгнаеннямі. Акрамя гэтых элементаў, ёсць высокая патрэба раслін у такіх элементах, як Ca, Mg, S, Fe. Іх, як і N, K, P, адносяць да макраэлементаў.

У значна меншых колькасцях расліны адчуваюць патрэбу ў такіх элементах, як Fe, Mn, Zn, Cu, Co, Na, Mo, В і I. Менш запатрабаваныя таксама Na, Si, Se, Cl, Ni і інш. Іх называюць мікраэлементамі. Яны ўзмацняюць імунітэт раслін, перашкаджаюць узнікненню захворванняў, паскараюць шэраг біяхімічных рэакцый.

Для паляпшэння кіслотна-асноўных уласцівасцей глеб праводзяць іх хімічную меліярацыю — унясенне рэчываў, якія рэгулююць рН. Такая неабходнасць абумоўлена тым, што пераважная большасць сельскагаспадарчых культур здольная добра развівацца і плоданасіць толькі ў глебах з нейтральным або блізкім да нейтральнага асяроддзем. Пры вырошчванні на кіслых глебах зніжаецца засваенне раслінамі азоту, фосфару, калію і іншых элементаў, абцяжарваецца развіццё каранёвай сістэмы і абмен рэчываў у каранях, прыгнятаецца жыццядзейнасць карысных мікраарганізмаў.

Панізіць кіслотнасць глебы, гэта значыць павысіць яе рН, можна ўнясеннем у яе гідраксіду кальцыю, які называецца гашанай вапнай, даламіту CaMg(CO3)2, цэментавага пылу, молатага мелу або вапняку (CaCO₃), драўніннага попелу (CaCO3, CaSiO3, K3PO4, Na3PO4).

Напрыклад, нерастваральны карбанат кальцыю пад уплывам СО2, які ўтрымліваецца ў глебе, паступова пераходзіць у растваральны Са(НСО3)2:

СаСО3 + СО2 + Н2О = Са(НСО3)2.

Утвораныя гідракарбанат-іоны нейтралізуюць кіслае асяроддзе:

HCO subscript 3 superscript minus+ H+ rightwards arrow over leftwards arrow H2O + CO2.