*§ 17-1. Асновы крымінальнага права

Крымінальная адказнасць і пакаранне.

Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь (1999)

АГУЛЬНАЯ ЧАСТКА

Артыкул 3. Прынцыпы крымінальнага закону і крымінальнай адказнасці

1. Крымінальная адказнасць у Рэспубліцы Беларусь грунтуецца на прынцыпах законнасці, роўнасці грамадзян перад законам, непазбежнасці адказнасці, асабістай вінаватай адказнасці, справядлівасці і гуманізму.

2. Ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства і прыцягнуты да крымінальнай адказнасці інакш, як па прыгаворы суда і ў адпаведнасці з законам. Злачыннасць дзеяння, яго каральнасць і іншыя крымінальна-прававыя наступствы вызначаюцца толькі гэтым Кодэксам. Нормы Кодэкса падлягаюць строгаму вытлумачэнню. Прымяненне крымінальнага закону па аналогіі не дапускаецца.

3. Асобы, якія здзейснілі злачынства, роўныя перад законам і падлягаюць крымінальнай адказнасці незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, стаўлення да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў, а таксама іншых акалічнасцей.

4. Кожная асоба, прызнаная вінаватай у здзяйсненні злачынства, падлягае пакаранню або іншым мерам крымінальнай адказнасці. Вызваленне ад крымінальнай адказнасці або пакарання дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных гэтым Кодэксам.

5. Асоба падлягае крымінальнай адказнасці толькі за тыя здзейсненыя ёю грамадска небяспечныя дзеянні (бяздзеянні) і наступіўшыя грамадска небяспечныя наступствы, прадугледжаныя гэтым Кодэксам, у дачыненні да якіх устаноўлена яго віна, гэта значыць намер або неасцярожнасць. Крымінальная адказнасць за невінаватае прычыненне шкоды не дапускаецца.

6. Пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці павінны быць справядлівымі, гэта значыць устанаўлівацца і прызначацца з улікам характару і ступені грамадскай небяспечнасці злачынства, абставін яго здзяйснення і асобы вінаватага. Ніхто не можа несці крымінальную адказнасць двойчы за адно і тое ж злачынства.

7. Крымінальны кодэкс служыць гарантаванню фізічнай, псіхічнай, матэрыяльнай, экалагічнай і іншай бяспекі чалавека. Асобе, якая здзейсніла злачынства, павінна быць прызначана пакаранне або іншая мера крымінальнай адказнасці, неабходныя і дастатковыя для яе выпраўлення. Пакаранне і іншыя меры крымінальнай адказнасці не маюць на мэце прычыненне фізічных пакут або прыніжэнне чалавечай годнасці.

icon-task

Вызначце асноўныя прынцыпы, на якіх грунтуецца Крымінальны кодэкс, і запоўніце табліцу. 

ПрынцыпЗмест прынцыпу
   
   
   
   
   

Артыкул 12. Катэгорыі злачынстваў

1. Злачынствы ў залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі падзяляюцца на злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, менш цяжкія, цяжкія і асабліва цяжкія.

2. Да злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, адносяцца наўмысныя злачынствы і злачынствы, здзейсненыя па неасцярожнасці, за якія законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін, не большы за два гады, або іншае, больш мяккае пакаранне.

3. Да менш цяжкіх злачынстваў адносяцца наўмысныя злачынствы, за якія законам прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін, не большы за шэсць гадоў, а таксама злачынствы, здзейсненыя па неасцярожнасці, за якія законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін, большы за два гады.

4. Да цяжкіх злачынстваў адносяцца наўмысныя злачынствы, за якія законам прадугледжана максімальнае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін, не большы за дванаццаць гадоў.

5. Да асабліва цяжкіх злачынстваў адносяцца наўмысныя злачынствы, за якія законам прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін, большы за дванаццаць гадоў, пажыццёвага пазбаўлення волі або смяротнага пакарання.

icon-task

Сістэматызуйце даныя аб асноўных відах злачынстваў. 

Від злачынстваХарактарыстыка
Злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі  
Менш цяжкія злачынствы  
Цяжкія злачынствы  
Асабліва цяжкія злачынствы  

Артыкул 21. Віна і яе формы

1. Віна — гэта псіхічнае стаўленне асобы да здзейсненага грамадска небяспечнага дзеяння, выражанае ў форме намеру або неасцярожнасці.

2. Вінаватым у злачынстве можа быць прызнана толькі свядомая асоба, якая здзейсніла грамадска небяспечнае дзеянне наўмысна або па неасцярожнасці.

Артыкул 22. Здзяйсненне злачынства наўмысна

1. Злачынствам, здзейсненым наўмысна, прызнаецца грамадска небяспечнае дзеянне, здзейсненае з прамым або ўскосным намерам.

2. Злачынства прызнаецца здзейсненым з прамым намерам, калі асоба, якая яго здзейсніла, усведамляла грамадскую небяспеку свайго дзеяння або бяздзеяння, прадбачыла яго грамадска небяспечныя наступствы і жадала іх наступлення.

3. Злачынства прызнаецца здзейсненым з ускосным намерам, калі асоба, якая яго здзейсніла, усведамляла грамадскую небяспеку свайго дзеяння або бяздзеяння, прадбачыла яго грамадска небяспечныя наступствы, не жадала, але свядома дапускала наступленне гэтых наступстваў або ставілася да іх абыякава.

Артыкул 23. Здзяйсненне злачынства па неасцярожнасці

1. Злачынствам, здзейсненым па неасцярожнасці, прызнаецца грамадска небяспечнае дзеянне, здзейсненае з-за легкадумнасці або нядбайнасці.

2. Злачынства прызнаецца здзейсненым з-за легкадумнасці, калі асоба, якая яго здзейсніла, прадбачыла магчымасць наступлення грамадска небяспечных наступстваў свайго дзеяння або бяздзеяння, але без дастатковых падстаў разлічвала на іх папярэджанне.

3. Злачынства прызнаецца здзейсненым з-за нядбайнасці, калі асоба, якая яго здзейсніла, не прадбачыла магчымасці наступлення грамадска небяспечных наступстваў свайго дзеяння або бяздзеяння, хаця пры неабходнай уважлівасці і прадбачлівасці павінна была і магла іх прадбачыць.

icon-task
Складзіце ментальную карту «Віна і яе формы». Параўнайце яе з аналагічнай ментальнай картай, складзенай па матэрыялах Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Зрабіце вывад аб дэталізацыі форм віны ў адміністрацыйным і крымінальным праве. 

Артыкул 49. Грамадскія работы

1. Грамадскія работы заключаюцца ў выкананні асуджаным бясплатнай працы на карысць грамадства, від якой вызначаецца органамі, што кіруюць прымяненнем грамадскіх работ.

2. Грамадскія работы ўстанаўліваюцца на тэрмін ад шасцідзесяці да двухсот сарака гадзін. Асуджаныя, якія атрымліваюць адукацыю або маюць сталае месца працы, грамадскія работы адбываюць не больш за чатыры гадзіны на дзень у вольны ад вучобы або асноўнай працы час. Асуджаныя, якія не атрымліваюць адукацыі і не маюць сталага месца працы, грамадскія работы з іх згоды могуць адбываць звыш чатырох, але не больш за восем гадзін на дзень.

3. Па меркаванні суда грамадскія работы могуць прызначацца і ў якасці дадатковага пакарання да штрафу або пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

4. Грамадскія работы не могуць быць прызначены:

1) асобам, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту;

2) асобам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту;

3) цяжарным жанчынам;

4) асобам, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці;

5) інвалідам I і II груп;

6) ваеннаслужачым;

7) замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія не пражываюць пастаянна ў Рэспубліцы Беларусь;

8) асобам, хворым на актыўную форму туберкулёзу.

5. У выпадку ўзнікнення ў перыяд адбывання асобай грамадскіх работ акалічнасцей, прадугледжаных часткай 4 гэтага артыкула, суд па прадстаўленні органа, на які ўскладзена выкананне прыгавору, вызваляе асобу ад далейшага адбывання пакарання.

Артыкул 52. Папраўчыя работы

1. Папраўчыя работы ўстанаўліваюцца на тэрмін ад шасці месяцаў да двух гадоў і адбываюцца на падставе прыгавору суда па месцы працы асуджанага.

2. З заробку па асноўным месцы працы асуджанага да папраўчых работ праводзіцца ўтрыманне ў даход дзяржавы ў памеры, устаноўленым прыгаворам суда, у межах ад дзесяці да дваццаці пяці працэнтаў, але не менш за адну базавую велічыню штомесяц.

3. Папраўчыя работы не могуць быць прызначаны:

1) асобам, якія не дасягнулі шаснаццацігадовага ўзросту;

2) асобам, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту;

3) цяжарным жанчынам;

4) асобам, якія знаходзяцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці;

5) інвалідам I і II груп;

6) ваеннаслужачым і рэзервістам;

7) замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія не пражываюць пастаянна ў Рэспубліцы Беларусь;

8) асобам, хворым на актыўную форму туберкулёзу, якія не маюць сталага месца працы.

4. Замест папраўчых работ прызначаецца абмежаванне па ваеннай службе:

1) афіцэрам;

2) іншым ваеннаслужачым, якія праходзяць ваенную службу па кантракце.

5. Ваеннаслужачым тэрміновай ваеннай службы, а таксама рэзервістам замест папраўчых работ прызначаецца арышт на тэрмін да трох месяцаў.

6. У выпадку ўзнікнення ў перыяд адбывання асобай папраўчых работ акалічнасцей, прадугледжаных часткай 3 гэтага артыкула, суд па прадстаўленні органа, на які ўскладзена выкананне прыгавору, вызваляе асобу ад далейшага адбывання пакарання або замяняе неадбытую частку пакарання на больш мяккае пакаранне.

icon-discussions
Вызначце розніцу паміж наступнымі відамі пакаранняў: грамадскія работы і папраўчыя работы (дзе адбываюцца, на які тэрмін, ці аплачваецца праца); абмежаванне волі і пазбаўленне волі (дзе адбываецца, на які тэрмін). 

Артыкул 55. Абмежаванне волі

1. Абмежаванне волі заключаецца ў накладанні на асуджанага абавязкаў, якія абмяжоўваюць яго волю, і знаходжанні яго ва ўмовах ажыццяўлення за ім нагляду органамі і ўстановамі, што кіруюць выкананнем пакарання.

2. Абмежаванне волі ўстанаўліваецца на тэрмін ад шасці месяцаў да пяці гадоў.

3. Пакаранне ў выглядзе абмежавання волі прызначаецца з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. З улікам асобы вінаватага, характару і ступені грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства, наяўнасці ў яго сталага месца жыхарства суд можа прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Артыкул 57. Пазбаўленне волі на пэўны тэрмін

1. Пазбаўленне волі ўстанаўліваецца на тэрмін ад шасці месяцаў да дванаццаці гадоў, за асабліва цяжкія злачынствы — на тэрмін, большы за дванаццаць гадоў, але не звыш пятнаццаці гадоў, а за асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным замахам на жыццё чалавека або з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў ці аналагаў, або злачынства супраць дзяржавы — на тэрмін, не большы за дваццаць пяць гадоў.

2. Тэрмін пазбаўлення волі за злачынствы, здзейсненыя па неасцярожнасці, не можа перавышаць дзесяці гадоў.

3. Паўналетнім асобам адбыванне пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі прызначаецца ў папраўчых калоніях ва ўмовах пасялення, папраўчых калоніях ва ўмовах агульнага, узмоцненага, строгага або асаблівага рэжымаў ці ў турме.

4. Мужчынам адбыванне пакарання прызначаецца:

1) асуджаным на пазбаўленне волі за злачынствы, здзейсненыя з-за неасцярожнасці, — у папраўчых калоніях ва ўмовах пасялення;

2) асуджаным упершыню на пазбаўленне волі за наўмысныя злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, або менш цяжкія злачынствы — у папраўчых калоніях ва ўмовах агульнага рэжыму;

3) асуджаным упершыню на пазбаўленне волі за цяжкія або асабліва цяжкія злачынствы — у папраўчых калоніях ва ўмовах узмоцненага рэжыму;

4) пры рэцыдыве злачынстваў, калі асуджаны раней адбываў пазбаўленне волі, — у папраўчых калоніях ва ўмовах строгага рэжыму;

5) асуджаным на пазбаўленне волі пры асабліва небяспечным рэцыдыве — у папраўчых калоніях ва ўмовах асаблівага рэжыму.

5. Жанчынам адбыванне пакарання прызначаецца:

1) асуджаным на пазбаўленне волі за злачынствы, здзейсненыя па неасцярожнасці, — у папраўчых калоніях ва ўмовах пасялення;

2) іншым асуджаным на пазбаўленне волі за наўмысныя злачынствы — у папраўчых калоніях ва ўмовах агульнага рэжыму;

3) пры асабліва небяспечным рэцыдыве — у папраўчых калоніях ва ўмовах строгага рэжыму.

6. У залежнасці ад характару і ступені грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства, асобы вінаватага і іншых абставін справы суд з указаннем матываў прынятага рашэння можа прызначыць адбыванне пазбаўлення волі:

1) асуджаным за злачынствы, здзейсненыя з-за неасцярожнасці, — у папраўчых калоніях ва ўмовах агульнага рэжыму;

2) іншым асуджаным на пазбаўленне волі, але пры адсутнасці асабліва небяспечнага рэцыдыву — у папраўчых калоніях ва ўмовах агульнага, узмоцненага або строгага рэжыму.

7. Пазбаўленне волі ў выглядзе заключэння ў турме можа быць прызначана на частку тэрміну пакарання, але не больш чым на пяць гадоў:

1) пры асабліва небяспечным рэцыдыве;

2) паўналетнім асобам, якія здзейснілі асабліва цяжкія злачынствы, асуджаным за іх на пазбаўленне волі тэрмінам звыш пяці гадоў.

8. Па адбыцці асобам, асуджаным на пазбаўленне волі тэрмінам звыш дваццаці пяці гадоў, дваццаці гадоў пазбаўлення волі суд, улічваючы паводзіны асуджанага, стан яго здароўя або ўзрост, можа вызваліць асуджанага ад адбывання часткі пакарання, якая перавышае двадцаць пяць гадоў пазбаўлення волі.

Артыкул 95. Амністыя

1. Амністыя прымяняецца на падставе закона Рэспублікі Беларусь у дачыненні да індывідуальна-няпэўнага кола асоб.

2. На падставе акта амністыі асоба, якая здзейсніла злачынства, можа быць вызвалена ад крымінальнай адказнасці, а асоба, асуджаная за злачынства, можа быць поўнасцю або часткова вызвалена ад пакарання як асноўнага, так і дадатковага, або вызвалена ад пакарання ўмоўна, або такой асобе неадбытая частка пакарання можа быць заменена больш мяккім пакараннем, або яму можа быць знята судзімасць.

3. Калі асоба, умоўна вызваленая актам амністыі ад пакарання, на працягу неадбытага тэрміну здзейсніць наўмыснае злачынства, а таксама злачынства з-за неасцярожнасці, за якое яна асуджаецца на пазбаўленне волі, суд прызначае ёй пакаранне па правілах, прадугледжаных артыкулам 73 гэтага Кодэкса.

Артыкул 96. Памілаванне

1. Памілаванне ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у дачыненні да індывідуальна-пэўнай асобы.

2. На падставе акта памілавання асоба, асуджаная за злачынства, можа быць цалкам або часткова вызвалена ад пакарання як асноўнага, так і дадатковага, або вызвалена ад пакарання ўмоўна, або такой асобе неадбытая частка пакарання можа быць заменена больш мяккім пакараннем, або ёй можа быць знята судзімасць.

3. Калі асоба, умоўна вызваленая актам памілавання, на працягу неадбытага тэрміну здзейсніць наўмыснае злачынства, а таксама злачынства з-за неасцярожнасці, за якое яна асуджаецца на пазбаўленне волі, суд прызначае ёй пакаранне па правілах, прадугледжаных артыкулам 73 гэтага Кодэкса.

icon-task
Параўнайце працэдуры амністыі і памілавання, вызначце іх падабенства і адрозненні. 

АСАБЛІВАЯ ЧАСТКА

Артыкул 188. Паклёп

Распаўсюджанне заведама лжывых звестак, якія ганяць іншую асобу (паклёп) у публічным выступленні, або ў друкаваным творы ці творы, што публічна дэманструецца, або ў сродках масавай інфармацыі, або ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп’ютарнай сетцы інтэрнэт, іншай сетцы электрасувязі агульнага карыстання або вылучанай сетцы электрасувязі, ці паклёп, які ўтрымлівае абвінавачанне ў здзяйсненні цяжкага або асабліва цяжкага злачынства, — караюцца штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.

icon-task
Параўнайце такія правапарушэнні, як абраза і паклёп. Вызначце іх падабенства і адрозненні. 

Артыкул 215. Прысваенне знойдзенай маёмасці

Прысваенне ў асабліва буйным памеры знойдзенай заведама чужой маёмасці або скарбу — караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або арыштам.

icon-discussions
Якім чынам артыкул 215 звязаны з артыкуламі Грамадзянскага кодэкса і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, прысвечанымі знаходцы і скарбу?