*§ 6-0. Навука ў міжнародных адносінах

Напрамкі даследавання сусветнай палітыкі і эканомікі. Міжнародныя адносіны існуюць настолькі даўно, наколькі сацыяльныя сувязі сталі выходзіць за межы адной абшчыны, поліса, дзяржавы. Ёсць і адпаведныя працы, адной з першых лічыцца «Гісторыя Пелапанескай вайны» Фукідзіда, V ст. да н. э. Аднак навука пра міжнародныя адносіны, або міжнародна-палітычная навука, або тэорыя міжнародных адносін, — даволі малады напрамак тэарэтычнага пазнання.

icon-discussions

Ці згодны вы з наступным выказваннем?

«Фундаментальная прырода міжнародных адносін не змянілася. На працягу тысячагоддзя міжнародныя адносіны працягваюць заставацца пастаянна ўзнаўляльнай барацьбой за багацце і ўладу паміж незалежнымі актарамі [суб’ектамі] у стане анархіі. Класічная “Гісторыя” Фукідзіда з’яўляецца такім жа значным кіраўніцтвам да паводзінаў дзяржаў сёння, як і тады, калі яна была напісана, — у V ст. да н. э.» (Р. Гілпін. «Вайна і змены ў сусветнай палітыцы», 1983 г.). 

Як вучэбная дысцыпліна тэорыя міжнародных адносін з’яўляецца ў пачатку ХХ ст., больш сур’ёзны паўсюдны імпульс для свайго развіцця яна атрымала пасля Другой сусветнай вайны, далей — пасля перыяду халоднай вайны. У XXI ст. глабальныя выклікі ў сферы экалогіі, бяспекі, супрацьстаяння пандэміям і міграцыйным крызісам, як і спробы ператварыць міжнародныя адносіны ў экспарт унутрыпалітычных традыцый, каштоўнасцей, падыходаў, робяць распрацоўку фундаментальных асноў міжнародных адносін (як узгадваюць у навуковай літаратуры, «пабудову новай тэорыі міжнародных адносін») вельмі актуальнай.

Аб’ектам вывучэння міжнародна-палітычнай навукі з’яўляюцца міжнародныя адносіны як сукупнасць палітычных, эканамічных, ідэалагічных, прававых, дыпламатычных, ваенных, культурных і іншых сувязей і ўзаемаадносін паміж суб’ектамі, якія дзейнічаюць на міжнароднай арэне.

Асноўнымі суб’ектамі міжнародных адносін з’яўляюцца дзяржавы. Яны ў межах фарміравання сваёй знешняй палітыкі, непарыўна звязанай з нацыянальнымі інтарэсамі, фарміруюць і парадак сучасных міжнародных адносін.

Пачынаючы з ХХ ст. узмацняецца і роля вытворных суб’ектаў — міжнародных арганізацый. Іх рост, пашырэнне функцый, кола ўдзельнікаў адлюстроўваюць працэс праліферацыі міжнародных арганізацый. Асаблівае месца на сучасным этапе займаюць арганізацыі рэгіянальнай інтэграцыі, у межах якіх адбываецца больш цесная кааперацыя і задзейнічаны механізмы больш аператыўнага, прамога рэгулявання шэрагу пытанняў, па якіх дзяржава пагадзілася перадаць свае паўнамоцтвы інтэграцыйным органам (напрыклад, у мытнай сферы). Ва ўсіх рэгіёнах: Азіі, Афрыцы, Еўразіі, Еўропе, Лацінскай Амерыцы, Паўночнай Амерыцы — такіх міжнародных арганізацый інтэграцыйнага тыпу налічваецца не адзін дзясятак.

icon-remember

Успомніце, у якіх міжнародных арганізацыях удзельнічае Рэспубліка Беларусь.

Знайдзіце, што сказана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь наконт удзелу ў міжнародных арганізацыях. 

Акрамя таго, да міжнародных актараў часта адносяць і няўрадавыя арганізацыі, і транснацыянальныя карпарацыі, і (у пэўнай меры) інвалідаў. Разам з тым штодзённая жыццядзейнасць фізічных асоб, няхай і трансгранічнага характару (шлюбы з іншаземцамі, турызм і да т. п.), не з’яўляецца прадметам навукі пра міжнародныя адносіны.

Напрамкі міжнародна-палітычнай навукі — ліберальна-ідэалістычная тэорыя, палітычны рэалізм, марксізм, неалібералізм, неарэалізм і неамарксізм, міжнародная палітэканомія, транснацыяналізм і інш.

РэалізмЛібералізмМарксізмНеарэалізмНеалібералізмНеамарксізм
Дзяржава Дзяржава, ТНК, прыватныя асобы Сацыяльныя класы (у сусветным маштабе) Дзяржавы і іх саюзы Дзяржава, арганізацыі (міжурадавыя і недзяржаўныя) Цэнтр, перыферыя, паўперыферыя «свет-сістэмы»
Максімальная бяспека дзяржавы, прыярытэт нацыянальных інтарэсаў Плюралізм ідэй з прыярытэтам універсальных ідэалаў Звяржэнне панавання сусветнай буржуазіі Абарона нацыянальных інтарэсаў Міжнародная бяспека ў той ступені, у якой не супярэчыць нацыянальным інтарэсам Пераадоленне логікі глабалізацыі, якая набывае вялікую папулярнасць
Сіла, баланс сіл Стварэнне міжнародных арганізацый Сацыялістычная рэвалюцыя Сіла і саюзы для захавання балансу сіл Распаўсюджванне ідэалаў ліберальнай дэмакратыі і рынку «Пазіцыйная вайна», інтэграцыя «перыферыі» і «паўперыферыі»
Фукідзід, Макіявелі, Т. Гобс, Г. Моргентаў Д. Лок, І. Кант, А. Сміт, В. Вільсан К. Маркс, Ф. Энгельс, У. Ленін Б. Бузан, Р. Гілпін, К. Уолц Р. Кохэн, Х. Мілнер С. Амін, І. Валерстайн, Р. Кокс