Абагульненне па раздзеле «Станаўленне інфармацыйнай цывілізацыі»
1. Дайце азначэнне наступным паняццям: глабалізацыя, гуманізм, інфармацыйнае грамадства, навукова-тэхнічны прагрэс, прагрэс, рэгрэс, цывілізацыя.
2. З апорай на дадатковую літаратуру і матэрыялы СМІ ахарактарызуйце ролю і месца Беларусі ў цывілізацыйным працэсе.
3. Запоўніце параўнальную табліцу «Падыходы да вывучэння грамадства».
4. Як узаемазвязаны паняцці прагрэс, гуманізм і глабалізацыя? Выберыце форму прадстаўлення адказу (схема, інфаграфіка, эсэ, плакат, табліца, прэзентацыя і інш.).
5. Складзіце аблокі паняццяў, якія характарызуюць тэхнічны і духоўна-маральны прагрэс на розных этапах гістарычнага развіцця чалавецтва. Сфармулюйце асноўныя крытэрыі прагрэсу.
6. Прачытайце ўрывак з інтэрв’ю В. Сцёпіна газеце «СБ. Беларусь сёння» на Першым беларускім філасофскім кангрэсе (2017 г.). Напішыце на падставе дадзенага фрагмента інтэрв’ю нататкі для маладзёжнага выдання аб трансгуманізме як праяве антрапалагічнага крызісу.
«Адной з праяў антрапалагічнага крызісу з’яўляюцца паскораныя мутацыі генетычнага кода чалавека, выкліканыя забруджваннем навакольнага асяроддзя. Узнікаюць мутацыі, якія разбураюць геном чалавека. Ёсць вялікія дасягненні медыцыны, якія адкрываюць шляхі да іх змянення. Шмат што можа даць генетычная інжынерыя. Але тут адкрываецца новая небяспека. Небяспека пачаць маніпуляцыю з генетычным кодам чалавека і рыхтаваць новага чалавека замест старога, які недасканалы. Ёсць цэлы напрамак, абазначаны як трансгуманізм. Гэта выхад за межы гуманізму. Ён ставіць задачу сканструяваць новую думаючую істоту, якая ўжо і чалавекам не будзе. Гэта будзе постчалавек, які выйдзе на прасторы сусвету заваёўваць свет, а наша планіда складаецца ў тым, каб даць імпульс гэтаму развіццю. Па сутнасці праграма трансгуманізму — гэта шлях да знішчэння чалавека. У гэтым небяспека сучасных тэхналогій, калі мы не паставім іх пад гуманістычны кантроль. Патрэбна сацыяльна-гуманітарная экспертыза. Калі гэтага не рабіць, калі не выбіраць тыя напрамкі развіцця, якія адпавядаюць ідэалу захаваць біясферу, жыццё на Зямлі, захаваць чалавека як частку гэтай біясферы, магчымы самыя катастрафічныя сцэнарыі».
7. Планету Зямля фарміруюць чатыры асноўныя сферычныя абалонкі: літасфера, гідрасфера, біясфера і атмасфера. У ХХ ст. з’явіліся канцэпцыі пра вылучэнні сфер, звязаных з дзейнасцю людзей. Расійскі вучоны Уладзімір Іванавіч Вярнадскі (1863—1945) стаў адным з заснавальнікаў вучэння аб наасферы. Наасфера (ад ст.-грэч. νοῦς — розум, σφαῖρα — шар; даслоўна — «сфера розуму») — сфера ўзаемадзеяння грамадства і прыроды, у межах якой разумная чалавечая дзейнасць становіцца вызначальным фактарам развіцця.
Для развіцця наасферы характэрна:
- • засяленне чалавекам усёй планеты;
- • пераўтварэнне сродкаў сувязі і абмену паміж рознымі краінамі;
- • узмацненне сувязей (у тым ліку палітычных) паміж дзяржавамі;
- • перавага геалагічнай ролі чалавека над іншымі геалагічнымі працэсамі, якія працякаюць у біясферы;
- • пашырэнне межаў біясферы і выхаду ў космас;
- • адкрыццё новых крыніц энергіі;
- • роўнасць людзей усіх рас і рэлігій;
- • павелічэнне ролі народных мас у вырашэнні пытанняў і ўнутранай палітыкі;
- • свабода навуковай думкі і навуковага пошуку ад ціску рэлігійных, філасофскіх і палітычных пабудоў і стварэнне ў грамадскім і дзяржаўным ладзе ўмоў, спрыяльных для свабоднай навуковай думкі;
- • пад’ём дабрабыту людзей, стварэнне магчымасцей не дапусціць недаядання, голаду, галечы і аслабленне ўплыву хвароб;
- • разумнае пераўтварэнне першаснай прыроды Зямлі з мэтай зрабіць здольнай задавальняць усе матэрыяльныя, эстэтычныя і духоўныя патрэбы колькасна нарастаючага насельніцтва;
- • выключэнне войнаў з жыцця чалавецтва.
Якім чынам фарміраванне наасферы звязана з працэсамі глабалізацыі, навукова-тэхнічным і духоўна-маральным прагрэсам?
8. Ніводнае грамадства не з’яўляецца застылым, яно або прагрэсіруе, або рэгрэсіруе. Утопія (ад грэч. «добрае месца») — адлюстраванне ідэальнага грамадскага ладу ў мінулым або ва ўяўнай будучыні. Антыўтопія — процілегласць утопіі — апісанне непажаданага грамадства, якое адштурхоўвае ці палохае; дзеянне найчасцей адбываецца ў будучыні.
Як утопіі і антыўтопіі адлюстроўваюць бачанне грамадскага развіцця? Прывядзіце прыклады сучасных літаратурных і кінематаграфічных твораў гэтых жанраў. Якія дасягненні і праблемы грамадскага развіцця там паказаны?
9. Напішыце эсэ на адну з прапанаваных тэм.
- • «Не цывілізацыі кантралююць дзеянні дзяржаў, а дзяржавы вызначаюць лёс цывілізацый».
- • «Прагрэсіўны рух будзе працягвацца сёння і ў будучыні, нягледзячы на выпадковыя адхіленні».
- • «Будучыня ўжо змяняецца, і гэтыя змены незваротныя» (Э. Ласло).
- • «Заўтра заўсёды позна» (Ф.-М. Сарагоса).
10. Аформіце погляды філосафаў, прыхільнікаў розных падыходаў да тыпалогіі грамадстваў, у выглядзе палемікі ў сацыяльных медыя (каментарыі пад пастом у сацыяльнай сетцы, чат у месенджары і інш.).