*§ 15-1. Асновы працоўнага права
Працоўны дагавор.
Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь (1999)
Артыкул 17. Тэрмін працоўнага дагавора. Тэрміновы працоўны дагавор
Працоўныя дагаворы могуць заключацца на:
1) няпэўны тэрмін;
2) пэўны тэрмін не большы за пяць гадоў (тэрміновы працоўны дагавор).
Калі ў працоўным дагаворы не агавораны тэрмін яго дзеяння, працоўны дагавор лічыцца заключаным на няпэўны тэрмін.
Тэрміновы працоўны дагавор, за выключэннем кантракта, заключаецца ў выпадках, калі працоўныя адносіны не могуць быць устаноўлены на няпэўны тэрмін з улікам характару будучай працы або ўмоў яе выканання:
1) на час выканання пэўнай працы, калі час завяршэння работы не можа быць вызначаны дакладна;
2) на час выканання абавязкаў работніка, які часова адсутнічае, за якім у адпаведнасці з гэтым Кодэксам захоўваюцца месца працы, пасада служачага (прафесія рабочага);
3) на час выканання сезонных работ, калі работы з прычыны прыродных і кліматычных умоў могуць выконвацца толькі на працягу пэўнага сезона;
4) з асобамі, якія прымаюцца на працу ў арганізацыі, створаныя на заведама вызначаны перыяд;
5) з асобамі, якія прымаюцца на пасаду служачага (прафесію рабочага), якую займаў малады спецыяліст, малады рабочы (служачы) да прызыву яго на ваенную службу, накіравання на альтэрнатыўную службу, на перыяд такой службы і на працягу трох месяцаў пасля яе заканчэння;
6) з кіраўніком, намеснікам кіраўніка і галоўным бухгалтарам арганізацыі на перыяд правядзення працэдур, устаноўленых заканадаўствам і (ці) устаноўчым дакументам арганізацыі для прызначэння на адпаведную пасаду служачага;
7) з асобамі, накіраванымі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на аплатныя грамадскія работы;
8) у іншых выпадках, устаноўленых гэтым Кодэксам або іншымі заканадаўчымі актамі.
Па пагадненні бакоў тэрміновы працоўны дагавор можа заключацца:
1) з асобамі, якія прымаюцца на працу адвакатам, які ажыццяўляе адвакацкую дзейнасць індывідуальна, натарыусам, які ажыццяўляе натарыяльную дзейнасць у натарыяльным бюро, фізічнай асобай, якая ажыццяўляе дзейнасць па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, індывідуальным прадпрымальнікам, у мікраарганізацыю;
2) з асобамі, якія паступаюць на працу па сумяшчальніцтве.
Кантракт заключаецца ў парадку і на ўмовах, прадугледжаных гэтым Кодэксам.
Артыкул 19. Змест і ўмовы працоўнага дагавора
Змест і ўмовы працоўнага дагавора вызначаюцца пагадненнем бакоў з выкананнем патрабаванняў, прадугледжаных гэтым Кодэксам.
Працоўны дагавор павінен утрымліваць у якасці абавязковых наступныя звесткі і ўмовы:
1) даныя аб работніку і наймальніку, якія заключылі працоўны дагавор;
2) месца працы з указаннем структурнага падраздзялення, у якое работнік прымаецца на працу;
3) працоўную функцыю. Пры гэтым найменне пасады служачага (прафесіі рабочага) павінна адпавядаць кваліфікацыйным даведнікам, якія зацвярджаюцца ў парадку, вызначаным Урадам Рэспублікі Беларусь, нарматыўным прававым актам, што рэгламентуе дзейнасць работнікаў па асобных пасадах служачых;
4) асноўныя правы і абавязкі работніка і наймальніка;
5) тэрмін працоўнага дагавора (для тэрміновых працоўных дагавораў);
6) рэжым працы і адпачынку (калі ён у дачыненні да дадзенага работніка адрозніваецца ад агульных правіл, устаноўленых у наймальніка);
7) аплату працы работніка.
У працоўным дагаворы могуць прадугледжвацца дадатковыя ў параўнанні з часткай другой гэтага артыкула ўмовы аб устанаўленні выпрабавальнага тэрміну, тэрміну абавязковай працы пасля атрымання адукацыі, не меншым за ўстаноўлены дагаворам, калі навучанне адбывалася за кошт сродкаў наймальніка, і іншыя ўмовы, што не пагаршаюць становішча работніка ў параўнанні з заканадаўствам і калектыўным дагаворам.
Працоўны дагавор можа быць зменены толькі са згоды бакоў, калі іншае не прадугледжана гэтым Кодэксам. У выпадку змянення заканадаўства аб працы ўмовы працоўнага дагавора павінны быць прыведзены ў адпаведнасць з заканадаўствам аб працы.
Артыкул 28. Працоўны дагавор з папярэднім выпрабаваннем
З мэтай праверкі адпаведнасці работніка даручанай яму працы пры прыёме на работу працоўны дагавор па пагадненні бакоў можа быць заключаны з умовай папярэдняга выпрабавання, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных часткай пятай гэтага артыкула.
У перыяд папярэдняга выпрабавання на работніка распаўсюджваецца дзеянне гэтага Кодэкса з асаблівасцямі, прадугледжанымі гэтым артыкулам і артыкулам 29 гэтага Кодэкса, а таксама іншымі актамі заканадаўства аб працы.
Тэрмін папярэдняга выпрабавання не павінен перавышаць трох месяцаў, не лічачы перыяду часовай непрацаздольнасці і іншых перыядаў, калі работнік адсутнічаў на працы.
Умова аб папярэднім выпрабаванні павінна быць прадугледжана ў працоўным дагаворы. Адсутнасць у працоўным дагаворы ўмовы аб папярэднім выпрабаванні азначае, што работнік прыняты без папярэдняга выпрабавання.
Папярэдняе выпрабаванне пры заключэнні працоўнага дагавора не ўстанаўліваецца для:
1) работнікаў, якія не дасягнулі васямнаццаці гадоў;
2) маладых рабочых (служачых), якія атрымалі прафесійна-тэхнічную адукацыю;
3) маладых спецыялістаў, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную, вышэйшую або пасляўніверсітэцкую адукацыю;
4) інвалідаў;
5) часовых і сезонных работнікаў;
6) пры пераводзе на працу ў іншую мясцовасць або да іншага наймальніка;
7) пры прыёме на працу па конкурсе, па выніках выбараў;
8) у іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.
Артыкул 40. Скасаванне працоўнага дагавора, заключанага на няпэўны тэрмін, па жаданні работніка
Работнік мае права скасаваць працоўны дагавор, заключаны на няпэўны тэрмін, папярэдзіўшы пра гэта наймальніка пісьмова за адзін месяц.
Са згоды бакоў і ў выпадках, прадугледжаных у калектыўным дагаворы, працоўны дагавор можа быць скасаваны да заканчэння тэрміну папярэджання.
Работнік мае права да заканчэння тэрміну папярэджання пісьмова адклікаць сваю заяву, калі на яго месца не запрошаны іншы работнік, якому ў адпаведнасці з заканадаўствам не можа быць адмоўлена ў заключэнні працоўнага дагавора.
Пры наяўнасці акалічнасцей, якія выключаюць або значна абцяжарваюць прадаўжэнне працы (стан здароўя, пенсійны ўзрост, радыеактыўнае забруджванне тэрыторыі і іншыя выпадкі), а таксама ў выпадках парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора, пагаднення, працоўнага дагавора наймальнік абавязаны скасаваць працоўны дагавор у тэрмін, указаны ў заяве работніка.
Па заканчэнні тэрміну папярэджання работнік мае права спыніць працу. У апошні дзень працы наймальнік абавязаны выдаць работніку працоўную кніжку (артыкул 50) і зрабіць з ім канчатковы разлік (артыкул 77).
Артыкул 41. Скасаванне тэрміновага працоўнага дагавора па патрабаванні работніка
Тэрміновы працоўны дагавор падлягае скасаванню датэрмінова па патрабаванні работніка ў выпадку яго хваробы або інваліднасці, паступлення на ваенную службу па кантракце і з іншых уважлівых прычын, якія перашкаджаюць выкананню працы па працоўным дагаворы, а таксама ў выпадку парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора, працоўнага дагавора.
Факт парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора, працоўнага дагавора ўстанаўліваецца ўпаўнаважаным органам нагляду за выкананнем заканадаўства аб працы, прафсаюзамі і (ці) судом або можа быць устаноўлены наймальнікам самастойна.
Артыкул 261-2. Змест і ўмовы кантракта
Кантракт павінен утрымліваць, акрамя звестак і ўмоў, прадугледжаных артыкулам 19 гэтага Кодэкса, у якасці абавязковых наступныя звесткі і ўмовы:
1) дні і перыядычнасць (не радзей за адзін раз у месяц) выплаты заработнай платы;
2) правядзенне атэстацыі не радзей за адзін раз у тры гады, калі іншы тэрмін не ўстаноўлены Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;
3) дадатковыя меры стымулявання працы, у тым ліку:
прадастаўленне дадатковага заахвочвальнага адпачынку да пяці каляндарных дзён з захаваннем сярэдняга заробку;
павышэнне тарыфнай стаўкі (тарыфнага акладу) не больш чым на 50 працэнтаў, калі большы памер не прадугледжаны заканадаўствам, а для работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, — надбаўку ў памеры не большым за 50 працэнтаў акладу…
Параўнайце працоўны дагавор, заключаны на няпэўны тэрмін, і кантракт. Вынікі параўнання аформіце ў выглядзе табліцы.
Працоўны дагавор, заключаны на няпэўны тэрмін | Кантракт | |
---|---|---|
Аплата працы | ||
Працягласць адпачынку | ||
Асаблівасці звальнення | ||
Плюсы для работніка | ||
Плюсы для наймальніка | ||
Мінусы для работніка | ||
Мінусы для наймальніка |