Абагульненне па раздзеле «Асноўныя напрамкі ўнутранай палітыкі беларускай дзяржавы»

1. Дайце азначэнні наступным паняццям: гендарная палітыка, дэмаграфічная бяспека, дэмаграфічная палітыка, інавацыя, канфесійная палітыка, маладзёжная палітыка, нацыянальная палітыка, рэгіён, рэгіянальная палітыка.

2. Параўнайце задачы і вызначце ўзаемасувязі:

  • • інавацыйнай і маладзёжнай палітыкі;
  • • дэмаграфічнай і гендарнай палітыкі;
  • • палітыкі ў галіне аховы здароўя і спорту.

3. У міжнародным дакуменце «Кіраўніцтва Осла — Рэкамендацыі па зборы і аналізе даных па інавацыях», прысвечаным інавацыям, адзначаецца: «Інавацыйныя працэсы моцна адрозніваюцца ад галіны да галіны зместам распрацовак, хуткасцю тэхналагічных змен, структурай узаемасувязей і доступам да ведаў, а таксама арганізацыйнымі структурамі і інстытуцыянальнымі фактарамі. Для адных галін характэрны хуткія змены і радыкальныя інавацыі, для другіх — меншыя, паэтапныя змены». У якіх галінах эканомікі Рэспублікі Беларусь у найбольшай ступені рэалізуюцца інавацыі?

4. Назавіце асноўныя фактары, якія вызначаюць дынаміку колькасці насельніцтва Беларусі. Якія асаблівасці сучаснай полаўзроставай структуры насельніцтва нашай краіны? Чаму веды пра полаўзроставую структуру насельніцтва маюць значэнне для развіцця эканомікі і сацыяльнай сферы?

5. Канкрэтызуйце прыкладамі мерапрыемствы дзяржаўнай палітыкі, якія праводзяцца для забеспячэння дзеяння пэўных артыкулаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь утрымлівае наступныя палажэнні:

Артыкул 14. Дзяржава рэгулюе адносіны паміж сацыяльнымі, нацыянальнымі і іншымі супольнасцямі на аснове прынцыпаў роўнасці перад законам, павагі іх правоў і інтарэсаў.

Артыкул 15. Дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, свабоднае развіццё культур усіх нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

Артыкул 16. Рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам.

Узаемаадносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый рэгулююцца законам з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа.

Забараняецца дзейнасць рэлігійных арганізацый, іх органаў і прадстаўнікоў, якая накіравана супраць суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе канстытуцыйнага ладу і грамадзянскай згоды ці звязана з парушэннем правоў і свабод грамадзян, а таксама перашкаджае выкананню грамадзянамі іх дзяржаўных, грамадскіх, сямейных абавязкаў або прычыняе шкоду іх здароўю і маральнасці.

Артыкул 31. Кожны мае права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.

Артыкул 32. Жанчынам забяспечваецца прадастаўленне роўных з мужчынамі магчымасцей у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і вылучэнні па службе (рабоце), у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоў для аховы іх працы і здароўя.

Моладзі гарантуецца права на яе духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё.

Дзяржава стварае неабходныя ўмовы для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці.

Артыкул 50. Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння і ўказання нацыянальнай прыналежнасці.

Знявага нацыянальнай годнасці караецца згодна з законам.

Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання.

6. Валанцёрства (ад лац. voluntarius — добраахвотны) — гэта дзейнасць, якая ажыццяўляецца добраахвотна без разліку на грашовае ўзнагароджанне і накіравана на карысць людзей і грамадства.

Назавіце найбольш буйныя арганізацыі, якія займаюцца валанцёрствам у Рэспубліцы Беларусь. Каму і ў чым гэтыя арганізацыі могуць дапамагчы? Прывядзіце прыклады валанцёрскіх праектаў рознай тэматыкі.

7. У адным з музеяў нашай краіны знаходзіцца найбуйнейшы ў краіне збор беларускага і замежнага мастацтва. У экспазіцыі, філіялах і фондасховішчах знаходзіцца больш за 30 тыс. твораў, якія фарміруюць 20 разнастайных калекцый і складаюць два галоўныя музейныя зборы: збор нацыянальнага мастацтва і збор помнікаў мастацтва краін і народаў свету. Афіцыйная гісторыя музея пачынаецца 24 студзеня 1939 г. Сёння ён з’яўляецца адным з найбагацейшых музеяў Усходняй Еўропы. Пра які музей ідзе размова? Стварыце карту музеяў вашага рэгіёна.

8. Стварыце воблака паняццяў «Унутраная палітыка беларускай дзяржавы».